Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Халера ў Гомелі? <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Бактэрыі халеры

Бактэрыі халеры

Гомельскі гарвыканкам праз афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі папярэдзіў гараджанаў, каб не набывалі прадукты харчаваньня на несанкцыянаваных рынках.


У горад могуць патрапіць харчы з суседняй Украіны, дзе нядаўна з-за моцных ліўняў была вялікая паводка. Шмат дзе размыла каналізацыю, падтапіла жывёлагадоўчыя фэрмы, пагосты. Спэцыялісты не выключаюць выбухаў вострых кішэчных інфэкцый, у тым ліку нават халеры.

Нягледзячы на папярэджаньні, стыхійны гандаль у Гомелі блізу вакзалаў, на бойкіх вуліцах не спыняецца. І купляюць людзі ня толькі прамысловыя вырабы, але й харчы — тварог, малако, цукеркі, шакалядкі, кансэрвы, каўбасу, рачную рыбу.

Чаму ж гараджане паводзяць сябе так неабачліва, не зважаючы на папярэджаньні ўладаў? Тым больш што на стыхійныя рынкі могуць патрапіць і заражаныя радыяцыяй харчы.


“Дзе даводзіцца, там і купляем. А што, на пэнсію можна пражыць? Калі схадзіць разоў пяць у краму, дык і пэнсіі ня хопіць. Што там дабавілі? Дабаўляюць, а ў магазынах усё ў дзесяць разоў даражэе”, - гаворыць гомельская пэнсіянэрка.

Спадарыня Кацярына кажа, што імкнецца харчы купляць у крамах. Але не заўсёды:

“Шукаеш, што таньней. Цяпер у Беларусі й ва Ўкраіне — усё аднолькава. Радыяцыя гэтая… Мы ўжо нічога не баімося — перабаяліся. Нам ужо розьніцы няма: што будзе, тое й будзе — абы толькі таньней. Заплаціш за кватэру, а пасьля разважаеш: што купіць, а паўз што прайсьці”.


Пэнсіянэрка, якая не схацела назваць сваё імя, сьцьвярджае, што ня толькі на вуліцы, але й у краме можна нарвацца на няякасную прадукцыю:

“Тваражок купіла, кусочак застаўся, дык, прабачце мяне, ведаеце, чым ён засьмярдзеў? Кал лепей сьмярдзіць, чым тваражок. Вось вам і ў краме”.



Пасьля Чарнобыльскай катастрофы тутэйшы люд збольшага прызвычаіўся да розных нечаканасьцяў. Нават радыяцыйная сытуацыя не выглядае цяпер нечым экстрэмальным. На радыяцыйных землях сеюць збожжа, бульбу, іншыя культуры. Сёлета ў рэгіёне рапартуюць пра мільённы намалот збожжа.

І няважна, што, напрыклад, у тым жа Хойніцкім раёне практычна ўсё збожжа заражанае стронцыем. Нават навукоўцы ня бачаць у радыяцыі асаблівай бяды.

Меркаваньне навуковага супрацоўніка Інстытуту радыялёгіі Аляксея Самусева:

“Унось калій — і ўсё будзе ў парадку: цэзій будзе ляжаць у зямлі. Ужо ж прайшло дваццаць два гады. Амаль адбыўся паўраспад. Ужо ў любым выпадку ў два разы радыяцыя зьмяншаецца, нават калі б мы нічога не рабілі. А мы ж яшчэ контразахады робім. Засталася праблема стронцыю, але ня ўсюды. Калі поле заражана 0,5 кюры на стронцый, то збожжа атрымліваецца ў межах дапушчальных узроўняў. Калі дзе вышэй, імкнуцца людзі ня сеяць. І мясцовыя ўлады павінны іх стрымліваць”.

XS
SM
MD
LG