Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня завяршыўся чарговы этап выбарчай кампаніі — рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты. Вялікая група прадстаўнікоў апазыцыі зарэгістравана, але многія і ня трапілі ў лік кандыдатаў.


Паводле папярэдніх дадзеных, частка кандыдатаў ад адзінага сьпісу аб’яднаных дэмсілаў зарэгістравана. Сярод іх Анатоль Лябедзька, Аляксандар Бухвостаў, Анатоль Ляўковіч, Віктар Гарбачоў, Сяргей Калякін, Ігар Рынкевіч і Вольга Казуліна. Першага намесьніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячорку і намесьніка старшыні партыі Віктара Івашкевіча, як і іншых, не зарэгістравалі нібыта з той прычыны, што да сабраных імі подпісаў ёсьць заўвагі. Спадар Вячорка заявіў:

“Гэта анэкдатычная прычына. БНФ заўсёды вылучаўся дакладнасьцю і акуратнасьцю сабраных подпісаў. Ня кажучы пра тое, каб яны былі там нейкімі несапраўднымі. Бясспрэчна, гэта палітычнае рашэньне. Значыць, ня хочуць яны бачыць мяне ў Савецкім раёне, у Зялёным Лузе як удзельніка выбарчай кампаніі. Бо ў мяне ёсьць цэлы шэраг крайне непрыемных пытаньняў да ўлады і да цяперашніх дэпутатаў наконт канкрэтных сацыяльна-зямельных канфліктаў, якіх поўна ў нашым раёне. І ня толькі. Зразумела, што калі людзі, якія рэальна могуць весьці кампанію і быць папулярнымі ў сваіх акругах, выкрэсьліваюцца, як, напрыклад, Салаш, то гэта паказвае, што ўсе папярэднія рашэньні не пускаць людзей ва ўчастковыя камісіі не былі выпадковымі”.

Спадар Вячорка заявіў, што стаўленьне партыі да выбараў будзе вызначацца на сойме ў суботу.

“Усе рэгістрацыі, нерэгістрацыі — гэта выключна палітычныя рашэньні. Усё зрэжысэравана, загадзя прапісана. І гэта палітычныя рашэньні, якія прымаюць ня выбарчыя камісіі, бязмоўныя і безуладныя. Яны прымаюцца значна вышэй”.

Спадар Івашкевіч заявіў:

“Улады ведаюць, што свае магчымасьці зарэгістраваных кандыдатаў сябры БНФ плянавалі выкарыстаць напоўніцу для выкрыцьця таго выбарчага фарсу, які ўлады разыгрываюць перад заходнімі назіральнікамі. Уладам патрэбны кандыдаты, якія дапамогуць ім легітымізаваць Палату прадстаўнікоў у Эўропе”.

Напярэдадні прэзыдыюм АДС накіраваў зварот да кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея з прапановай сустрэцца і абмеркаваць ход выбарчай кампаніі. Дэмсілы прапануюць абмеркаваць пытаньне аб дадатковым уключэньні сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, а таксама праблему доступу сваіх кандыдатаў да дзяржаўных мэдыяў. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што гэта — два найвастрэйшыя пытаньні:

“Нашы людзі ня ўключаны ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, прычым гэта палітычна, сьвядома зроблена. Бо калі склад камісіі — 19 асобаў, а там 15 ці 13 і нашых не ўключаюць, то гэта палітычнае рашэньне. І мы адлучаны ад гэтага. Я маю на ўвазе паўнапраўны ўдзел нашых людзей у падліку галасоў. І другая праблема — зьвязана з тым, што бальшыня людзей у Беларусі проста ня ведае, што ідзе выбарчая кампанія. І ім цяжка зрабіць сьвядомы выбар, калі ёсьць толькі 5 хвілін на выступ па радыё і тэлевізіі. Гэтыя праблемы найбольш вострыя. Калі б іх не было, то не было б і дыскусій — здымаць кандыдатаў ці не здымаць. А так яна ёсьць”.

31 жніўня на пашыраным пасяджэньні палітычнай рады разам з кандыдатамі ў дэпутаты аб’яднаныя дэмсілы мяркуюць вырашыць пытаньне адносна фармату далейшага ўдзелу ў выбарах. Паводле спадара Лябедзькі, дыскусія разгорнецца вакол галоўнага пытаньня:

“Мы ідзем да канца пры любых абставінах — ці ўсё ж такі мы пачакаем, якая будзе рэакцыя таго ж Макея на нашу прапанову сустрэцца і абмеркаваць пытаньні мажлівай дакамплектацыі ўчастковых выбарчых камісій? Гэта пытаньне дыскусіі. Ёсьць праект рэзалюцыі, якая будзе разглядацца палітычнай радай”.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік пэсымістычна ставіцца да магчымай дакамплектацыі выбаркамаў:

“Ды ўжо цягнік даўно ад’ехаў. Як гэта можна кінуцца пад цягнік, які ад’ехаў?”
XS
SM
MD
LG