Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гомель: “Міліцыі не было чаго рабіць — давай біць”


“Як вы ставіцеся да таго, што ў міліцыі часам зьбіваюць затрыманых?” На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадар: “Канечне, супраць таго, каб білі. Гэта ж чалавек, а не жывёліна. Жывёліну й тую шкада”.

Спадар: “Напэўна ж, гэта няправільна. Тут цэлая праблема, і яе трэба абдумаць”.

Спадарыня: “Людзі да міліцыі таксама агрэсіўна ставяцца. Але тут усё залежыць ад міліцыянтаў. Як яны да людзей, так і людзі да іх. Калі б яны нармальна размаўлялі, то й людзі б зь імі адэкватна паводзілі сябе. Ім проста трэба навучыцца спакойна і ўраўнаважана размаўляць”.

Спадар: “Вельмі дрэнна стаўлюся. Мы самі траплялі ў такія сытуацыі. На канцэртах цяжкой музыкі да нас падыходзілі амапаўцы й прымянялі сваю сілу. У нас ёсьць такая забава, як слэм. Амапаўцы гэтага не разумеюць, ім гэта не падабаецца, і яны штурхаюць, б’юць”.

Спадар: “Нельга біць. Была сытуацыя, калі забіралі ў пастарунак Цэнтральнага раёну. І там зьбівалі. Мы не супраціўляліся. Нам сказалі праехаць зь імі — і мы паехалі. Прывезьлі, пасадзілі ў клетку. Напэўна, не было чаго рабіць — давай біць”.

Спадарыня: “Кепска мы ставімся да гэтага. Калі ў іх ёсьць нейкае права, то гэта не азначае, што яны павінны людзей біць. Яны проста павінны ўмець размаўляць, тады й людзі да іх будуць ставіцца нармальна”.

Спадар: “Затрымлівалі міліцыянты сябра. Ён, праўда, нападпітку быў. Я падыйшоў, папрасіў адпусьціць яго. Кажу, завяду яго дадому. Дык мне па шыі надавалі: “Ідзі, хлопец…” — і мацюком. Я абурыўся: “Рукі не распускайце”. Яны мацюкаліся: “Ты якое тут маеш права?” — і пачалі біць. Стукнулі кулаком у твар. Я не ўстрымаўся і стукнуў у адказ. Затрымалі, адвезьлі ў Цэнтральны РАУС, паклалі на падлогу й з дапамогай кайданкаў “ластаўку” зрабілі. Я ім кажу: “Палец зламалі!” Пасьля гэтага я нікуды ня скардзіўся, бо гэта бессэнсоўна”.

Спадар: “Калі супраціўленьне аказваюць, то й супрацоўніку міліцыі можна пэўныя дзеяньні ўжываць. А калі не, то гэта — незаконна”.

Спадар: “У кожным выпадку трэба разьбірацца індывідуальна. Магчыма, вінаваты той, каго затрымлівалі. Калі супраціўляецца, прымяняе сілу, то чаму да яго не прымяніць тое ж самае?”

Спадар: “Правы міліцыі павінны быць строга запісаныя ў заканадаўстве, бо кожны міліцыянт лічыць, што ён мае рацыю”.

Спадар: “Гэта кепска, што яны б’юць. З намі трэба вырашаць з дапамогай слоў, а ня гвалту”.

Спадар: “Толькі да крымінальнікаў трэба ставіцца жорстка. А да іншых — нельга”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG