Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сьпеваў ня будзе — настаўнік не патрэбны..."


Сёньня пачынаецца новы навучальны год. Школа зноў пераходзіць на 11-годку. Хаця экспэрымэнт з 12-гадовым навучаньнем так і ня быў даведзены да канца. Таму вучням апошніх клясаў давядзецца праграму двух гадоў адолець за год. Некаторыя дысцыпліны наагул скасаваныя, па многіх прадметах скарочаная колькасьць гадзінаў. Які лёс чакае настаўнікаў, ці адбудуцца масавыя скарачэньні?

У школах ня будуць больш выкладаць усясьветную мастацкую культуру, сьпевы, гісторыя Беларусі аб’яднаная з усясьветнай гісторыяй, ня будзе больш клясаў з паглыбленым вывучэньнем прадметаў. Настаўнікі – у трывожным чаканьні: ці будуць яны загружаныя, ці не застануцца без працы?
Настаўніца геаграфіі зь Менску, якая працуе ў школе з эканамічным ухілам, выказала занепакоенасьць:
“Па геаграфіі, да прыкладу, у кожнай паралелі было дзьве гадзіны на тыдзень. Зараз будзе адна гадзіна. Адзін настаўнік аказваецца лішнім. Сьпеваў ня будзе — настаўнік не патрэбны. Мастацкую культуру прыбралі, прадмет “Чалавек, грамадзтва, дзяржава” таксама прыбралі, па профільных — матэматыцы і ангельскай мове — таксама настаўнікаў скарачаюць. Па нашай школе толькі каля 20 чалавек”.
Начальнік Упраўленьня сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Юры Гладкоў тлумачыць, што па жаданьні вучняў ці бацькоў можна будзе вывучаць любыя прадметы на паглыбленым узроўні, нават тыя, якіх ужо няма ў праграмах:
«Скарацілася абавязковая частка вучэбнага пляну, і адначасова павялічылася варыятыўная частка, то, што ў народзе называюць «факультатывамі». Таму калі вучань вывучаў фізыку, матэматыку ці замежную мову на павышаным узроўні, ён мае магчымасьць і далей вывучаць гэтыя прадметы на павышаным узроўні, але толькі за кошт факультатыву. Для гэтага патрэбна напісаць заяву – яму ці яго бацькам».
Факультатывы – справа дабраахвотная, не абавязковая, праводзіцца яны будуць пасьля ўрокаў, і настаўнікам застаецца спадзявацца на сьвядомасьць вучняў. Што да настаўнікаў, якія могуць застацца бяз працы, начальнік Упраўленьня сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Юры Гладкоў параіў:
«Калі яны зацікаўлены, каб у іх была вучэбная нагрузка, трэба весьці прапагандысцкую работу: «У мяне прапанова ёсьць, каб вы хадзілі на факультатыўныя заняткі, я буду выкладаць прадмет на павышаных узроўні». Трэба больш, як кажуць у народзе, варушыцца. Хто правядзе сумесна з адміністрацыяй школы, гімназіі ці ліцэю добрую працу, ён будзе мець і добрую нагрузку. Некаторыя настаўнікі зараз звальняюцца, бо яны апасаюцца, што не набяруць вучняў на факультатывы, маўляў, лепш пайду я падалей ад гэтай школы. Але многія будуць вяртацца».
На чым грунтуецца ягоны аптымізм, Юры Гладкоў не патлумачыў. Наўрад ці тым, што прывабіць маладых спэцыялістаў, да прыкладу, можна заробкамі. У першым паўгодзьдзі сярэдняя зарплата настаўнікаў была 718 тысяч рублёў (76% сярэдняга ўзроўню заробкаў у прамысловасьці). Юры Гладкоў прызнаў:
«Я ж ня буду казаць, што ў настаўнікаў высокія заробкі. Так, вельмі нізкія заробкі…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG