Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына: 25 крымінальных спраў за гандаль людзьмі


Гомельская рэгіянальная ўправа барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю затрымала двух жыхароў Чачэрскага раёну. Іх вінавацяць у незаконнай вярбоўцы беларускіх грамадзянаў дзеля эксплёатацыі на будоўлях Расеі.

Устаноўлены ўжо больш за дзесяць асобаў, якія пацярпелі ў выніку такога штукарства чачэрскіх вярбоўшчыкаў. Пацярпелыя – ня толькі жыхары Гомельшчыны, але й Магілёўскай вобласьці.
Карэспандэнт радыё “Свабода” зьвярнуўся да супрацоўніка міліцэйскай управы Ўладзімера Бухаўцова, які займаецца дасьледаваньнем незаконнай вярбоўкі.
Карэспандэнт: “Можа, вы дасьцё нейкі камэнтар наконт працоўнага рабства, якім займаліся людзі з Чачэрку”?
Бухаўцоў: “Цяпер гэта зрабіць няма магчымасьці. Мы канстатуем, што маем на ўвазе толькі Гомельскую вобласьць, а з другіх абласьцей зьвестак пакуль няма. Праца ў гэтым накірунку вядзецца. Пра вынікі скажам, калі будзе закончана папярэдняе сьледзтва”.
Схема эксплёатацыі беларускіх грамадзянаў на будоўлях суседняй дзяржавы добра апрабаваная папярэднікамі чачэрскіх вярбоўшчыкаў. Людзей завабліваюць абяцаньнямі высокіх заробкаў і неблагіх ўмоваў побыту. Але на практыцы ўсё наадварот. Калі людзі завяршалі працу на будоўлі, зь імі нават не разьлічваліся.
Адзін з жыхароў Буда-Кашалёўскага раёну, завербаваных на працу ў Падмаскоўе, распавёў пра ўласны досьвед:
“Жылі прама на будоўлі. Працавалі бяз выхадных – з васьмі раніцы да 8 вечара. Абяцалі па тысячы даляраў на месяц. За чатыры з паловаю месяцы далі дзьве з паловаю тысячы расейскіх рублёў. Забіралі пашпарты – усе дакумэнты. Бяз пашпартаў нікуды ж не паедзеш. Пасьля пашпарты аддалі – і мы адтуль уцяклі”.
Пацярпелы нядаўна даў паказаньні ў Гомельскім абласным судзе, дзе ўжо блізу трох месяцаў ідзе судовы працэс над групоўкай вярбоўшчыкаў “жывой сілы” ў суседнюю Расею. Іх, як і двух чачэрскіх жыхароў, вінавацяць у крымінальным бізнэсе паводле артыкулу 181 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – “Гандаль людзьмі”.
Усяго па матэрыялах рэгіянальнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю сёлета распачата 25 крымінальных спраў за гандаль людзьмі й незаконнае працаўладкаваньне за мяжой.
XS
SM
MD
LG