Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маладзечне толькі адна беларускамоўная кляса


Агляд недзяржаўнага друку 1 верасьня.

“Рэгіянальная газэта”. «Што нас чакае заўтра?» Сёлета ў Маладзечне сфармаваная толькі адна беларускамоўная кляса. А яшчэ колькі год таму ў беларускамоўныя клясы прымалі на конкурснай аснове. Па інфармацыі РАНА выбраць беларускамоўнае навучаньне можна ў чатырох установах: школах № 1, 5, 9 і гімназіі №10.
«Але калі мы патэлефанавалі па школах, аказалася, што першая кляса зь беларускай мовай ёсьць сёлета толькі ў школе №9, – распавядае журналіст Сяргей Зянько. – Як патлумачыла намесьнік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Валянціна Прыпутневіч, гэта кляса з мастацкім ухілам, у якую бацькі аддалі дзетак з псыхафізычнымі асаблівасьцямі разьвіцьця. Іншых беларускамоўных клясаў сёлета ў горадзе Маладзечна няма».
«Вечерний Брест». «Адукацыя (не) па кішэні». Сёлета больш як 40 тысяч першакурсьнікаў будуць вучыцца на так званай платнай аснове. Журналісты выданьня параўноўваюць кошты ў розных ВНУ краіны. Навучаньне на фінансава-прававым факультэце Баранавіцкага ўнівэрсытэту абыйдзецца ўдвая таньней, чым на аналягічных спэцыяльнасьцях сталічных унівэрсытэтаў.
«Белорусы и рынок». «Перадпродажная падрыхтоўка». Канцэрн «Белнафтахім» плянуе да 1 сьнежня завершыць аб'яднаньне «Нафтана» і «Паліміра» і да канца году ўнесьці прапановы ва ўрад па прыцягненьні інвэстара ў аб'яднанае прадпрыемства. Намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Міхаіл Асіпенка пакуль не адказаў, калі адбудзецца прыватызацыйная зьдзелка – умовы і тэрміны прыватызацыі будзе прымаць кіраўніцтва краіны. Патэнцыйных пакупнікоў двое: гэта расейскія нафтавыя кампаніі «Лукойл» і «Раснафта». Зараз абедзьве кампаніі рыхтуюць бізнэс-пляны.
“Белгазета”. Асноўная тэма тыднёвіка – перамога барысаўскага БАТЭ над баўгарскім клюбам “Леўскі” і выхад у групавы этап Лігі чэмпіёнаў.
“У палітычнай частцы камэнтара да гэтай падзеі мы адзначаем, што калі б гэта адбылося год назад, сьвяткаваньняў, ушанаваньняў футбалістаў было б нашмат больш, таму што з гэтай перамогі, якая насамрэч вельмі вялікая, сышоў адзін зь вялікіх ідэалягічных падтэкстаў: тое, што спынілі канфрантацыю з Эўропай, з Захадам. Зараз, калі мы мірымся з Эўропай, калі мы намагаемся да збліжэньня, гэты галоўны палітычны падтэкст сышоў. Было цікава назіраць, якія сьціплыя сьвяткаваньні былі з нагоды гэтай сапраўды вялікай перамогі”, – кажа журналіст Віктар Марціновіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG