Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі запатрабавала, каб ад гэтага навучальнага году навучэнцы сярэдніх навучальных устаноў штодня карысталіся школьнай формай.

Раней такое патрабаваньне тычылася толькі школьнікаў малодшых клясаў. З чым зьвязана вяртаньне ўсёй сярэдняй школы да стандартнага адзеньня, і як да гэтага ставяцца чыноўнікі, настаўнікі, дзеці і іхныя бацькі?

Школьную форму цяпер прынята называць “дзелавым стылем”. Чаму ён быў уведзены спачатку для малодшых, а цяпер і для ўсіх школьнікаў, цікаўлюся ў спэцыяліста ўправы сярэдняй адукацыі міністэрства адукацыі Сьвятланы Прастаковай:

“Дзелавы стыль адзеньня — ён выхоўвае вучня. Робіць яго больш арганізаваным, уважлівым да адукацыйнага працэсу. Ёсьць такая інфармацыя, што гэта ўплывае і на дысцыпліну. І ўвогуле, бацькі задаволеныя, што ўведзены адзіны стыль для ўсіх вучняў”.

Міністэрства адукацыі таксама рэкамэндавала, каб мадэлявалі і шылі школьную форму айчынныя прадпрыемствы. Як зазначыла спадарыня Прастакова, гэта неабходна, каб кантраляваць выкананьне патрабаваньняў да якасьці пашыву, санітарных нормаў тканін, мадэляваньня строяў і гэтак далей. Такім чынам, школьную форму ў крамы пастаўляюць 14 прадпрыемстваў канцэрну “Беллёгпрам”, паведаміла намесьніца кіраўніка Тамара Букас:

“Мы робім пінжакі, камплекты, сарафаны, блюзкі, штаны для дзяўчатак. Таксама і для хлопчыкаў: пінжакі, штаны, жакеты, камізэлькі, кашулі і гэтак далей. І чорнага, і шэрага колераў — усё ў адпаведнасьці з санітарнымі нормамі. 14 швейных прадпрыемстваў — кожнае зь іх мае свайго мастака. Яны прыдумляюць мадэлі, мы ўзгадняем і вырабляем. І сёньня аб’ём паставак выканалі на 140%. Такім чынам і прамысловасьці добра і, пэўна, насельніцтву таксама”.

Што кажуць пра асартымэнт і якасьць школьнай формы бацькі, цікаўлюся ў пакупнікоў, якія набывалі абноўкі для сваіх дзяцей у сталічным унівэрмагу “Беларусь”.

Карэспандэнтка: “Што і для каго вы тут выбіраеце?”

Спадарыня: “Для свайго сына — ён першаклясьнік. І для дачкі — ёй пятнаццаць год”.

Карэспандэнтка: “Як вам падабаецца асартымэнт, якасьць, колеры?”

Спадарыня: “Мне падабаецца якасьць і колеры таксама. Першаклясьніку яркія колеры не патрэбныя”.

Карэспандэнтка: “Што выбіраеце вы?”

Спадарыня: “Школьны гарнітур для дачкі. Вось ніяк ня можам падабраць — дэфіцыт 42 памеру. А таксама сіні колер. У нас гімназія, і там патрабаваньні — сіні колер. Ніяк ня можам падабраць”.

Спадарыня: “Канечне, не хацелася б, каб дзеткі хадзілі ў чорных колерах. Дзяўчаткі асабліва. Ну навошта гэта — чорны колер?”

Спадарыня: “Малаваты, малаваты асартымэнт, каб выбраць, каб спадабалася. Разнастайнасьці хацелася б”.

Ці падабаецца школьная форма самім школьнікам і ці любяць яны яе насіць, цікаўлюся ў хлапчукоў, якія ўжо пасьпелі яе панасіць:

Карэспандэнтка: “Ці падабаецца вам школьная форма?”

Хлопчык: “Не, ня вельмі”.

Хлопчык: “Зусім ня зручная. Не павярнуцца ў ёй — на плячах пінжакі рвуцца”.

Хлопчык: “І вымазаць баісься, бо калі ўжо вымазаў, то назаўтра не адмыеш”.

Хлопчык: “У джынсах. Як каму зручна”.

Хлопчык: “Каб у чым хацеў, у тым бы і хадзіў”.

Хлопчык: “Так. Але калі настаўнікам надакучвае з намі ўжо сварыцца, дык тады і ня носім”.

Пра тое, што дзяржаўны кантроль над выпускам школьнай формы не гарантуе яе якасьці, кажа і эканаміст ды шматдзетны бацька Міхась Залескі, хоць у цэлым ён і ня супраць школьнай формы:

“Акцэнт чыноўнікаў на дзяржаўную прамысловасьць зьвязаны з асаблівасьцямі лабіяваньня інтарэсаў дзяржаўных прадпрыемстваў у Беларусі. Тут няма клопату ні пра здароўе вучняў, ні клопатаў пра якасьць, акрамя клопатаў пра ўласныя кішэні. Бо чынавенства зьвязана з прадпрыемствамі вельмі простымі матэрыяльнымі залежнасьцямі. Ня ў тым сэнсе, што нехта некаму нешта дае, а ў тым, што ідзе абмен паслугамі і нейкімі захадамі на карысьць адно аднаго. Я ня супраць формы, але супраць нашага, савецкага выкарыстаньня формы. У нас гэта намаганьні, каб гэтыя прадпрыемствы выраблялі дадатковыя кілямэтры тканінаў. А форма павінна быць сацыяльным інструмэнтам, інструмэнтам выхаваньня. Форма можа мець розны выгляд: картуз студэнцкі, значок — гэта ўжо форма. А адметнасьць сваю яны павінны выяўляць у навучаньні”.

Беларускамоўны інтэрнэт-сайт “Нашы дзеткі” мае адмысловую рубрыку, прысьвечаную тэме школьнай формы. Мяркуючы па выказваньнях бацькоў, чыноўніцкія заявы пра аднадушнае ўхваленьне школьнай формы не адпавядаюць рэчаіснасьці, кажа адна з заснавальніцаў сайту Крысьціна Вітушка:

“Добра было б, каб у крамах быў выбар добрай вопраткі, якая б адпавядала школьнікам паводле ўзросту, якасьці і коштаў. Зараз дыскусія зьвялася да таго, што выбару такой вопраткі няма. Прапануюцца штучныя тканіны, якія дзеці ня хочуць насіць. Аднак кіраўніцтва школ часта ва ўльтыматыўнай форме гэтага патрабуе і выкарыстоўвае ня вельмі прыгожыя спосабы шантажу. Бацькі саступаюць, бо бачаць, што ад гэтага церпіць нэрвовая сыстэма дзіцяці.

Увогуле, некалі ў сёмай клясе ў маёй школе мы ладзілі акцыі пратэсту супраць школьнай формы. У нашай школе яна была адмененая на пачатку 1990-х гадоў. І мне падавалася, што я разьвіталася зь ёй назаўжды. І не магла ўявіць сабе, што мне давядзецца набываць школьную форму для свайго сына. Мне гэта вельмі непрыемна, і я зьбіраюся пазьбягаць гэтага моманту”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG