Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 ВЕРАСЬНЯ 2008-ГА. ВЫБАРЧЫ ДЗЁНЬНІК. Штодня мы расказваем пра барацьбу за мандаты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.


Факт. Ніхто з дэмакратаў, адказных за выбарчую кампанію, ня ведае, колькі акругаў будуць безальтэрнатыўнымі ў выпадку байкоту. А ўсё так проста…

Лічба. Дзякуючы ўдзелу гомельскіх вэртыкальнікаў у выбарах, сталі вядомыя іхныя заробкі: мэр мае пад чатыры з паловай мільёна штомесяц, а кіраўнік раённай адміністрацыі 1800 даляраў

Асоба. Вылучэнец АДС Андрэй Юркоў у выпадку сваёй перамогі абяцае не карыстацца дэпутацкімі льготамі, пакуль іх ня вернуць выбарцам. Гэтая тэза напалохала горацкіх ідэолягаў

ЛІЧБА

Афіцыйна на сёньня лічыцца, што ў 12 са 110 акругаў выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пройдуць без альтэрнатывы. Ну а наколькі гэтая лічба ўзрасьце, калі свае кандыдатуры зьнімуць зарэгістраваныя кандыдаты ад Аб’яднаных дэмсілаў і Эўрапейскай кааліцыі?

Праваабаронца Алесь Бяляцкі адказаў, што такой інфармацыі пакуль няма.

Не назваў дакладную лічбу і каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка:

“Ня змог я яшчэ знайсьці гэту інфармацыю. Складана мне гэта зрабіць. Ня ведаю, дзе шукаць канцы”.


Шэф-рэдактар "Народнай волі" Святлана Калінкіна цьвердзіць, што апазыцыйныя палітыкі навучыліся добра разважаць, але пазьбягаюць чарнавой працы:

“Самы важкі аргумэнт гэта менавіта матэматыка, а не розныя разважаньні на тэмы, якая ў нас улада, якая ў нас апазыцыя і г.д. Таму, калі трэба размаўляць менавіта з аргумэнтамі, а ня з рознымі сваімі дадумкамі, то, на жаль, іх, як правіла, і няма.

Насамрэч падлічыць вельмі і вельмі проста, таму што ўсе зарэгістраваныя кандыдаты ўжо вядомыя. Іх сьпісы ўжо вывешаны на афіцыйным сайце Цэнтарвыбаркаму. Ёсьць досыць шмат акругаў, дзе засталіся толькі два кандыдаты – ад АДС і ад улады.

Калі кандыдаты ад АДС зьнімуцца з выбараў, дык безальтэрнатыўных будзе акругаў 30, ня менш”.

ФАКТ

Некаторыя з заснавальнікаў грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты: Віктар Гарбачоў – у Барысаве; Аляксандар Цацура – у Салігорску; Арцём Агафонаў – у Любані. А ў Баранавічах, дзе дзьве выбарчыя акругі, – прадпрымальнікі ў кожнай: Мікалай Чарнавус – у Баранавіцкай-Заходняй №5 і Анатоль Пашко – у Баранавіцкай-Усходняй №6.

Сёньня мы даведаліся, што Мікалай Чарнавус будзе судзіцца з акруговай выбарчай камісіяй: чыноўнікі фальшавалі зь ягонымі падпіснымі лістамі:

“Я падаў заяву ў пракуратуру і копію накіраваў Ярмошынай. Сёньня зноў быў у пракуратуры і вырашыў зьвярнуцца ў суд. Хачу дамагчыся справядлівасьці наконт гэтых адзінаццаці подпісаў. Я прадчуваў, што будуць фальшаваньні з боку камісіі. Свае подпісы і дату пакідалі ў падпісным лісьце ўсе без выключэньня выбарцы”.

Ёсьць прэтэнзіі да сфармаванай уладай камісіі ў кандыдата-прадпрымальніка Анатоля Пашко:

прадчуваў, што будуць фальшаваньні з боку камісіі. Свае подпісы і дату пакідалі ў падпісным лісьце ўсе без выключэньня выбарцы
“З боку ўлады – цішыня поўная. Усё сам выбіваеш ад іх. Адзінае добра, што ў Баранавічах цяпер больш як пяць тысяч прадпрымальнікаў. Яны гатовыя за нас ісьці. Гатовыя! Але вы самі ведаеце, як у нас здараецца на выбарах: прагаласавалі за аднаго, а выбралі – другога”.

АСОБА

Апазыцыйнаму кандыдату ў дэпутаты па Горацкай выбарчай акрузе Андрэю Юркову давялося скардзіцца ў Цэнтральную выбарчую камісію на дзеяньні акруговай камісіі, якая зьбіралася блякаваць разьмяшчэньне ў раённай газэце ягонай праграмы.

Гаворыць Андрэй Юркоў:

“Больш за ўсё іх ўзнэрвавала згадваньне пра будаўніцтва АЭС. Я катэгарычна выступаю супраць гэтага і бальшыня людзей, асабліва ў Горках і Горацкім раёне мяне падтрымлівае. Таксама я выступаю за вяртаньне льготаў насельніцтву і ў сваёй праграме бяру абавязак не карыстацца льготамі, калі буду абраным дэпутатам, пакуль яны ня будуць вернутыя тым, каму сёньня найбольш патрэбныя: пэнсіянэрам, студэнтам, інвалідам”.

Паводле Андрэя Юркова, тэлефанаваньне ў Цэнтарвыбаркам нібыта дапамагло. Сёньня пытаньняў у камісіі адносна праграмы ўжо не задавалі.

УРАЖАНЬНЕ

Дзякуючы ўдзелу гомельскіх вэртыкальнікаў у выбарах, сталі вядомыя іхныя заробкі. Так, мэр абласнога цэнтру Аляксандар Бяляеў за мінулы год атрымаў 52 мільёны – амаль па чатыры з паловай мільёна ў месяц. Кіраўніца Савецкага райвыканкаму Гомеля афіцыйна прызналася: яна мае штомесяц троху менш – “усяго” прыблізна 1800 даляраў.

Гамельчукі кажуць, што, мабыць, хутка варта чакаць падвышэньня заробкаў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў – інакш навошта гэтыя двое імкнуцца заняць крэслы ў Авальнай залі, калі цяперашнія дзейныя дэпутаты ад вобласьці Ларыса Кузьняцова і Аляксандар Шаўко зараблялі менш – па тры з паловай мільёна ў месяц.




XS
SM
MD
LG