Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лагвінец: “Ня думаю, што ЭЗ адразу здыме ўсе абмежаваньні”


Эўрапейскі зьвяз гатовы пераглядзець санкцыі супраць Беларусі ў сувязі з вызваленьнем беларускіх палітычных вязьняў.


Пра гэта ў аўторак было сказана ў адмысловай заяве, якія распаўсюдзіла старшынства Эўразьвязу. Як можна ацаніць гэтае рашэньне? Чаму некаторыя лідэры беларускай апазыцыі выказваюць перасьцярогі, што Эўразьвяз занадта хутка ідзе насустрач афіцыйнаму Менску? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: “Як можна ацаніць гэтую заяву Эўразьвязу? Ці сасьпеў час для зьняцьця санкцыяў, ці ёсьць для гэтага палітычныя падставы і абгрунтаваньні?”

Лагвінец: “Такія магчымасьці заўсёды мусяць заставацца адчыненымі, і Эўразьвяз кожны раз пра гэта казаў. З гэтага пункту гледжаньня ў такой заяве няма нічога новага.

Пэўныя пазытыўныя зрухі ў беларускай сытуацыі могуць пакідаць надзею ў беларускіх уладаў, што Эўропа больш адкрыта паставіцца да іхніх прапановаў. Наколькі я ведаю, пачынаючы з верасьня, будуць адноўленыя пэўныя тэхнічныя сустрэчы і кансультацыі па пытаньнях энэргетыкі, транспарту і кантролю за межамі. Але мне здаецца, што Эўразьвяз, як і пазначана ў заяве, будзе сачыць далей за сытуацыяй. Я ня думаю, што адразу будуць зьнятыя ўсе абмежаваньні, якія былі ўведзеныя супраць беларускіх уладаў за парушэньні правоў чалавека. Нагадаю, аднак, што вызваленьне палітвязьняў – гэта адно з 12 умоваў, якія яшчэ ў лістападзе 2006 годзе вызначыў Эўразьвяз”.

Цыганкоў: “Як бы вы адказалі на тыя перасьцярогі некаторых лідэраў беларускай апазыцыі, што Эўропа занадта хутка ідзе насустрач афіцыйнаму Менску, і робіць свае крокі, нават не зважаючы на тое, што Менск ня робіць рэальных крокаў у адказ?”

Лагвінец: “Вельмі важна, каб Эўразьвяз прысутнічаў у Беларусі і сачыў за сытуацыяй тут. Я спадзяюся, што падыход Эўразьвязу будзе грунтавацца на маральных прынцыпах і тых каштоўнасьцяў, на якіх грунтуецца Эўрапейская супольнасьць. Але варта пакідаць усе магчымасьці адкрытымі і ўвесь час казаць і беларускім уладам і беларускаму народу, што Эўразьвяз заўсёды гатовы супрацоўнічаць і весьці дыялёг з Беларусьсю”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG