Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяцёра прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат зьнялі свае кандыдатуры. Сярод іх — тры дзейныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў: Сяргей Касьцян, Анатоль Красуцкі і Мікалай Чурсін.

Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Астатнія дзейныя дэпутаты, якія падавалі дакумэнты, зарэгістраваны. Сярод іх Віктар Кучынскі і Вольга Абрамава.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі, які займаў дэпутацкую пасаду 13 гадоў і цяпер зноў падаў дакумэнты на рэгістрацыю, раптам зьняў сваю кандыдатуру з выбараў.

У інтэрвію Радыё Свабода ён заявіў, што ў апошні момант атрымаў “цікавыя прапановы, якія разглядаюцца”. Ці шкада адмаўляцца ад дэпутацкага партфэля?

“Шчыра кажучы, не. Тое, што зроблена мной за гэтыя гады, — уклад даволі вялікі. Гэта вяха ў гісторыі парлямэнтарызму. Паўтарыць гэта наўрад ці зможа нехта іншы. А браць яшчэ нейкія вяршыні губляе сэнс. Гэтая праца ператвараецца ў рутыну, а я ніколі не займаўся рутынай. Для мяне гэтая праца стала пройдзеным этапам у жыцьці”.

Адносна выбарчай кампаніі спадар Красуцкі сказаў:

“Яна адрозьніваецца ад усіх астатніх выбарчых кампаній у пляне магчымасьці рэалізавацца ўсім палітычным сілам, якія жадаюць у ёй удзельнічаць. Іншая справа, наколькі скарысталі гэтую магчымасьць і палітычныя партыі, і тыя людзі, якія маглі прадстаўляць парлямэнт. Іншая справа, чаму ён ня быў рэалізаваны, гэты патэнцыял. Мне б хацелася бачыць больш вартых фігураў у якасьці кандыдатаў у дэпутаты. Але яны не вылучаліся, гэта іншая справа. Сам працэс лічу дастаткова пазытыўным параўнальна зь мінулымі выбарамі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG