Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Рыгор Барадулін, Уладзімер Арлоў, Міхась Тычына


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 23 жніўня



ЛІТПРАЦЭС

УЛАДЗІМЕР АРЛОЎ: “ХАЧУ ВЫДАЦЬ КНІГУ БЕЛАРУСКАЙ ЛАЦІНКАЙ”


25 жніўня Ўладзімеру Арлову споўнілася 55 гадоў. Аўтар больш трох дзясяткаў кнігаў апошнім часам аддае перавагу не традыцыйным папяровым фаліянтам, а маленькім гукавым літаратурным дыскам. Тлумачыць ён жаданьне выдаваць свае творы ў выглядзе аўдыёкнігаў тым, што сучаснаму чалавеку няма часу чытаць мастацкую літаратуру, а на дысках ён можа слухаць абраныя творы ў аўто, мэтро і нават у басэйне ці ў рэчцы. Што робіць і сам пісьменьнік, вандруючы ў гэтыя дні па азёрнай Віцебшчыне. Адтуль па тэлефоне ён адказаў на пытаньні нашай карэспандэнткі Алі Слобан.

Аля Слобан: “Спадар Уладзімер, вы пачыналі як паэт. Потым пераключыліся на апавяданьні і аповесьці. Быў пэрыяд у вашай літаратурнай біяграфіі, калі адна за адной выходзілі кнігі гістарычных эсэ. У якім жанры цяпер вам больш за ўсё камфортна?”

Уладзімер Арлоў: “Нечакана зноў пачалі нараджацца вершы, якія, я спадзяюся, складуць новы паэтычны зборнік. Дарэчы, гэтую кнігу я хачу выдаць беларускай лацінкаю, каб такім чынам падтрымаць шматвекавую традыцыю нашай лацініцы. Адначасова гэта пэўным чынам засьведчыць і маю пазыцыю ў спрэчцы прыхільнікаў наркамаўкі і тарашкевіцы.

Апрача вершаў ёсьць і штодзённая праца над працягам нашай зь Зьмітром Герасімовічам кнігі “Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя”. Новае выданьне прысьвечана мінуламу Вялікага Княства Літоўскага, але яно не будзе абмяжоўвацца храналягічнымі межамі існаваньня дзяржавы нашых продкаў. Там будуць разьдзелы пра вызвольныя паўстаньні і пра спробу аднавіць княства ў 1812 годзе, пра ідэю канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага на пачатку ХХ стагодзьдзя і перадачу Віленшчыны Літве ў 1939 годзе, пра Вільню ў нашай культуры ХХ стагодзьдзя і пра сучасную прысутнасьць беларусаў у Літве.

Слухачы Радыё Свабода, напэўна, памятаюць, што на пачатку гэтага году жыхары нашай вуліцы К. Маркса, былой і, спадзяюся, будучай Падгорнай, змагаліся супроць высяленьня з сваіх дамоў у сувязі з гэтак званым праектам рэканструкцыі. Ня кожны верыў, што нам удасца абараніць свае інтарэсы, але – мы перамаглі. А паколькі на акцыі пратэсту я выходзіў з транспарантам “Толькі ў роднай кватэры напішу бэстсэлер”, цяпер мушу выконваць абяцаньне. Але, як чалавек прымхлівы, аб чым будзе гэты твор і ў якім жанры хачу пусьціць яго на сьвет, я вам пакуль што не скажу”.

Слобан: “Вашы творы цяпер можна знайсьці ня толькі на паперы, але і ў выглядзе аўдыёкнігаў. Няўжо сапраўды традыцыйная кніга зьнікае ў краіне першадрукара Францішка Скарыны?”

Арлоў: “Традыцыйная кніга нікуды ня зьнікне ні на нашым вяку, ні пасьля нас. Але, безумоўна, свае пазыцыі будзе заваёўваць і кніга ў іншых іпастасях. Якраз сёньня я атрымаў сыгнальны асобнік сваёй новай аўдыёкнігі гістарычных аповясьцяў і апавяданьняў “Сны імпэратара”. Гэта ўжо чацьвёртае выданьне маіх тэкстаў у такім фармаце. Раней былі “Час чумы”, “Адкуль наш род”, “Таямніцы полацкай гісторыі”. Неўзабаве выйдзе яшчэ “Ордэн Белай Мышы”, а на чарзе – аўдыёдыск “Паўстанцы”. Разам атрымаецца цэлая аўдыёбібліятэчка, за зьяўленьне якой я ўдзячны яшчэ зусім маладой фірме “Белтонмэдыя” і яе дырэктару Алесю Калошу. Дарэчы, “Таямніцы полацкай гісторыі” амаль адначасова выйшлі і ў традыцыйным фармаце, і як аўдыёкніга. І мне цікава, якая вэрсія пераможа ў гэтай своеасаблівай канкурэнцыі”.

Слобан: “Напісаўшы і выдаўшы не адзін дзясятак кнігаў, вы не перастаяце быць і адным з самых актыўных сярод беларускіх пісьменьнікаў чытачом. Чаго вам не хапае ў сучасным айчынным прыгожым пісьменстве?”

Арлоў: “Не хапае якаснай беларускай фантастыкі, не хапае перакладаў на беларускую сучасных сусьветных бэстсэлераў. Часта наведваючыся віленскія і варшаўскія кнігарні, я ціха зайздрошчу суседзям. Мару пра беларускі часопіс ці хаця б квартальнік кшталту ўкраінскага “Всесьвіту” або расейскай “Иностранной литературы”.

Слобан: “У адным зь інтэрвію вы сказалі, што шчасьлівым можа быць ці дурань ці вар’ят. Чаго вам не стае сёньня для адчуваньня поўнага шчасьця?”

Арлоў: “Трэба ўдакладніць: я сказаў, што толькі дурань або вар’ят можа быць шчасьлівым заўсёды. Спадзяюся, што мне да такога стану яшчэ далёка”.

Слобан: “Перад вашым пяцідзесяцігадовым юбілеем тагачасная кіраўнічка дзяржаўнага пісьменьніцкага холдынгу Таіса Бондар зьняла з нумару газэты “Літаратура і мастацтва” артыкул пра вашу творчасьць. А ці шмат прадстаўнікоў афіцыйнае прэсы зьвярнулася да вас па інтэрвію перад гэтым днём нараджэньня?”

Арлоў: “Мне здаецца, што мы з афіцыйнаю прэсай існуем у нейкіх паралельных сьветах. Я ведаю выданьні, дзе маё прозьвішча проста бязьлітасна выкрэсьліваецца, нават калі згадваецца ў якім-небудзь бяскрыўдным пераліку. Здараліся выпадкі, калі пільны рэдактар прозьвішча выкрасьліць, а назва маёй кнігі, што стаяла побач, ацалее. І тады чытач як быццам апынаецца перад загадкай: а хто ж гэтую кнігу напісаў? З прычыны гэтае паралельнасьці я зусім не пераймаюся. Тыя цэрбэры могуць толькі выкрэсьліваць, а напісаць нешта вартае, апроч палітычных даносаў, яны ня здольныя. Дый колькі б нясмачных для іх імёнаў яны не выкрэсьлівалі, якія б сьпісы нядобранадзейных ні складалі, якія б зьмены ў школьныя праграмы ні ўносілі, чытаць усё роўна будуць найперш якраз нядобранадзейных і нязручных. Мае “Таямніцы полацкай гісторыі” выйшлі шасьцю выданьнямі, кніжка “Адкуль наш род” – пяцьцю, я атрымаў мноства водгукаў на кніжку “Імёны Свабоды”, што пабачыла сьвет у “Бібліятэчцы Свабоды XXI стагодзьдзя”. Для афіцыйнай прэсы маіх кнігаў дый самога мяне сёньня як быццам не існуе, але і кнігі, і я сам існую для маіх чытачоў. І віншаваньне любога зь іх для мяне бязьмежна даражэй за віншаваньне якога-небудзь масьцітага рэдактара, які калоціцца за сваё крэсла”

АЎТАР І ТВОР

РЫГОР БАРАДУЛІН: “НАЦЫЯСТВАРАЛЬНАЯ ПРАЦА ЗА ПАЭТАМІ ЗАСТАЕЦЦА”


Прамінулае лета для Рыгора Барадуліна было багатым на падзеі. У чэрвені ён быў уганараваны Прэміяй імя Васіля Быкава, якую заснаваў грамадзкі рух “За свабоду”. А ў ліпені том выбраных твораў народнага паэта выйшаў у “клясычнай” сэрыі “Беларускі кнігазбор”. Амаль да апошніх дзён жніўня Рыгор Барадулін знаходзіўся ў роднай Вушачы, а па прыезьдзе ў Менск адказаў на пытаньні Міхася Скоблы.

Міхась Скобла: “Спадар Рыгор, што азначае для вас прэмія, якая носіць імя Васіля Быкава?”

Рыгор Барадулін: “Для мяне гэтая прэмія – і памяць пра Васіля вялікага, і вялікая адказнасьць. Гэтая прэмія мне дадзена навырост, каб я не забываўся, што свабода – гэта праца, што за свабоду трэба змагацца, ваяваць. А яшчэ – каб не драмала маё сумленьне. Мне асабліва было прыемна атрымаць яе ў Бычках, у тых мясьцінах, дзе я бываў з Васілём, калі былі жывыя ягоныя бацькі. Я нібы пабываў у сьвеце Васіля Быкава ў прамым і пераносным сэнсе. Таму што апошнім часам я знаходжуся ў сьвеце ягонай творчасьці, а тут пабываў у канкрэтным сьвеце яго маленства”.

Скобла: “Беларуская літаратура ад часоў Францішка Багушэвіча выконвала нацыястваральную ролю. Паэты як бы дапамагалі Творцу даствараць Беларусь. Ці застаецца гэтая роля за сёньняшняй літаратурай?”

Барадулін: “Бог ведае, каго абіраць сабе ў памочнікі, каму давяраць такі адказны занятак. Нацыястваральная праца за паэтамі, вядома ж, застаецца. Таму што менавіта паэты дапамагаюць нацыі ўсьвядоміць сябе. Нацыя можа існаваць толькі тады, калі яна размаўляе на роднай мове. Калі нацыя карыстаецца чужой мовай, то і сама робіцца чужой нацыяй. Зьнішчыць нацыянальную мову – зьнішчыць нацыю. Камуністы ўвесь час гэтым займаліся. І цяпер пагроза над беларускай нацыяй застаецца. І адзіныя, хто пярэчыць гэтаму, – паэты, якія верныя сваёй мове, сваёй нацыі, і верныя Богу. А сёньняшнія “праваслаўныя атэісты” часам стаяць у царкве, сьвечку ў правай руцэ трымаючы – як дубінку. Ня ведаюць, што сьвечку трэба трымаць у левай, бо правай жа – хрысьціцца”.

Скобла: “Гэтым летам выйшлі вашы “Выбраныя творы” ў знанай сэрыі “Беларускі кнігазбор”, прычым кніга выдадзеная на сродкі вашых прыхільнікаў. Якім вам хочацца бачыць свайго чытача – аднадумцам, ці чалавекам, якога ваша паэзія навяртае да беларушчыны?”

Барадулін: “Па-першае – дзякуй і нізкі паклон усім, хто спрычыніўся да выданьня гэтай кнігі, хто зрабіў свой унёсак. А наконт чытача... Я хачу бачыць яго непалахлівым, самастойным беларусам, гаспадаром сваёй краіны. Нарадзіцца мне выпала ў савецкай Беларусі, то хоць памерці хочацца ў Беларусі беларускай”.

Скобла: “У свой час вы пераклалі на сучасную беларускую мову “Слова пра паход Ігара”. У 2006 годзе ў Санкт-Пецярбургу выйшла манаграфія расейскага дасьледчыка Аляксандра Зіміна, які даволі аргумэнтавана даводзіць, што, па-першае, “Слова…” напісанае не ў ХІІ-ым, а ў ХVІІІ стагодзьдзі, а па-другое, што аўтар “Слова…” – беларус Іван Быкоўскі. А ў вас якія думкі на гэты конт?”

Барадулін: “Калі я перакладаў, то, скажу шчыра, часам падумваў, што “Слова…” не магло зьявіцца ў ХІІ стагодзьдзі. Там успрыманьне сьвету больш блізкае паэзіі ХVІІ-га, VІІІ стагодзьдзяў. А тое, што аўтар “Слова…” аднекуль зь Беларусі, гэта відавочна. У “Слове…” столькі беларусізмаў! Я разумею, што многія сёньня будуць усьміхацца, пакепліваць, што мы зноў цягнем коўдру на сябе. Але часам гэта й не зашкодзіць. Заўсёды нас абкрадалі ўсе, каму не лянота. Таму і скажу: я таксама лічу, што аўтар “Слова…” – беларус. Пакуль гэта гіпотэза, але, думаю, зь цягам часу вэрсія Зіміна будзе даказана дакладна”.

Скобла: “Нядаўна ў нашым “Доме літаратара” паэт Андрэй Хадановіч расказваў пра ўсясьветны паэтычны фэстываль у Калюмбіі, на адкрыцьці якога прысутнічала 6 000 чалавек. А калі ў Беларусі, на вашу думку, была найбольшая цікавасьць да паэзіі?”

Барадулін: “Відаць, пасьля вайны. Людзі тады былі згаладалыя па прыгажосьці, ачарсьцьвелыя на вайне душы праглі спакою, яны адтавалі, як зямля вясною адтае ад марозу. А потым паступова быў спад цікавасьці. Ну, а цяпер паэзія адапхнутая на ўзбочча жыцьця. Па тэлевізары – адны забойствы, голыя ногі гэтак званых “поп-зорак” (“поп-зоркі” – відаць, ад слова “попа”). Ні на радыё, ні ў газэтах сёньня паэзіі месца няма”.

Скобла: “А дзе вас слухалі самыя шматлікія аўдыторыі?”

Барадулін: “У Прыбалтыцы, у Сярэдняй Азіі. І ў пачатку 90-х гадоў у Віцебску, дзе мы выступалі разам зь Яўгенам Еўтушэнкам. Дарэчы, хоць гэта, можа, і нясьціпла гаварыць, але мне ад віцяблянаў было больш аплядысмэнтаў, чым яму. І Еўтушэнку гэта страшна не спадабалася… У сучаснай Беларусі масавая цікавасьць да паэзіі зьявіцца тады, калі вернецца павага да мовы, да нацыянальных каштоўнасьцяў. Як толькі вернецца мова – вернецца і паэзія”.

РЫГОР БАРАДУЛІН. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * *

З усіх забытых і замоўклых моў
Трывае толькі мова камянёў.

Яна яднае змрок і чысьціню,
На ёй стагодзьдзі думаюць глыбінна.
На мове камянёў упершыню
Загаварыла ўпартая лавіна,
Каб счысьціць з ранішняй зямлі датла
Праклён прадоньня і людзкое сьмецьце.
Спачатку мова камянёў была,
Пасьля – маўчаньне ў стомленым Сусьвеце.

Звар’яцелае пытаньне ля помніка Якубу Коласу

Мулка ганьбе й славе
На падсуднай лаве.
Вочы бессаромныя ў спакусы:
Ці ж застацца ў Беларусі
Мусяць неўзабаве
Толькі бронзавыя беларусы?

* * *

Усё жывое – дым і цішыня,
Маўчун-валун і рэха баравое,
І вышыні зайздросьціць глыбіня,
І вышыня прыкінецца гарою.

А на гары гняздо саўе груган,
Каб крыламі сьмялелі груганяты.
І ветру наўздагон крычыць туман:
“Хоць дол – мой дом, я, як і ты, крылаты”.

* * *

Ступаецца ўпэўнена раньняму кроку.
П’е смага нагбом з маладога карца.
Агонь чуе шэпт таямнічага змроку,
Рака прадчувае пачатак канца.

Завеі і абарыгены-каменьні,
Усе, хто настылай душой адтае,
Урэшце свае даганяюць памкненьні,
Адно чалавек ад сябе адстае.

* * *

Вырвацца нельга з прыгону жыцьця.
Роспач і стома ў душы, як дома.
Хочацца мёртвым зайздросьціць, хаця
Як ім жывецца т а м, невядома.

Ці ўсе раскашуюцца, як паны?
Злом ці дабром поўны скрыні й прыскрынкі?
Думы цяжкія там, як валуны,
Клопаты лёгкія, як аблачынкі.

Кожны аднойчы дазнаецца сам,
Як гэта ўсё – т а м.

* * *

Мітусьлівая шляхта – местачковыя вераб’і
Ля базарных вазоў балявалі ў ахвоту.
Тут бяседы былі, і любошчы, й баі,
І над цёплым грудком – пэрспэктыва для ўзьлёту.

Весялеў вераб’ём мой настрой малады
І трымцеў над вазамі зь мяхамі настрою.
Зноў я тут, дзе прысталі гады ад хады,
Толькі – іншыя вераб’і і мястэчка ня тое.

* * *

Я пачынаю цемру разумець.
Яшчэ ня ноч, але далёка раніца.
Пазелянела поўневая медзь,
Самота зь цішынёй ахвотна раіцца.

Мой сон блукае ў дажджавым трысьці,
Мой неспакой з маркотаю ў хаўрусе.
Знайсьці сябе цягнуся ў небыцьці –
І паступова цемраю раблюся.

* * *

На пні сьпілаванай яліны,
Амаль заімшэлы, сяджу.
Плывуць успаміны,
Маўчаць аблачыны,
Чакае сьпёка дажджу.

Ня хоча прамень забывацца,
Што быў нядаўна агнём.
І гэта таксама праца –
Паціху рабіцца пнём.

КРЫТЫКА

МІХАСЬ ТЫЧЫНА. ПЕРАМАГАЕ – ДУША


Я хацеў вам сказаць...: вершы, паэмы / уклад. Віктара Шніпа. – Мн., Мастацкая літаратура: сэрыя “Беларуская паэзія ХХ стагодзьдзя”, 2008. – 302 стар.


Знакаміты падарожнік Амундсэн, трапіўшы на Паўночны полюс, чуў галасы памерлых людзей. Жывыя галасы яго папярэднікаў, удзельнікаў экспэдыцый, якія скончыліся трагічна, лічыў Амундсэн, ператвараліся ў марозным паветры ў ільдзінкі і раставалі ў промнях сонца на пачатку палярнага дня.

У выбраных творах пяці паэтаў ажываюць і гучаць галасы вельмі розных паэтаў: Анатоля Сыса, Івана Рубіна, Віктара Стрыжака, Васіля Гадулькі, Міколы Купрэева, якія яшчэ на памяці сучаснікаў. Яднае іх трагічны лёс. Дэбютавалі яны ў друку, апрача шасьцідзесятніка М. Купрэева, у 80-я гады. Гэтая генэрацыя дала літаратуры цэлы шэраг паэтаў, таленавітых ад прыроды, але надзвычай непрыстасаваных да жыцьця ў пераходны пэрыяд, незапатрабаваных, недаацэненых.

Мікола Купрэеў, які сьвядома абраў лёс вечнага пілігрыма, пасьля бліскучага дэбюту з кнігай са знакавай назвай “Непазьбежнасьць”, надоўга зьнік са старонак беларускіх выданьняў. Зьнік у нетрах беларускага і ўкраінскага Палесься, пра што ў апошнія часы ўражліва распавёў у кнігах лірычна-спавядальных вершаў “Правінцыйныя фантазіі” і экзыстэнцыйна-напружанай прозы “Палеская элегія”. Час ад часу нечакана зьяўляўся ў Менску, падначоўваў у акадэмічным інтэрнаце, гэтак жа нечакана зьнікаў, прысылаў пазьней з нагодай запіскі з прабачэньнем і просьбай пераслаць забыты чамаданчык з падарожным скарбам.

Іван Рубін адбыў свой тэрмін навучаньня ў асьпірантуры ў тым жа інтэрнаце, а пазьней, як непрыкаяны, шукаў сябе на розных працах, хаця яго прызваньнем, несумненна, было пісаньне вершаў. Скончыў жыцьцё суіцыдам.

Віктар Стрыжак нейкі час працаваў качагарам, памёр раптоўна на лесьвічнай пляцоўцы ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

Васіль Гадулька ў кароткай аўтабіяграфіі прадказаў амаль дакладна дату сваёй сьмерці: “У страшэннай галечы, бяз сродкаў для існаваньня, незразуметы, расчараваны і пакінуты ўсімі, трагічна памёр і пахаваны на могілках вёскі Федзькавічы Жабінкаўскага раёна”.

Сапраўдная дата скону Анатоля Сыса насамрэч невядомая: нябожчыка знайшлі ў кватэры толькі празь некалькі дзён пасьля сьмерці.

У вершах-актавах “Крытычны ўзрост” В. Гадулька дае сваё тлумачэньне гэтай зьявы, чыста беларускай, калі прыгадаць хрэстаматыйнае “колькі талентаў зьвялося, колькі іх ідзе ляжыць”:

Крытычны ўзрост – пражытых дзён судзьдзя –
ня мог для нас прыдумаць іншай кары,
як даць нам зразумець, што сэнс жыцьця –
не ў намаганьнях зьдзейсьніць тыя мары,
дзеля якіх з нас кожны, як дзіця,
праз лес расчараваньняў, праз ахвяры
ўсьляпую ўпарта свой пракладваў шлях,
якому ў безвыходнасьці працяг.


В. Гадулька – адкрыцьцё непрачытанага па-сапраўднаму паэтычнага імя, у гэтым можна пагадзіцца з укладальнікам кнігі Віктарам Шніпом. Чытач, знаёмы з творчасьцю паэта-эмігранта Алеся Салаўя, лёгка заўважыць іх творчае і духоўнае падабенства: цікавасьць да літаратурнай клясыкі, да экзатычных жанраў, да філязофскай праблематыкі, да стварэньня паэтычных формулаў. Мінулае, лічыць В. Гадулька, “на кожнай, наўздагад разгорнутай, старонцы, прыводзіць прыклады злачынстваў, здрад, якіх і ты – гвалтоўна ў дзёрзкай гонцы ламаючы заведзены расклад – ахвярай стаў...”.

Прозьвішчы тых, хто стаў ахвярай сутыкненьня з жорсткай рэчаіснасьцю, згадваюцца ў вершах паэтаў, уключаных у кнігу: Кастусь Каліноўскі, Цётка, Максім Багдановіч, Сяргей Палуян, Алесь Гарун, Рамуальд Жакоўскі, Уладзімер Жылка, Паўлюк Трус, Кузьма Чорны, Сымон Блатун, Міхась Стральцоў, Рыгор Семашкевіч, Алесь Пісьмянкоў, Сяргей Ясенін, Восіп Мандэльштам, Гарсія Лорка, Мікалай Рубцоў...

У вершы М. Купрэева “Я хацеў вам сказаць...”, які даў назву кнізе, пералічана галоўнае, што хацеў сказаць сваім чытачам паэт: “сасудамі сэрца зьвязаны я зь зямнымі карэньнямі, а сонца ў вочы сьвятло ўлівае, і таму ад вачэй маіх сьветла кругом”; “у кожным з нас цячэ кроў Праметэя, толькі часта нам хочацца быць звычайнымі”, “у кожнай жанчыны я бачу Вэнэрыны рукі”; “калі вас абдымаюць, цалуюць і шэпчуць – любіце, любіце, любіце! Калі душа перапоўніцца шчасьцем – вы песьняй крычыце!”

Гэтая перапоўненасьць жыцьцём, яго радасьцямі і болем можа быць выказана толькі паэзіяй, яе сродкамі сугестыі й падтэксту. У вершы А. Сыса “Ўрода мая, уродачка” выяўлена credo паэта: “Не хавай не хавай не жахайся за спіною крылаў прывыкай прывыкай да ўродзтва мая ўродачка а ідзі ў луг луг луг там зялёныя астравы астравы астравы белыя журавы журавы журавы а ідзі ў поле поле поле там чорныя груганы груганы груганы а ўсё лепей яны не задзяўбуць не абплююць не абалгуць ідзі ідзі ідзі а навучаць лётаць лётаць лётаць...”.

І. Рубін таксама ўпэўнены: “дарога ўсіх дарог карацейшая дадому”, але наступае ў жыцьці момант, калі дома ніхто цябе не чакае (“Хлеба болей не пякуць. І астыў парог даўно. Бацька не глядзіць ў акно...”), і звыклая да сьлёз дарога бясконца доўжыцца: “Мне ісьці балюча доўга да сумежных тых узгоркаў. Даўка ў горле, надта горка ад нясплачанага доўгу”.

Родны кут, бацькаўшчына, Радзіма – гэты шлях да Беларусі й да сябе праходзяць не адзін раз героі А. Сыса, І. Рубіна, В. Сахарчука, В. Гадулькі. Гэта, бадай, адзінае, што ім, кажучы словамі Янкі Купалы, “сярод цемры і глушы... сьвеціць між вандоламі”, аб чым яны настальгуюць. Маці і Радзіма – у вершах паэтаў-пакутнікаў адно цэлае. Менавіта маці нагадвае герою верша А. Сыса, блуднаму сыну: “Грэх блазнаваць у Хрыстовы гады”. Ва ўзросьце Ісуса Хрыста прыходзіць жыцьцёвая і творчая сталасьць. Прыходзіць разуменьне трагічнай сутнасьці існаваньня.

У В. Стрыжака чытаем: “У Радзімы вечны даньнік, вечны катаржнік душы, улягаю за гадамі, а за мной – крыжы...”. У такім стане паэт, асабліва чулы да хады часу, пачынае сумнявацца ва ўсім. Герой М. Купрэева пытаецца ў сябе і ў другіх: “Паэзія. Ці патрэбна яна людзям?” І сам сабе адказвае: “Праз тысячагодзьдзі крочыць Гамэр да людзей, а мы ўсё чамусьці пытаемся”.
Мае рацыю і герой А. Сыса: “Загубіла мне паэзія жыцьцё – палюбіла. За распусту ды за хмель моцна біла”.

Гучаць, гучаць незабыўныя галасы паэтаў, якія ведалі, што сказаць сваім сучасьнікам і нашчадкам. У супрацьстаяньні Дабра і Ліха бярэ верх Душа.


XS
SM
MD
LG