Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз: памахалі на Расею пальцам ці дубінкаю?


Камэнтар аглядальніка "Свабоды" Яна Максімюка.


Выглядае на тое, што ня толькі ўвесь астатні сьвет, але і сама Масква ня вельмі ведае, як клясыфікаваць рашэньне, якое прыняў ўчора Эўразьвяз наконт Расеі.

Нагадаем, што ўчора ў Брусэлі лідэры краін-сябраў Эўразьвязу пасьля вельмі працяглых дэбатаў пастанавілі замарозіць чарговы раўнд перамоваў з Расеяй аб супрацоўніцтве і партнэрстве да часу, пакуль Масква ня выведзе свае войскі з Грузіі на пазыцыі, на якіх яны знаходзіліся да пачатку канфлікту 7 жніўня.

Адначасова Эўразьвяз яшчэ раз асудзіў „непрапарцыйную” расейскую інтэрвэнцыю ў Грузіі, выказаўся ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі ды заклікаў краіны сьвету не прызнаваць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Вельмі паказальнай была рэакцыя Масквы на гэтую заяву Эўразьвязу. Учора амбасадар Расеі пры Эўразьвязе Уладзімір Чыжоў назваў заяву „няслушным і некарэктным палітычным сыгналам”. Але адначасова ён зазначыў, што „ў цэлым у лідэраў ЭЗ здаровы сэнс прысутнічае”.

А сёньня Міністэрства замежных справаў Расеі выступіла з камэнтарам на сваім інтэрнэт-сайце, у якім сьцьвярджаецца, што „члены ЭЗ праявілі адказны падыход, пацьвердзілі курс на партнэрства з Расеяй, добра ўсьведамляючы значэньне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”.

Паўтару яшчэ раз — гэтак Масква бачыць заяву, якая, прынамсі ў намерах яе аўтараў, мела жорстка асудзіць расейскую агрэсію супраць дэмакратычнай краіны і перакройку палітычнай мапы сьвету. Рэакцыя Масквы гучыць амаль як непрыхаваны зьдзек.

Сёньня Андрэй Несьцярэнка, прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Расеі выказаў перад журналістамі шкадаваньне, што Брусэль ня ўзновіць перамоваў з Масквой аб супрацоўніцтве і партнэрстве. Аднак тон ягонага выказваньня ня сьведчыць, што Масква вельмі смуткуе з гэтай прычыны:

Выклікае шкадаваньне намер падвесіць перамовы пра новую дамову аб партнэрстве, хоць за апошнія два гады ў Маскве ўжо прызвычаіліся да штучных перашкодаў на шляху да гэтага дакумэнту
„Выклікае шкадаваньне намер падвесіць перамовы пра новую дамову аб партнэрстве, хоць за апошнія два гады ў Маскве ўжо прызвычаіліся да штучных перашкодаў на шляху да гэтага дакумэнту. Мы зацікаўленыя ў яго прыняцьці роўна ў такой ступені, як і Эўразьвяз”.

Вельмі зьедліва ўчорашнюю заяву Эўразьвязу пракамэнтавала сёньняшні „The Wall Street Journal”, які прыгадаў вядомую фразу амэрыканскага камэдыйнага актора Робіна Ўільямса: „Спыніцеся! Бо іначай мы вам яшчэ раз скажам — спыніцеся!”

„The Daily Telegraph” назваў свай камэнтар наконт заявы „Эўразьвяз занадта баязьлівы”, а „The Times” — „Business as usual”. Выглядае на тое, што няшмат засталося ў Эўропе аптымістаў, якія вераць, што Эўразьвяз у стане рашуча супрацьставіцца Расеі. А тое, ці з Брусэлю памахаюць на Маскву пальцам ці дубінкаю, як відаць, і самую адрасатку ня надта палохае.
XS
SM
MD
LG