Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка выказаў падтрымку Маскве ў прызнаньні незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Ён таксама заклікаў разгледзець пытаньне аб незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі на саміце Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).


Сёньня ў МЗС Беларусі быў адменены традыцыйны брыфінг для журналістаў. З раніцы супрацоўнікі міністэрства ў адказ на ўсе пытаньні пераадрасоўвалі на сайт МЗС, кажучы, што там можна будзе знайсьці ўсю апэратыўную інфармацыю. Між тым і ў другой палове дня на сайце апошняй навіной было ўвядзеньне пошліны на карамэль з Украіны ад 22 жніўня.

Нагадаем, 26 жніўня ўказ аб прызнаньні незалежнасьці двух рэгіёнаў Грузіі падпісаў прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў. Наступным днём амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў: “Гэта сувэрэннае права Беларусі — прызнаваць ці не прызнаваць незалежнасьць, але мы разьлічваем на Беларусь як на аднаго з самых блізкіх хаўрусьнікаў”. Што адказаў афіцыйны Менск?

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі сёньня папярэджвала, што кіраўнік дзяржавы праводзіць “шэраг дзелавых сустрэч”. Якіх дакладна, не паведамлялася. Пра падзеі на Каўказе на сайце нагадвалі фотаздымкі сустрэч Аляксандра Лукашэнкі зь лідэрамі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі падчас нядаўняга візыту ў Сочы. Дзяржаўныя мэдыі пачыналі паведамленьні зь міжнародных навін ды рапартавалі пра посьпехі ў здачы збожжа.

Толькі ў другой палове дня зьявілася паведамленьне, што Аляксандар Лукашэнка накіраваў прэзыдэнту Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву пасланьне. У прыватнасьці, там адзначана, што “ва ўмовах, якія склаліся, у Расеі не было іншага маральнага выбару, як падтрымаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю”. Далей, паводле прэсавай службы Лукашэнкі, ён запэўніў Мядзьведзева ў тым, што Беларусь застаецца “надзейным і пасьлядоўным хаўрусьнікам Расеі”. Лукашэнка таксама заклікаў разгледзець пытаньне аб незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі на саміце Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). У Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан, Узбэкістан.

Ці прызнае ў выніку Беларусь незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі? На думку палітоляга Віталя Сіліцкага, гэта толькі пытаньне часу. Паводле назіральніка, Аляксандар Лукашэнка вытрымлівае паўзу, каб захаваць “палітычны твар” і не выглядаць у вачах сьвету “марыянэткай Расеі”:

“Урэшце ён схіліцца да прызнаньня, але зробіць гэтак, што стане зразумелы прымус з боку Расеі. Памятаеце, ягоныя словы, што “Расея ўсё прыгожа зрабіла”, нагадвалі выказваньні Лукашэнкі пра “элегантную перамогу” на выбарах. Мяркую, беларускі лідэр сам разумеў, што ў ягоных словах быў элемэнт “сьцёбу”. Верагодна, гэта паўторыцца. Гэткае маўчаньне можа працягнуцца яшчэ пару дзён ці нават тыдзень”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG