Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы агент: Карымаў загадаў страляць у Андыжане


Былы агент Нацыянальнай службы бясьпекі Ўзбэкістану Ікрам Якубаў заявіў Радыё Свабода, што прэзыдэнт Іслам Карымаў асабіста загадаў страляць у дэманстрантаў у Андыжане ў 2005 годзе.


ГЛЯДЗІ ВІДЭА


Паводле ацэнак міжнародных праваабарончых арганізацый, 13 траўня 2005 году ў горадзе Андыжан ва ўсходнім Узбэкістане, ад куль жаўнераў унутраных войскаў і агентаў службы бясьпекі загінула як найменей некалькі сотняў чалавек. Паводле Якубава, лік забітых таго дня ў Андыжане дасягнуў 1500 чалавек.

Ахвяры Андыжану


Пратэсты былі выкліканыя судом над мясцовымі прадпрыпальнікамі, абвінавачанымі ў экстрэмізме і тэрарызме. Ранкам 13 траўня 2005 году група баевікоў адбіла прадпрымальнікаў з турмы, а потым захапіла будынкі мясцовай адміністрацыі, дамагаючыся адстаўкі прэзыдэнта Карымава. Вечарам, калі на вуліцах Андыжану сабраліся тысячы людзей, урадавыя войскі ўчынілі крывавую разьню.

Якубаў, якому 27 гадоў, служыў афіцэрам Нацыянальнай службы бясьпекі Ўзбэкістану ды быў два гады членам Нацыянальнай рады бясьпекі. Загады прымаў непасрэдна ад прэзыдэнта Карымава. У гэтым годзе ён уцёк з Узбэкістану. Нядаўна папрасіў палітычнага прытулку ў Лёндане. Якубаў, які добра валодае ангельскай мовай, цягам апошніх двух месяцаў распавядаў сваю гісторыю карэспандэнту Радыё Свабода Джэфры Донавану.

Паводле цьверджаньняў Якубава, узбэцкія ўлады самі арганізавалі бомбавыя і іншыя атакі ўнутры краіны, а потым усклалі віну на ісламскіх экстрэмістаў, каб дэманізаваць ісламскую апазыцыю і заслужыць падтрымку ў сьвеце, у якім ісьламскі экстрэмізм стаўся глябальнай праблемай.


Травень 2005-га. Абстраляны будынак тэатру ў Андыжане


У прыватнасьці, Ікрам Якубаў абвінавачвае ўзбэцкі ўрад у арганізацыі бомбавых атакаў у Ташкенце і Бухары вясною 2004 году, калі загінулі 47 чалавек. Гэтае абвінавачаньне пацьвярджае і Крэйг Мэры, былы брытанскі амбасадар у Ташкенце, які дайшоў да такой самай высновы на падставе ўласнай інфармацыі.



Я хачу сказаць наступнае: я не прызнаю Іслама Карымава як законнага прэзыдэнта Узбэкістану
Паводле Ікрама Якубава, сёлета ўвесну ён атрымаў папярэджаньне ад аднаго афіцэра Нацыянальнай службы бясьпекі, што яго могуць арыштаваць, і таму вырашыў уцячы, далучыўшчыся як перакладчык да аднае праваабарончае групы, якая наведвала Лёндан.

Якубаў спадзяецца, што неўзабаве Ташкент выдасьць праз Інтэрпол ордэр на ягоны арышт. Ён не сумняецца, што ва Ўзбэкістане яго чакае сьмяротны прысуд.

„Магчыма, усё гэта выглядае як здрада. Але я хачу сказаць наступнае: я не прызнаю Іслама Карымава як законнага прэзыдэнта Узбэкістану. Прашу вас, запішыце гэтыя словы” — сказаў Якубаў нашаму радыё.

КАЛІ ВЫ МАЕЦЕ ІНФАРМАЦЫЮ, ЗЬВЯЗАНУЮ З ПАДЗЕЯМІ Ў АНДЫЖАНЕ, НАПІШЫЦЕ НАМ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG