Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Так і Гарадзеншчына можа сказаць: “Хачу незалежнасьці”


Апытаньне “Свабоды”: “Ці варта Беларусі прызнаваць незалежнасьць Паўнёвай Асэтыі і Абхазіі?” Адказвалі жыхары Магілёва.


Спадар: “Ня варта. Нам бы разабрацца з самімі сабой, а потым лезьці ў Абхазію. Абхазія й Асэтыя — пытаньне спрэчнае, можа атрымацца другое Косава”.

Юначка: “Я думаю, што не, бо Беларусь, можна так сказаць, сама няўстойлівая краіна. Я думаю, што няхай спачатку іншыя выкажуцца, а потым ужо Беларусь да гэтага пачне далучацца”.

Спадар сталага веку: “Канечне, яны ўжо змагаюцца за гэта дзясяткі гадоў. Навошта грузінам было душыць грузін? Аднак там жа ў Асэтыі цяпер больш расейцаў, чыстакроўных расейцаў. Дык трэба ж было некаму іх бараніць”.

Спадарыня: “Абы мы былі незалежнымі. Расея, канечне, дыктуе свае ўмовы, і нам умовы дыктуе. Гэта, як гаворыцца, вайна між Расеяй і ЗША”.

Юнак: “Ня варта сьпяшацца. Калі ўзяць гісторыю, то яны ж адносяцца да тэрыторыі Грузіі. Так Гарадзенская вобласьць, напрыклад, адносілася да палякаў, яны могуць сказаць — “мы хочам незалежнасьці”. У прынцыпе, можна так лічыць, як пытаньне з Абхазіяй і Асэтыяй”.

Спадарыня сталага веку: “Канечне, абавязкова. І канечне ж, нейкія адносіны будуць між Беларусьсю й Абхазіяй ды Асэтыяй. Кожная дзяржава мае права быць свабоднай, як і кожны народ — на свабоду выбару”.

Спадар: “Пытаньне ў тым, ці можна ўтрымаць народы, якія ня хочуць жыць у другой дзяржаве? Іх можна вынішчыць альбо выселіць, а ўтрымаць немагчыма. Дэ-факта яны ўжо незалежныя. Якая розьніца? Ёсьць два спосабы: цывілізаваны развод альбо праз скандал. Вось і ўсё”.

Спадарыня: “Я ня дужа разьбіраюся ў палітыцы, але я лічу, што незалежнасьць — гэта справа самога народу. Яны вырашылі — значыць, гэта іх права”.

Юнак: “Так, трэба. Захад прызнаў незалежнасьць Косава, значыць, трэба прызнаць незалежнасьць Абхазіі й Паўднёвай Асэтыі. Па-першае, мы ня страцім сувязяў з Расеяй. Па-другое, там жывуць рускія людзі, а мы зь імі браты”.

Спадар: “Я ня супраць гэтай незалежнасьці, але калі мы ў адной, адзінай сям’і, гэта ўсё ж больш надзейна, думаю. Разбэсьцілі абхазаў і асэтынаў, далі ім у рукі зброю. Гінуць мірныя людзі — куды гэта варта?”

XS
SM
MD
LG