Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 30 жніўня 2008 году


Мы працягваем атрымліваць лісты слухачоў на тэму каўкаскага крызісу. Грузіна-асэтынскі канфлікт, умяшаньне ў яго Расеі на баку асэтынаў, прызнаньне Масквой дзяржаўнай незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі выклікалі пратэсты ва ўсім сьвеце. Дакумэнтальныя відэакадры, на якіх расейскія танкі грукочуць па вуліцах грузінскіх гарадоў, многім нагадалі не такія ўжо далёкія часы, калі гэтак жа на тэрыторыю чужых краін уваходзілі савецкія акупацыйныя войскі.

Як можа зьмяніцца сьвет пасьля жніўня 2008-га? І якое месца ў гэтым зьмененым сьвеце зойме Беларусь?

Вось як адказваюць на гэтыя пытаньні некаторыя слухачы “Свабоды”. Нам піша Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

“Міхаілу Саакашвілі трэба было зьмірыцца з тым, што Паўднёвая Асэтыя і Абхазія — самастойныя дзяржавы. Бо ваяваць на тры франты ён ня здолее. А цяпер заварыў такую кашу, што расхлябаць немагчыма. Асэтыны і абхазы забяруць усе свае землі да апошняй пядзі, Грузія звузіцца ў межах. А Саакашвілі, хутчэй за ўсё, страціць уладу. І ніякае замежжа цяпер яму не дапаможа. Трэба было Грузіі падпісваць мірнае пагадненьне з гэтымі дзяржавамі і ўступаць у НАТО, пакуль ня позна. А цяпер разьлічваць на дапамогу замежжа ўжо бескарысна: справа зроблена.

А з другога боку, вайна гэтая Расеі, відаць, выгадная. І неяк дзіўна: чаму хвалёная расейская выведка загадзя не папярэдзіла мірнае насельніцтва Цхінвалі, што Грузія рыхтуе ваенныя дзеяньні?

Як на маю думку, дык няхай ва ўсім разьбіраюцца дыпляматы. А ў нас — свае праблемы. Вунь з выбухам, што прагрымеў 4 ліпеня, ніяк разабрацца ня можам”
, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Кожны прэзыдэнт, які прыходзіць да ўлады ў сваёй дзяржаве, на Канстытуцыі ці на Бібліі прысягае ахоўваць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць краіны, народ якой выбраў яго сваім лідэрам. Няма адзінай думкі наконт таго, ці апраўданымі былі ваенныя дзеяньні Тбілісі, распачатыя 8 жніўня. І ўсё ж гэта былі дзеяньні грузінскай улады на грузінскай жа тэрыторыі. А расейскія танкі ўвайшлі ў чужую краіну. Масква з дапамогай сілы паспрабавала гвалтам перагледзець чужыя дзяржаўныя межы, умяшацца ў чужыя ўнутраныя справы. Таму сьвет і адрэагаваў на гэтую вайну такім непрыемным для Масквы чынам: яе не падтрымаў фактычна ніхто. Нават найбліжэйшы саюзьнік Аляксандар Лукашэнка ў справе прызнаньня новых марыянэтачных дзяржаў зусім не сьпяшаецца паслухмяна выконваць волю Расеі.

Наш сябар Ільля Копыл зь Менску зьвярнуў увагу на сустрэчу прэзыдэнтаў Лукашэнкі і Мядзьведзева ў Сочы, падчас якой беларускі лідэр назваў дзеяньні Масквы на Каўказе “спакойнымі, прыгожымі і мудрымі”. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Як можна называць гэтыя дзеяньні спакойнымі, калі ад іх скалануўся ўвесь сьвет? Прэзыдэнт Францыі Сарказі і канцлер Нямеччыны Мэркель неадкладна прыбылі ў Сочы не дзеля таго, каб хваліць Мядзьведзева, а каб спыніць агрэсію Расеі супраць Грузіі.

А як можна называць гэтыя дзеяньні прыгожымі? Гэта ж ня Дні расейскай культуры ў Грузіі, а вайна, разбурэньні, гібель людзей.

Ня бачу я ў такой стратэгіі і мудрасьці. Увогуле, выказваньні Мядзьведзева былі ў гэтыя дні нейкія невыразныя. Бачна, што ў Расеі ўсім па-ранейшаму кіруе Пуцін, які цяпер ператварыўся ў “шэрага кардынала”. На пачатку вайны менавіта ён сустракаўся ў Асэтыі з генэраламі і аддаваў ім загады, напляваўшы і на Думу, і на Эўразьвяз, і на ААН. А Мядзьведзеву была пакінута такая ж роля, якая была ў Калініна пры Сталіне — уручаць мэдалі за так званую “элегантную перамогу”.

Я ўпэўнены, што Расея ўжо даўно рыхтавала гэтую вайну. Невыпадкова напрыканцы ліпеня яны правялі вайсковыя манэўры пад назвай “Каўказ 2008”, высаджвалі дэсант пад Адлерам, дзе ў гэты час адпачывалі тысячы людзей.

Расея зусім расьперазалася. Яшчэ палае Каўказ, а яна ўжо пагражае Польшчы. Маўляў, Польшча — прыярытэтны аб’ект для ядзернага ўдару (так нядаўна заявіў расейскі генэрал Нагавіцын).

Напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя Эўропа праспала Гітлера. Як бы гэтым разам Эўропа і ўвесь сьвет не праспалі Расею”
, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” былы вайсковец Ільля Копыл зь Менску.

Аляксандар Лукашэнка адразу пасьля той кароткай вайны быў запрошаны ў Сочы, відавочна, якраз дзеля таго, каб падтрымаць і пахваліць расейскае кіраўніцтва. (Хоць бы таму, што наўкол усе толькі крытыкавалі і лаялі, і ад яго вуснамі расейскага амбасадара Сурыкава проста запатрабавалі камплімэнтаў). Ён і зрабіў тое, чаго ад яго чакалі. Але наколькі тыя словы былі шчырымі? У гэтым сэнсе паўторнае маўчаньне беларускага прэзыдэнта пасьля таго, як Расея прызнала незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі — даволі красамоўнае. І зноў амбасадару Сурыкаву давялося нагадваць Менску, чаго ад яго хочуць у Маскве. А Аляксандар Лукашэнка зноў абмяжоўваецца агульнымі словамі.

Пра тое, чаго варта чакаць ад парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, якія маюць адбыцца неўзабаве, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. Ён піша:

“Ад думак пра гэта загадзя псуецца настрой. Бо ўжо цяпер відавочна: гэтак жа, як і безьліч разоў раней, выбіраць нам не давядзецца. За камуністамі, праўда, альтэрнатывы ўвогуле не было, а цяпер яна нібыта ёсьць — у бюлетэні некалькі прозьвішчаў. Але ж усе разумеюць: колькі ні закрэсьлівай імя ўладнага кандыдата, а пераможцам абвесьцяць менавіта яго.

Так званыя “выбары” — такія ж, як некалі. Хіба што тады, у дзяцінстве, гэта мела адценьне нейкага сьвята, бо ў той дзень на ўчастку працаваў буфэт і невядома зь якіх казачных берагоў на вёсцы зьяўляўся экзатычны для вясковых дзяцей ласунак — марозіва, а то і апэльсінаў крыху. Дарослыя ж у гэты дзень бавіліся гарэлкай. Зрэшты, і дзеці, і нават многія дарослыя ня надта разумелі сутнасьць гэтай гульні. Сапраўды, навошта кожны павінен кідаць у скрыню паперкі, калі і так усе ведаюць вынік? Ці не прасьцей было б проста бяз скрыняў напіцца гарэлкі ды пад’есьці марозіва і апэльсінаў? Некаторыя і цяпер настальгічна ўздыхаюць па тых часах, хоць замілаванасьць гэтая — зусім не ад тых выбараў, а ад назаўсёды страчаных дзяцінства і маладосьці”
, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну.

Ва ўмовах татальнага савецкага дэфіцыту гэта сапраўды быў бяспройгрышны ход. Амаль пагалоўная яўка “непарушнага блёку камуністаў і беспартыйных”, а таксама іхных напаўгалодных дзяцей, якія бачылі апэльсіны толькі па тэлевізары — была гарантаваная.

Цяпер той няхітры прыём таксама спрабуюць выкарыстоўваць — праўда, безь вялікага посьпеху. Без камуністычнага рэжыму апэльсінамі ды марозівам нікога ня зьдзівіш нават у вёсцы. А вось калі наліваць адразу пад дзьвярыма выбарчага ўчастка танную (альбо ўвогуле бясплатную) гарэлку ці піва — яўку нават на самыя безнадзейныя і нікому не цікавыя выбары можна значна падвысіць. Гэта шмат дзе праверана ўжо ў новы час, калі Беларусь стала прэзыдэнцкай рэспублікай, а выбары ў ёй пачалі праводзіцца ў асноўным паводле савецкіх схемаў.

У аглядзе пошты 26 ліпеня прагучаў ліст нашага слухача з Латвіі, які падпісаўся як “прыхільнік Мірона” і выказваўся наконт начнога выбуху 4 ліпеня ў Менску. На думку аўтара ліста, такія здарэньні непазьбежна адбываюцца ў краінах з аўтарытарнымі і дыктатарскімі рэжымамі. Асабліва калі ўлада ўвесь час імкнецца выставіць усіх нязгодных зь ёй як нейкіх дэгенэратаў.

У адказ на маю заўвагу, што такія інцыдэнты адбываюцца ня толькі ва ўмовах аўтарытарных ці дыктатарскіх рэжымаў (а хутчэй наадварот), слухач з Латвіі даслаў новы ліст, у якім піша:

“Я не апраўдваў сам выбух. Я асуджаю рэжым, які стварыў абставіны, пры якіх гэты выбух ня мог не прагрымець.

Цяпер многімі разглядаецца і іншая вэрсія — наконт датычнасьці да гэтага інцыдэнту расейскага крымінальнага бізнэсу. Калі так — то гэта таксама цалкам віна беларускай улады. Вяла б яна адкрыты празрысты бізнэс — крымінал і не падумаў бы сюды лезьці.

Вы, Валянцін, заўважылі, што выбухі бываюць і ў Лёндане, і ў Нью-Ёрку. Але гэта рэчы непараўнальныя. Тыя тэракты, дзе прычыны хаваюцца ў рэлігійных супярэчнасьцях — зьява асобная.

А наконт сэпаратысцкіх выбухаў заўважу: наўрад ці ёсьць вялікая верагоднасьць, што яны прагучаць, напрыклад, у канадзкай правінцыі Квэбэк, дзе рэгулярна праводзяцца адкрытыя дэмакратычныя рэфэрэндумы ў пытаньні аддзяленьня ад Канады”
, — гэтак лічыць наш слухач з Латвіі, які называе сябе “прыхільнікам Мірона”.

Наўрад ці Канада, як і любая іншая заходняя краіна, цалкам можа засьцерагчыся ад тэрарыстычных атак толькі з дапамогай сваіх дэмакратычных інстытутаў. Увогуле, якія б мэты ні ставілі перад сабой тэрарысты, якімі б высакароднымі ідэямі ні прыкрываліся — сутнасьць тэракту паўсюль аднолькавая: гэта сьмерць ні ў чым не вінаватых людзей. І ў гэтым сэнсе злачынца-рэлігійны фанатык мала чым адрозьніваецца ад тэрарыста, які сьцьвярджае, што змагаецца за незалежнасьць свайго народа альбо за зьмену палітычнага рэжыму ў сваёй краіне. Ніякай добрай мэтай немагчыма апраўдаць забойства невінаватых людзей.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG