Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адказ Аляксандра Лукашэнкі на прапанову Масквы прызнаць сэпаратысцкія аўтаноміі Грузіі сьведчыць пра тое, што кіраўнік Беларусі займае сваю пасаду ўжо 15-ы год невыпадкова. Палітык, што ні кажы.


Большасьць назіральнікаў схілялася да таго, што ну хай сабе не адразу, хай сабе пагандляваўшыся, але ж прызнае, стане ў расейскі фарватэр, куды ж падзенецца, павязаны па руках і нагах. Але – не прызнаў.

Не, фармальна кажучы, рашэньне як бы адкладзенае, прапанавана разгледзець пытаньне на Радзе дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Але гэта проста бюракратычны хітрык -- Казахстан зь яго вялікай расейскай меншасьцю, Кіргізія са сваімі міжэтнічнымі праблемамі, ды іншыя чальцы дамовы зусім не дэманструюць намеру падтрымаць Расею ў гэтым пытаньні. Ну абмяркуюць і што? Як прымаць рашэньне будуць – большасьцю галасоў? Так што ветлівая прапанова з Менску – гэта адмова і ні што іншае.

Можна ўявіць сабе, што далося гэтае рашэньне Лукашэнку няпроста. Бо пытаньне – сапраўды найважнейшае, пытаньне вайны і міру, пытаньне жыцьця і сьмерці. Лукашэнка ня мог не разумець, што за ягонае рашэньне ў вачох Масквы, асабліва ў тым псыхалягічным стане, ў якім яна знаходзіцца, ён будзе здраднікам.

І тое, што ініцыятыву Расеі не падтрымаў ніхто іншы, ад гэтага прысуду яго не ўратуе. Ну Кітай адмовіўся, ну нават Вэнэсуэла з Кубай маўчыць – гэта ж далёка, у іх свае расклады. А тут – Беларусь, ды колькі грошай ёй дадзена, ды колькі ад таго ж Лукашэнкі пра спрадвечнае адзінства выслухана -- пра танкі, пад якія беларусы будуць класьціся, калі НАТА на Маскву пойдзе. Ну вось і пайшлі – ва ўяўленьні расейцаў цяперашняя сытуацыя – менавіта нешта падобнае. А Лукашэнка гаворыць – не. На словы ён шчодры, ў Сочы, праўда, пад прымусам разьліваўся пра тое, як мудра, спакойна і прыгожа дзейнічала Расея ў Грузіі, сустрэўся нават з лідэрамі Паўднёвай Асетыя і Абхазіі. І ў сёньняшняй тэлеграме Мядзьведзеву Лукашэнка таксама аддае даніну рыторыцы, маўляў, Расея ня мела іншага маральнага выбару, як прызнаць. Словы, словы, словы ... Але калі прыйшоў час прымаць канчатковае адказнае рашэньне, яно прымаецца.

Гэта я да таго, што кіраўнік Беларусі павінен быў ўяўляць маштабы расейскай помсты за тое, што тым палічаць здрадай. У гэтым сэнсе і сёньняшняе рашэньне, і вызваленьне палітвязьняў, і новыя умовы правядзеньня выбараў укладаюцца ў адзін ланцуг – у ланцуг вялікага павароту, у спадзеў, што на Захадзе ён знойдзе абарону і падтрымку ад расейскага ўдару ў адказ. У свой час Захад вельмі падтрымліваў дыктатара Румыніі Нікалае Чаўшэску фактычна за некалькі крокаў, зробленых ім, за некалькі дэманстрацыяў таго, што ён – ня поўная марыянэтка Крамля. Сярод такіх крокаў была і адмова 40 гадоў таму далучыць румынскія войскі да ўварваньня ў Чэхаславаччыну сілаў Варшаўскай дамовы.

Сёньняшняе рашэньне Лукашэнкі вельмі падобнае на тагачаснае рашэньне Чаўшэску.

І мяркую, што за яго Лукашэнка атрымае ад Захаду спаўна, як тады Чаўшэску. А беларускай апазыцыі давядзецца прыняць, прызнаць рэальнасьці сучаснага сьвету, у якім рашэньні прымаюць сапраўдныя палітыкі, а ня проста добрыя людзі з добрымі намерамі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG