Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Расея кінула выклік свабоднаму сьвету"


Што пішуць заходнія мэдыі пра грузінска-расейскі канфлікт? Агляд публікацый у “Wall Street Journal”, “Financial Times” і “International Herald Tribune”.


"Расея кінула выклік свабоднаму сьвету” — піша амэрыканскі палітоляг Артур Герман у сёньняшнім „Wall Street Journal”, карыстаючыся выразам „свабодны сьвет” — крыху ўжо прызабытым штампам з часоў „халоднай вайны”, які акрэсьліваў краіны на захад ад „жалезнай заслоны”. (Варта прыгадаць, што акрамя „свабоднага сьвету” і „камуністычнага сьвету” быў яшчэ тады і „трэці сьвет”). Паводле Германа, сёньня Расея, Іран і Вэнэсуэла ўтвараюць „вось багатых на нафту дыктатарскіх краінаў, якія супрацоўнічаюць, каб супрацьстаяць лібералізуючым тэндэнцыям глябалізацыі”. Аўтар параўноўвае гэтую „новую вось зла”, да „жалезнай восі”, якую ў 1930-тых гадах мінулага стагодзьдзя ўтваралі Нямеччына, Італія і Японія.

Як у сёньняшнім сьвеце змагацца з гэтай „восьсю”? Герман лічыць, што „шырокая стратэгія эканамічных санкцый і шматбаковай дыпляматыі — разам з рашучым намаганьнем зьбіць цэны на нафту праз павелічэньне паставак і ўзмацненьне даляра — можа ўнесьці тон цьвярозага рэалізму ў стратэгію гэтай новай восі”.

Амэрыканскі палітоляг Дэйвід Філіп таксама лічыць, што Захад павінен даць Расеі недвусэнсоўна адчуць, што яна перайшла мяжу дазволенага, калі ўварвалася ў Грузію, а потым прызнала ў аднабаковым парадку незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. На думку Філіпа, які выкладае яе ў сёньняшнім нумары „Financial Times”, Захад павінен у першую чаргу зрабіць палітычныя крокі: прыпыніць удзел Расеі ў „вялікай васьмёрцы”, заблякаваць працэс прыёму Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю і Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця. Эўразьвяз павінен прыпыніць перамовы з Масквой након новай дамовы аб супрацоўніцтве і партнэрстве ды зьмякчэньні візавага рэжыму. Аўтар не выключае таксама ўвядзеньня эканамічных санкцый супраць тых расейскіх фірмаў, якія пачнуць інвэстыцыі ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Сталы аўтар „International Herald Tribune” Роджэр Коэн лічыць, што Захад разьвязаў рукі Маскве ў апэрацыі ў Грузіі, калі на саміце НАТО ў Бухарэсьце не запрапанаваў Грузіі і Ўкраіне ані членства ў гэтым альянсе, ані нават пляну яго набыцьця, а даў усяго абяцанку, што ў нейкай нявызначанай будучыні гэтыя краіны могуць стацца сябрамі НАТО. Паводле Коэна, гэта перасьцярога для цяпераншяга саміту Эўразьвязу ў Брусэлі — нельга даваць пустыя абяцанкі, якія не вядома як выконваць.

Паводле Коэна, Захад павінен даць прэзыдэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі ўсебаковую дапамогу, падтрымаць незалежнасьць Украіны, а на спатканьні міністра замежных справаў краінаў НАТО ў сьнежні — прапанаваць плян дасягненьня членства ў НАТО для Кіева і Тбілісі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG