Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня сойм Партыі БНФ прыняў рашэньне працягнуць удзел у выбарчай кампаніі да 23 верасьня.

“У зьвязку з тым, што ніводнае з патрабаваньняў партыі ўладамі ня выканана, кандыдаты ў дэпутаты ад БНФ здымуць свае кандыдатуры 23 верасьня,” – патлумачыў актывіст Партыі БНФ Уладзімер Лабковіч. – Мы пакідаем за сабой права, улічваючы, што наш сойм будзе 20 верасьня адмяніць гэтае рашэньне ў выпадку, калі ўлады рэальна хоць нешта прадэманструюць. Пакуль што Партыя БНФ застаецца аб’ектам рэпрэсій, якія стала ўзмацняюцца. І нерэгістрацыя нашых двух асноўных кандыдатаў Вінцука Вячоркі і Віктара Івашкевіча ёсьць апошняй кропляй”.

Паводле спадара Лабковіча, сёньня В.Вячорка і В.Івашкевіч зьбіраюцца падаць скаргі на адмову ў рэгістрацыі іх кандыдатамі ў дэпутаты.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч патлумачыў:

“Чаму мы не зьнялі кандыдатуры сёньня, хаця мы іх сёньня зьнялі палітычна, мы сказалі зьняць юрыдычна 23-га, каб усе зарэгістраваныя кандыдаты мелі магчымасьць скарыстаць агітацыйныя магчымасьці. І даручылі кандыдатам скарыстаць рэгістрацыю для давядзеньня да максымальнай колькасьці людзей нашу пазыцыю. А юрыдычна зьняць нашы кандыдатуры з выбарчай кампаніі не пазьней 23-га верасьня. Нехта можа зьняць кандыдатуры раней, пасьля таго, як ён скарыстаецца сваім правам выступу па тэлевізіі і радыё.

Калі раптам улады адумаюцца, што абсалютна малаверагодна, і ўключаць усіх нашых людзей, 338 чалавек, ва ўчастковыя камісіі, што яны адновяць рэгістрацыю нашых кандыдатаў, то сойм БНФ можа гэта ўлічыць. І нават калі дробныя, адзінкавыя, а не радыкальныя зьмены адбудуцца, то адмены рашэньня ня будзе”.

Ад Партыі БНФ для ўдзелу ў выбарах зарэгістраваны 20 кандыдатаў у дэпутаты з 25-ці вылучаных партыяй. Учора пад час прэсавай канфэрэнцыі старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што найбольш пацярпелі пры рэгістрацыі Партыя БНФ і ПКБ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG