Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці забыліся ў Беларусі пра асуджаных у “Працэсе 14-ці”?


Днямі ўступіў ў дзеяньне прысуд большасьці з 14-ці актывістаў, якіх асудзілі пасьля мітынгу прадпрымальнікаў. Ці будуць за іх змагацца гэтак сама, як за Андрэй Кіма, Сяргея Парсюкевіча і Аляксандра Казуліна?

Асуджаныя актывісты ў “справе 14-ці” ня згодныя з пазыцыяй, паводле якой ў Беларусі не засталося палітычных вязьняў. Нагадаю, іх пакаралі за ўдзел ў студзеньскіх акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. Усяго 11 чалавек паводле суду адбываюць пакараньне, не зьвязанае з месцамі пазбаўленьня волі. Фактычна гэта хатні арышт, прычым вельмі жорсткі.

Актывіст АГП Міхась Пашкевіч ужо тры дні жыве ў наступных умовах:

“Ад 7 вечара да 6 раніцы я мушу знаходзіцца дома. У гэты час магу выйсьці толькі да паштовай скрыні побач з пад’ездам. У жылыя памяшканьні іншых асобаў заходзіць таксама забаронена. Зь Менску зьяжджаць нельга. У памяшканьні, дзе гандлююць алькаголем, заходзіць нельга. Нават каб папіць кавы”.

Другі абвінавачаны, Павал Вінаградаў зазначае, што абмежаваньні фактычна пазбавілі яго магчымасьці весьці грамадзкую працу. Актывіст нагадвае, што паводле закону яму дазволена толькі 2 гадзіны выкарыстоўваць у якасьці вольнага часу.

“Безумоўна, такі “хатні арышт” лепшы за зону, але чаму нас ня лічаць “палітычнымі”, калі менавіта за нашы погляды мы выключаныя з нармальнага жыцьця?” – пытаецца Павал Вінаградаў.

Ці не забыліся апазыцыйныя палітыкі пра іншых пакараных актывістаў пасьля вызваленьня Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча і Аляксандра Казуліна? Ці не зарана Эўразьвяз палічыў, што з вызваленьнем гэтых людзей у Беларусі сапраўды не засталося палітвязьняў?

Намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка мяркуе, што “справу 14-ці” нельга здаваць у архіў. Паводле палітыка, трэба патрабаваць адмены ўсіх незаконных прысудаў актывістам дэмакратычнага руху, а галоўнае, дамагацца адмены рэпрэсіўных законаў, якія дазваляюць замест адных “палітычных” напаўняць турмы іншымі:

“Захоўваюцца ўсе артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія дазваляюць прыцягваць людзей да крымінальнай адказнасьці за палітычную дзейнасьць. Таму я перакананы, што вызваленьне палітвязьняў з гэтак званага міжнароднага сьпісу павінна стаць падставай да жорсткай размовы Эўразьвязу зь беларускім рэжымам у тым ліку пра вызваленьня ўсіх вязьняў, кінутых рэжымам у турмы альбо пакараных іншым чынам. Такіх, як Антон Кішкурна альбо “чатырнаццатка”, засуджаная пасьля акцый прадпрымальнікаў”.

Аляксандр Казулін, Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч празь некалькі дзён пасьля выхаду на волю выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі не памілаваньня ад Аляксандра Лукашэнкі, а поўнага апраўданьня. Таксама былыя палітвязьні настойваюць на адмене прысуду актывістам паводле “справы 14-ці”. Ці рэальна, што беларускія ўлады на гэта пойдуць? На гэтае пытаньне адказвае Міхась Пашкевіч:

“Безумоўна, я ведаю і падзяляю крыўду сваіх сяброў па працэсе, якія кажуць, што Эўропа нас здала. Але на тую ж акцыю прадпрымальнікаў я сам заклікаў людзей, правілы гульні былі ўсім вядомыя. Таму я не хачу папракаць АДС ці каго, нібыта яны нас забылі. Дзякуй Богу, што хаця б гэтых трох вызвалілі, што былі ў турме. Хаця, канешне, мы застаемся ў закладніках”.

Яшчэ адзін з пакараных актывістаў, Алесь Стральцоў, выказаў ў размове спадзяваньне, што празь ціск на ўладу ўдасца дамагчыся адмены прысуду ўсім незаконна рэпрэсаваным.

XS
SM
MD
LG