Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашы школы ў розных стагодзьдзях


Хто больш хвалюецца з нагоды першага дня ў школе — дзіця ці яго бацькі? На гэтае пытаньне я марна стараўся адказаць сабе, калі напрыканцы жніўня мы з жонкай завезьлі нашу шасьцігадовую Марылю на першыя школьныя заняткі ў прыгарадзе Прагі. Марыля расплакалася сярод дзяцей, якіх убачыла першы раз, і мы ледзь угаварылі яе застацца.


Мы вярталіся з жонкай дахаты са сьціснутымі сэрцамі яшчэ і таму, што аддалі дачку ў амэрыканскую школу, а Марыля па-ангельску — ні ў зуб. Нам не захацелася вучыць яе яшчэ адной мове — няхай ужо працуюць настаўнікі. У свае шэсьць гадкоў дачка бойка гаворыць па-падляску (наша хатняя мова) і па-чэску (правяла два гады ў чэскім садзіку) ды вельмі сьмешна, але больш-менш зразумела, па-польску (навучылася, на наша зьдзіўленьне, сама, гледзячы польскія мульцікі ў тэлевізары). А таму ў выпадку ангельскай мовы — мы кінулі яе адразу ў глыбокую ваду: калі ужо сяк-так агорала тры іншыя мовы, то і тут не павінна ўтапіцца.

Тым ня менш, нейкі асадак няўпэўненасьці і боязі застаецца. У Марыльчынай клясе 18 дзяцей, а яна пакуль што можа свабодна пагаманіць толькі зь Міланам, які ведае польскую мову, ды Каткай, якая гаворыць па-чэску.

Але школа зь дня ў дзень падабаецца ёй больш і больш. Ужо і плакаць перастала, калі ўраньні пакідаю яе на занятках.

Калі я ішоў першы раз у сваю школу на Беласточчыне, а было гэта 43 гады таму, бацькі мяне не праводзілі, а даручылі апецы нашых хутаранскіх суседзяў, Лёні і Колі, якія і завялі мяне на першыя заняткі ў суседняй вёсцы, якая завецца Гародчынам. Лёня хадзіў ужо ў сёмую клясу, а Коля, мабыць, у трэцюю, хоць павінен быў быць у пятай або шостай, калі б яго не пакідалі на другі год.

У маёй першай клясе было 13 дзяцей, і ўсе яны гаварылі па-падляску, а па-польску — ні ў зуб. Але гэта была малая бяда, бо амаль усе нашы настаўнікі — акрамя дырэктаркі, якая была прыежджай полькай і гаварыла выключна па-польску, хоць і разумела па-нашаму — былі падляшукамі, і калі ўжо моцна хацелі нешта нам растлумачыць, дык гаварылі па-свойму.

У маёй першай клясе было дзьве Ніны, адна Надзя, тры Вані, чатыры Колі (прытым у дзьвюх зь іх было аднолькавае прозьвішча), Жэнік, Пеця і Віця. У другой клясе пачалі вучыць нас беларускай мове, якая нас даволі сьмяшыла сваім дзеканьнем і цеканьнем, але была больш-менш зразумелая. Тое, што гэта была наша нацыянальная мова, і што мы — беларусы, пачало даходзіць да нас значна пазьней.

Але, акрамя таго, што я ішоў першы раз у школу з „дарослымі” Лёнем і Колем, мне нічога больш не запомнілася з таго дня.

Ды ўсё ж — чаму першы дзень у школе так важны? Гэта нейкая экзыстэнцыяльная мяжа?

Думаю, што так. З пачаткам фармальнай адукацыі для дзіцяці сканчаецца час, калі тата з мамай захінаюць яго ад усялякіх пасяганьняў вонкавага сьвету. Ідучы ў школу, дзіця пачынае ўсьведамляць сабе, што яно мае нейкую ролю ў грамадзтве, і што гэтая роля напісаная ня татам і мамай, а яшчэ некім іншым. Сканчваецца тое, што мы можам назваць, пры недахопе адэкватнага акрэсьленьня, раем на зямлі — шчасьлівым і бестурботным маленствам. Дзяцінства працягваецца, але яно ўжо пазначанае аблачынкамі і хмаркамі расчараваньняў.

У школе дзіця ўпершыню ўваходзіць у плынь прамываньня мазгоў, каб спакваля стацца істотай, якую старажытныя грэкі называлі „палітычнай жывёлінай”. Усё, што мне спатрэбілася ў жыцьці, я навучыўся ў дзіцячым садку — гэтак, больш-менш, гучыць загаловак аднае іранічнае кніжкі амэрыканскага аўтара. Далей, „па-за дзіцячым садком” — гэта час, калі ў штораз большай ступені сьвет патрабуе ад нас, а ня мы ад сьвету.

У маёй першай школе ў Гародчыне, куды яшчэ хадзілі дзеці з Козьлікаў і Ляхоў, я ўпершыню ўбачыў тэлефон і як ім карыстаюцца. Ды таксама — тэлевізар. Кажучы метафарычна, у той школе я пакінуў 19-тае стагодзьдзе і ўвайшоў у 20-тае. У 1965 годзе.

Мае бацькі ня надта згадвалі свае школы, бо, відаць, і не было чаго згадваць. Бацькі нарадзіліся ў пачатку 1930-х гадоў і ў польскую школу пайшлі якраз перад крахам перадваеннай Польшчы.

Мама кажа, што яна яшчэ сяк-так хадзіла ў савецкую школу ў Кленіках, калі саветы „вызвалілі” нас у верасьні 1939 году, а потым — у нямецкую, калі немцы пагналі саветаў у 1941. Але калі зноў настала Польшча, у 1944, ейная маці, а мая бабця Марыя, не пусьціла яе ў школу, бо трэба было працаваць на гаспадарцы ды вучыць малодшых братоў і сёстраў. Ейнага бацьку, як „кулака”, саветы турнулі за Ўрал у 1940 г., адкуль ён ужо не вярнуўся.

А мой бацька — зь Ляхоў, што поблізу Кленікаў — савецкі і нямецкі перыяд, хутчэй за ўсё, „прасьвістаў” — наш хутар быў, мусіць, занадта далёка ад нейкай школы, а ваенная асьветная сыстэма ня надта прыдзірлівая, калі ішлося пра наведваньне заняткаў.

Бацькі ўмелі чытаць і па-польску, і „па-руску” (гэта значыць, па-расейску, па-беларуску і па-царкоўнаславянску), але „дробаў” ужо ня ведалі. Мы з братам навучылі іх, як прыводзіць дробы да агульнага назоўніка, адно ў палове 1970-тых, калі дзяржава пастанавіла падвучыць сялянаў, у якіх не было базіснай адукацыі, і арганізавала ім зімовыя курсы, на якіх іх вучылі множыць і дзяліць дробы ды рабіць разбор сказаў, вызначаючы ў іх дзейнік і выказьнік. („Мне вашы дзейнік з выказьнікам не патрэбныя, мне папера патрэбная” — пагаворваў мой бацька. Папера аб заканчэньні гэткіх паскораных курсаў была бацьку патрэбная, каб атрымаць у будучыні сялянскую пэнсію. Інакш кажучы, камуністычная ўлада за вушы выцягвала нашых бацькоў з 19-тага стагодзьдзя ў дваццатае. У палове 1970-тых.)

Ды, нягледзячы на гэтыя часавыя ды цывілізацыйныя зрухі і разрэзы ў адукацыі маёй сям’і, была ўсё-ткі адна рэч агульная для ўсіх нас — у ні адной школе не вучылі нас на нашай роднай мове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG