Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску сёньня хаваюць навукоўца, дырэктара Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі “Белрад” Васіля Несьцярэнку. Ён памёр 25 жніўня на 78-м годзе жыцьця. Свае спачуваньні з нагоды сьмерці прафэсара Несьцярэнкі выказалі яго калегі і прадстаўнікі антыядзернага руху розных эўрапейскіх краін.

У заяве кіраўніцы зялёных францускага рэгіёну Рона-Альпы Элен Бляншар дзейнасьць беларускага навукоўца Васіля Несьцярэнкі ў справе распаўсюджваньня праўдзівай інфармацыі пра наступствы Чарнобыля называецца “выключнай”.

Элен Бляншар узгадвае, як яшчэ сёлета ўвесну ў Ліёне прафэсар Несьцярэнка браў удзел у канфэрэнцыі “Як жывецца ў Чарнобылі” і як пад уражаньнем ад яго дакладу прадстаўнікі арганізацыі выказалі гатоўнасьць актывізаваць сваю дапамогу чарнобыльскім ахвярам, найперш дзецям. Паводле словаў Бляншар, “тую місію, якую выканаў Несьцярэнка ў выратаваньні нацыі, нельга пераацаніць”.

Эўрапейскія зялёныя адзначаюць, што ў Беларусі дзейнасьць навукоўца, як і заснаванага ім пры падтрымцы Андрэя Сахарава і Алеся Адамовіча незалежнага інстытуту “Белрад”, сустрэла нямала перашкодаў з боку ўладаў.

“Цягам 20 гадоў Несьцярэнка, рызыкуючы сваім здароўем, вывучаў праўду пра радыяцыю, яго дасьледаваньні дапамагалі абараніць беларускіх дзяцей ад наступстваў катастрофы. У той жа час улады рабілі ўсё, каб зачыніць “Белрад” — адзіную ў краіне незалежную ўстанову, якая інфармавала насельніцтва пра захворваньні, зьвязаныя з найвялікшай тэхнагеннай аварыяй у сьвеце”, — лічаць прадстаўнікі фундацыі імя Франца Вэбэра і саюзу Helvetia Nostra ў швэйцарскім Базэлі. У гэты горад з моцнымі экалягічнымі традыцыямі беларускага навукоўцу неаднойчы запрашалі на прэстыжныя міжнародныя канфэрэнцыі.

Сваё спачуваньне з нагоды сьмерці Васіля Несьцярэнкі выказалі і чарнобыльскія асацыяцыі Італіі:

“Мы зьвяртаемся да ўсіх тых, хто запрашае да сябе на вакацыі пацярпелых беларускіх дзяцей, хто змагаецца за безьядзерную будучыню і здаровую экалёгію для наступных пакаленьняў, хто выступае за праўду і галоснасьць што да чарнобыльскіх злачынстваў, — падзяліць наш смутак па мужным беларускім навукоўцы”, — гаворыцца ў заяве арганізацыі Mondo in Cammino.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG