Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 28 жніўня, чацьвер.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Прызнаньне Расеяй незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і міжнародная рэакцыя на падзеі на Каўказе — адна з тэмаў, якія абмяркоўваюць слухачы “Свабоды”.

Спадар: “І чаму гэта расейскі амбасадар Сурыкаў раскамандаваўся, што трэба рабіць беларусам? Амэрыканцаў за меншае выгналі. Чаму Беларусь павінна рабіць тое, што хоча Масква?”

Спадар Волюсь, Гомель: “Хачу зьвярнуцца да Мядзьведзева. Паслухаў “шэрага кардынала” і атрымаў: страціў рэпутацыю Расеі і сваю палітычную кар’еру. Трэба сваёй галавой думаць”.

Спадар: “Праводзячы імпэрскую палітыку, Расея расчляніла Грузію і ўтварыла, як некалі казалі, “бананавыя”, а лепей сказаць — “мандарынавыя” ўтварэньні, дзе большасьці насельніцтва выдалі расейскія пашпарты. Гэта непрыхаваная агрэсія Расеі супраць Грузіі. Ганьба Расеі!”

Дзяніс Барэйка, в. Юркаўшчына, Докшыцкі р-н: “17 гадоў таму разьдзялілі СССР на 15 частак. І ЗША гэты падзел адразу падтрымалі. Цяпер разьдзялілі Грузію на тры часткі. І ЗША разам з Шушкевічам выказваюць свае пратэсты. Дык як жа гэта ўсё разумець, спадар Шушкевіч?”

На пытаньне адказвае Станіслаў Шушкевіч:

“Разумець вельмі проста: межы паміж рэспублікамі былога Савецкага Саюзу былі пазначаныя, і ўсе рэспублікі лічыліся незалежнымі дзяржавамі, якія аб’ядналіся ў СССР. Што да Асэтыі, то частка яе належыць Расеі, частка — Грузіі, і гэтыя межы захоўваюцца з часоў Другой усясьветнай вайны. Так што ў першым выпадку ніякага парушэньня заканадаўства не было, а тут ніякіх незалежных дзяржаў не было. Там яшчэ доўга рыхтаваліся, ёсьць рашэньне ААН. А тут нічога няма”.

Далей слухач задае яшчэ адно пытаньне:

Спадар, Барысаў: “Ёсьць пытаньне “Свабодзе”. Якім чынам фармуецца фонд прэзыдэнта? І што ведаюць пра яго простыя парлямэнтары? Якая ў яго мяжа? І ці можа Аляксандар Рыгоравіч яго зьняць і перавесьці ў Вэнэсуэлу? Ці без удзелу парлямэнту ён гэтага зрабіць ня можа?”

Адказвае былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, палітык Сяргей Скрабец:

“Як фармуецца прэзыдэнцкі фонд — гэтага дэпутаты ня ведаюць. Колькі там грошай, таксама ніхто ня ведае. Куды яны ідуць — таксама не, бо гэты фонд нікому не падкантрольны. Вядома, што гэты фонд папаўняюць бізнэсоўцы, якім спрыяе сама ўлада, і гэта ўсё, што можна сказаць”.

Распараджэньнем кіраўніка краіны пацярпелыя ад выбуху ў Менску 4 ліпеня атрымаюць матэрыяльную кампэнсацыю. Выказваньне на гэтую і іншыя тэмы — у далейшых тэлефанаваньнях.

Спадар: “Пра тое, што пацярпелым 4 жніўня павінна быць аказаная дапамога, і пытаньня не павінна ўзьнікаць. Добра, што кіраўніцтва пра гэта помніць і не забываецца. Толькі хацелася б, каб агучылі, па чыёй указцы і хто зрабіў такое бандыцкае злачынства. Адначасова паведамілі б, куды зьніклі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Завадзкі і іншыя. Скажыце ўсю праўду па просьбе вэтэранаў”.

Спадар: “ Былі вызваленыя палітычныя вязьні — Казулін, Кім і іншыя. А ў народзе кажуць так: хто іх пасадзіў, павінен сам сесьці. Але пакуль ніхто ня сеў”.

Спадарыня: “Нават афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі ўсё больш падымаюць тэму алькагалізацыі нашага насельніцтва. Яны, праўда, замоўчваюць, што яна робіцца татальнай. Абаронцам парадку таксама вядома, што ў пераважнай большасьці выпадкаў самыя цяжкія злачынствы зьдзяйсьняюць алькаголікі і наркаманы. Незразумела толькі, чаму людзі, якія надзеленыя ўладай, робяць выгляд, што нічога гэтага ня ведаюць?”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG