Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адбывалі пакараньне ў турмах палітвязьні журналіст Павал Шарамет, грамадзкі актывіст Уладзімер Плешчанка і экс-амбасадар Міхаіл Марыніч.


Журналіст Павал Шарамет. Быў зьняволены 26 ліпеня 1997году паводле абвінавачаньня ў незаконным пераходзе беларуска-літоўскай мяжы. Вызвалены 7 кастрычніка 1997 году. Правёў за кратамі 74 дні.


З турэмнага дзёньніку Паўла Шарамета

“Кладуся на нары. Хвілінаў праз дзесяць пачынае нямець рука, потым -- нага, потым уся правая частка цела. Пераварочваюся на другі бок -- усё паўтараецца…З “таўчка” страшэнна сьмярдзіць -- невялікую трубу ад каналізацыі адмыслова вывелі наверх, і камэра цалкам запоўненая смуродам.

Зьняволеныя пачынаюць губляць здароўе і прытомнасьць яшчэ на шляху ў турэмную камэру. У часе этапаваньня ў перапоўненых “аўтазаках” ці ў часе чаканьня абражальнай працэдуры пэрсанальнага дагляду. Гэта чаканьне адбываецца ў так званых “стаканах” - “каменных мяшках”, памерам мэтар на мэтар. У “каранцінах” няма ні матрацаў, ні бялізны, а замест чатырох чалавек могуць сядзець 20. Лекары ня раяць галадаць у турмах. Разам з адсутнасьцю нармальнага паветра ды дэфіцытам руху голад можа прывесьці да цяжкай інтаксыкацыі арганізму. Тым ня менш, зьняволеныя ідуць на гэты крок…”


Уладзімер Плешчанка. Быў зьняволены 2 верасьня 1998 году паводле абвінавачаньня ў крадзяжы бюста Суворава.. Выйшаў на свабоду 26 траўня 1999 году. Быў за кратамі 267 дзён. 20 траўня 2006 году памёр ад сардэчнае хваробы на 58-м годзе жыцьця

Успамін дачкі Натальлі.

"Калі я на судзе ўбачыла бацьку, то не пазнала яго. Зусім! Ён усё прасіў, каб перадавалі ў турму перш за ўсё сала й часнык. І мы перадавалі, каб пратрымаўся там, каб здароўе захаваць. А як яго прывезьлі -- такі пастарэлы й зьнясілены, што проста жах! І яго вызвалілі з-пад варты проста ў залі суду, прызналі невінаватым. Толькі потым ён распавёў, у якіх умовах яго трымалі, -- у камэры, дзе нават спалі па чарзе, бо на 2-3 зьняволеных было адно спальнае месца”.



Экс-міністар і экс-амбасадар Міхаіл Марыніч. Быў зьняволены 26 красавіка 2004 году, выйшаў на свабоду 14 красавіка 2006 году. Правёў за кратамі 719 дзён.

У турме ў Міхаіла Марыніча здарыўся інсульт, у яго адабралі лекі, фактычна не было дапамогі. У турме яго прызналі інвалідам другой групы прызналі Міхаіла Марыніча дактары з мэдычна-рэабілітацыйнай экспэртнай камісіі Міністэрства аховы здароўя, якія агледзелі вязьня ў рэспубліканскім турэмным шпіталі. Жонка Міхаіла Марыніча Тацяна пра сваю сустрэчу з мужам:

“Мы бачыліся праз шкло, але ўсё роўна — вялікае шчасьце, што мы ўбачыліся. Ён пачуваецца крыху лепей, цяпер ён у шпіталі. Пасьля кропельніцы адчувальнасьць у яго падвысілася. Але ўсё роўна, здароўе ня лепшае: вільгаць і холад у турме робяць сваю справу. Нармальна лячыцца ў турэмным шпіталі ўсё адно немагчыма, ён марыць пра тое, як будзе лячыцца ў цывільным шпіталі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG