Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Лукашэнка правёў выбарчую кампанію ў бронекамізэльцы”

  • Ягор Маёрчык

Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 2 верасьня

Удзельнікі сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў Эўрапейскага зьвязу вырашылі замарозіць перамовы аб партнэрстве з Расеяй, пакуль войскі гэтай краіны не пакінуць тэрыторыю Грузіі. Эўразьвяз таксама асудзіў прызнаньне Расеяй незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і засьцярог іншыя краіны ад аналягічнага кроку.

Пэнсіянэр, навуковец, Менск: “Дарагая “Свабода”, выказваю сваё меркаваньне. Пуцін зь Мядзьведзевым стварылі на тэрыторыі Грузіі нешта падобнае да ГДР, дзьве дзяржавы: Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, якія, як кажа Мядзьведзеў, “будуць незваротна знаходзіцца ў яднаньні з Расеяй”. Цяпер кожнаму вядома, што сталася з ГДР у Нямеччыне. Тое самае адбудзецца з Паўднёвай Асэтыяй і Абхазіяй у Грузіі. Трэба толькі пачакаць”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:

Спадар: “Хачу праз ваша радыё зьвярнуцца да спадара Лябедзькі. Спадар Лябедзька, наколькі мне вядома, вы імкняцеся прайсьці ў дэпутаты. Мяне цікавіць, на што вы разьлічваеце? Няўжо вы забыліся, што калі ў Беларусі быў неўраджайны год, урад размаўляў з Чэхіяй наконт пастаўкі зерня. На берасьцейскім аддзяленьні чыгункі былі пабудаваныя перагрузачныя збудаваньні. А дзякуючы вашым высілкам усе гэтыя пастаўкі былі сарваныя. Няўжо вы думаеце, што людзі забыліся пра гэта? Так што не разьлічвайце прайсьці ў дэпутаты. І няма чаго скаргі падаваць”.

Слухачу адказвае лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Гэтае выказваньне з той самай сэрыі, што і заявы беларускага радыё, што мой бацька служыў у паліцыі. Хоць мой бацька і нарадзіўся ў 1937 годзе, але ў 4 гады ня мог супрацоўнічаць ні з паліцыяй, ні з Адольфам Гітлерам. Тое самае і пра пшаніцу. Былі заявы, што Беларусь хацела атрымаць збожжа, але дрэнная апазыцыя зьвярнулася, каб збожжа ці крэдыт на яго не даваць. Чалавек недзе нешта чуў, але абсалютна ня ведае, пра што ідзе размова. Прабачце, але гэта ўжо надакучыла ня толькі мне, але і выбарцам. У дэпутаты прарвацца не хацеў, бо ведаю, што там галасы ня лічаць. Але вось сказаць праўду, і ня толькі пра пшаніцу і майго бацьку-“паліцая”, а пра тое, што мы можам даць людзям і што робіцца ў краіне — вось гэта я хачу данесьці да людзей”.

Наступнае тэлефанаваньне:

Яўген Бяласін, Берасьце: “Я зьяўляюся даверанай асобай Аляксандра Меха, кандыдата ў дэпутаты па Кобрынскай акрузе нумар 12. Пытаньне да спадара Навумчыка. Учора падчас сустрэчы з выбаршчыкамі, на якой быў спадар Кучынскі, дзейны дэпутат, спадар Кучынскі, агучыў наступную інфармацыю, што нібыта ён знаёмы зь Сяргеем Навумчыкам і яны разам былі ў 90-х гадах у Азэрбайджане. І нібыта, калі яны толькі прыехалі ў Азэрбайджан, Сяргей Навумчык адразу пацягнуў яго ў тамтэйшы фронт, там, дзе страляюць, дзе бомбы. Як вы пракамэнтуеце гэтую заяву?”

Дамо слова дэпутату Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Сяргею Навумчыку:

“Сапраўды, летам 92-га я і Віктар Кучынскі былі накіраваныя Вярхоўным Саветам у якасьці назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Азэрбайджан. Мы хацелі паехаць у самы складаны рэгіён — гэта тады была Нахічэвань. Мы прыляцелі туды. Мяне запрасілі на сустрэчу з актывістамі азэрбайджанскага народнага фронту. Прыйшло прыблізна каля сотні ўзброеных людзей. Тады там адбываліся баявыя дзеяньні і тое, што там былі ўзброеныя людзі, гэта натуральна. Я выступаў перад імі. Калі ўжо казаць пра зброю, там і падарункі былі адпаведныя. І мне, і Кучынскаму падарылі па бронекамізэльцы. Праз 2 гады, калі былі выбары, я прапанаваў Зянону Пазьняку бронекамізэльку. Ён так на мяне паглядзеў, што я болей такой прапановы не рабіў. А вось Аляксандар Лукашэнка, наколькі я ведаю, правёў выбарчую кампанію ў той бронекамізэльцы, якую Кучынскі прывёз з Азэрбайджану”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG