Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачаўся візыт у Менск намесьніка генэральнага дырэктара Генэральнага дырэктарату Эўракамісіі па міжнародных сувязях Х’юга Мінгарэлі. Прыезд у Беларусь адказнага эўрапейскага чыноўніка шмат хто наўпрост зьвязвае з пэрспэктывай паляпшэньня дачыненьняў паміж Эўропай і Беларусьсю.

Х’юга Мінгарэлі пачаў візыт у Менск з сустрэчы зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, якая доўжылася гадзіну. Пасьля гэтага прадстаўнік Эўракамісіі меў размову з намесьнікам міністра Валерам Варанецкім. Зазначу, спадар Варанецкі доўгі час працаваў у беларускай амбасадзе ў Брусэлі, дзе і месьціцца Эўракамісія. Больш, паводле супрацоўніка офісу Эўракамісіі ў Менску Яніса Айзсалніекса, сустрэч з афіцыйнымі асобамі не заплянавана. Між тым раней не выключалася, што прадстаўнік Эўракамісіі наведае адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і Цэнтравыбаркам.

Зь якой мэтай наведвае Менск Х’юга Мінгарэлі?

Пасьля гэтага кроку Беларусі ў Эўразьвязе будуць абмяркоўвацца крокі ў адказ
“Галоўная мэта ягонага візыту — гэта абмеркаваць сытуацыю пасьля вызваленьня палітычных зьняволеных і сытуацыю з парлямэнцкімі выбарамі. Пасьля гэтага кроку Беларусі ў Эўразьвязе будуць абмяркоўвацца крокі ў адказ. Вядома, калі выбары, паводле высноў АБСЭ, пройдуць з пэўным прагрэсам”, — сказаў “Свабодзе” супрацоўнік офісу Эўракамісіі Яніс Айзсалніекс.

Паводле спадара Айзсалніекса, сёньня Х’юга Мінгарэлі сустрэнецца таксама з амбасадарамі краін Эўропы ў Беларусі і прадстаўнікамі місіі назіраньня за выбарамі БДІПЧ АБСЭ.

На суботу, 30 жніўня, плянуецца сустрэча адказнага супрацоўніка Эўракамісіі з прадстаўнікамі апазыцыйных партый Беларусі і былымі палітвязьнямі. У гэтай сустрэчы са спадаром Мінгарэлі будзе ўдзельнічаць і намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук. Я спытаўся ў спадара Раманчука, ад чаго ён зьбіраецца засьцерагчы прадстаўніка Эўракамісіі?

“Засьцерагчы трэба наконт таго, нібыта ў Беларусі ўжо ёсьць лібэралізацыя і дэмакратызацыя. Ад таго, каб без рэальных саступак з боку рэжыму Эўразьвяз прызнаў беларускі рэжым і вынікі выбараў. А таксама — каб не пакідалі дэмакратычныя сілы без дапамогі”.

На сустрэчу з Х’юга Мінгарэлі таксама запрошаны былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч, які днямі выйшаў на волю са Шклоўскай калёніі. Вось яго стаўленьне да прыкметаў дэмакратызацыі, якімі цікавіцца Эўракамісія:

Збольшага я ня бачу
дэмакратызацыі
“Збольшага я ня бачу дэмакратызацыі. Тое, што прысутнічае апошнім часам, — гэта касмэтыка, прычым нізкай якасьці. З тымі ж выбарамі вельмі шмат пытаньняў узьнікае. Пра якую дэмакратызацыю ў грамадзтве можна казаць? У лепшым выпадку гэта нават не паварот, а нейкі ўхіл галавы ў той бок”.

Па выніках візыту спадара Х’юга Мінгарэлі офіс Эўракамісіі заўтра абяцае выдаць прэс-рэліз.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG