Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск захоўвае маўчаньне адносна прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.


Нагадаем, 26-га жніўня ўказ аб прызнаньні незалежнасьці гэтых рэгіёнаў Грузіі падпісаў прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў, раней за прызнаньне прагаласавалі дэпутаты Дзяржаўнай Думы Расеі.

27-га жніўня амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў: “Гэта сувярэннае права Беларусі – прызнаваць ці не прызнаваць незалежнасьць, але мы разьлічваем на Беларусь, як на аднаго з самых блізкіх хаўрусьнікаў”.

Атрымаць камэнтар да гэтых выказваньняў ад МЗС Беларусі пакуль не ўдаецца. Сёньня брыфінг МЗС, які традыцыйна праходзіць па чацьвяргах, не адбыўся. Прычыны адмены брыфінгу ў прэсавай службе МЗС не тлумачаць, а адсылаюць журналістаў на сайт міністэрства. На сайце апошняя навіна тычыцца мыта на карамель з Украіны і датуецца ажно 22-ім жніўня.

У зьвестаках з прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі пазначана, што ён сёньня праводзіць “шэраг дзелавых сустрэч”. Якіх дакладна, не паведамляецца. Пра падзеі на Каўказе на сайце нагадваюць фотаздымкі сустрэч Аляксандра Лукашэнкі з лідэрамі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі падчас нядаўняга візыту ў Сочы.

“Ідзе “ломка”, Лукашэнка вагаецца. Ад яго патрабуюць хуткага прызнаньня, але гэта будзе азначаць, што ён такая ж марыянэтка, як прэзыдэнты Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, і паводле Беларусі трэба дамаўляцца з Масквой. Мяркую, у рэшце рэшт прымусяць прызнаць, але Лукашэнка вытрымае паўзу, як было пасьля падзеяў у Цхінвалі”, -- мяркуе палітоляг Віталь Сіліцкі.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG