Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці падрыхтаваныя школы да новага навучальнага году?


Міністэрства адукацыі паведамляе, што на падрыхтоўку школ да новага навучальнага году сёлета выдаткавана 202,5 мільярды рублёў.

Гэта дастаткова для таго, каб адрамантаваць і тэхнічна забясьпечыць 3 800 сярэдніх навучальных устаноў краіны. Ці гатовыя школы распачаць заняткі да 1 верасьня?
У Міністэрстве адукацыі паведамляюць, што падрыхтоўка сталічных школ і гімназій завершылася 25 жніўня. Пашпарты гатовасьці атрымоўваюць зараз і школы ў іншых рэгіёнах краіны.
Аднак вось што паведаміў на Свабоду наш слухач Алесь зь Ляхавіцкага раёну:
«Кажуць, што, фактычна, усе школы гатовыя да новага сэзону. Спадар Радзькоў, зьезьдзіце ў горад Ляхавічы ў гімназію. Да гэтага часу раскрыты дах гэтай гімназіі. Заліло кампутары – страты на дзесяткі мільёнаў рублёў. Паглядзіце што там робіцца, а вы яшчэ кажаце пра гатовасьць нейкіх школ».
Супрацоўніца гімназіі ў Ляхавічах Тацьцяна Цвырко пагадзілася з выказваньнем слухача і патлумачыла складанае становішча вялікім аб'ёмам працы:
«У нас цалкам мяняюць дах – ён стары і цёк, намакалі клясы. У нас зараз вельмі шмат працы. Па-першае, некалькі клясаў застаюцца сырымі і зараз сохнуць. Дах яшчэ будзе рабіцца можа з паўмесяца. Зараз таксама фарбуем, клеім клясы. Трэба будзе ўсё пазаносіць, паставіць, павымываць калідоры. Словам – сур'ёзны рамонт. Да 1 верасьня будзем працаваць – і субота і нядзеля ў нас – працоўныя дні. Спадзяёмся, што дзеці ўсё ж прыйдуць і будуць вучыцца».
Сытуацыю з падрыхтоўкай да 1 верасьня Ляхавіцкай гімназіі ў Міністэрстве адукацыі не пракамэнтавалі. Агульнае ж становішча намесьніца Управы сярэдняй адукацыі Валянціна Маеўская ахарактарызавала гэтак:
«99% пашпартоў гатовасьці школ падпісана. 1% -- гэта зусім нічога. Усё ідзе плянава, спакойна. 99% падрыхтаванасьці – гэта інфармацыя на 25 жніўня. Сёньня ў нас – 28. Думаю, што 29 жніўня будуць усе 100%».
Спадарыня Маеўская не паведаміла ці дастаткова бюджэтных сродкаў для поўнага і своечасовага рамонту будынкаў. Аднак настаўніца адной са школ у Слуцку Сьвятлана Равяка кажа, што яшчэ ніводзін год падрыхтоўка да 1 верасьня не абыходзілася без бацькоўскіх складак:
«Адміністрацыя папярэджвае, што прасіце бацькоў: дапамажыце, калі ласка. Да прыкладу, па 20 тысяч зь дзіцяці. Вось так адбываецца, ёсьць такое. І бацькі дапамагаюць грашыма, але звычайна, цягам году. А затым прыходзяць дапамагаць рабіць рамонт».
Валянціна Абрамчук зь Менску – маці школьніцы выпускніцы. Яна кажа, што да складкаў на рамонт школы за 11 год навучаньня даўно яна даўно прызвычаілася:
«Штогод на рамонт школы зьбіраюць прыкладна па тысяч 30. У добраахвотна-прымусовым парадку: хочаш здавай, хочаш не здавай. Але калі ты не здасі, то гэта на тваё дзіця паўплывае.
Дырэктар зачыненага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас мяркуе, што матэрыяльная падтрымка навучальных устаноў з боку бацькоў ці іншых фундатараў павінна набыць юрыдычны характар. Вось як ён пракамэнтваў сёньняшняе становішча школ:
«Варта сказаць, што сытуацыя не адназначная і ня ўсё так кепска. Сапраўды зь бюджэту выдаткоўваюцца вялікія сродкі на ўтрыманьне школ. І школы, ў прынцыпе, у добрым стане. Але, канечне, існуе і не галосная традыцыя таксама і з бацькоў браць, і нават вялікія сумы. Гэта, зрэшты, таксама нармалёва, хоць у нас няма афіцыйнага, узаконенага палажэньня пра спонсарства. І некаторыя дырэктары школ з-за гэтага траплялі ў непрыемныя становішчы і нават у пэўныя непрыемныя месцы. Бо ў нас жа адзін фундатар, адзін дабрадзей і зь ягоных рук усё павінна быць. І адзіныя рукі павінныя чырвоную лстужачку пераразаць. У нас няма такога, што чалавек, які сумленна зарабіў грошы, уклаў іх у родную школу і ягоны партрэт павесілі ў ганаровым месцы. У нас адзін партрэт вісіць паўсюль. Напэўна ад гэтага ўсё гэтак і робіцца».
XS
SM
MD
LG