Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліда: замест коннай статуі Гедыміна — “савецкі камандзіровачны” з бронзы?


Belarus - Lida Castle, 27Aug2008
Belarus - Lida Castle, 27Aug2008

У Лідзе сёлета адзначаць 685-годзьдзе. Дагэтуль улады падтрымлівалі ідэю паставіць у горадзе конную статую Вялікага князя Гедыміна — якраз перад замкам, які ён пабудаваў у 1323 годзе. Сёньня “Лідская газета” паведамляе, што ўвосень зьявіцца зусім іншая скульптура — савецкаму камандзіровачнаму ў адзеньні 1970-х гадоў, які сядзіць на “пацёртым” чамадане. Яна будзе стаяць перад гатэлем “Ліда” якраз насупраць замка.

Станіслаў Суднік выдае краязнаўчы часопіс “Лідзкі летапісец”, яго вельмі турбуе — якія помнікі зьявяцца ў горадзе і ён марыць пра статую князя Гедыміна:

“Нам трэба нармальны помнік князю Гедыміну, каб конь быў падобны на каня, а не на казу, і князь быў падобны не на бамжа, а на князя”.

Спадар Суднік кажа: у Ліду часам прыяжджаюць аўтары, якія спрабуюць прапанаваць уладам выпадковыя помнікі — таму самаму камандзіровачнаму альбо дворніку:

“Дворніка я бачыў і іншых, усіх іх у Ліду прыпёрлі і валяюцца яны ў выканкаме ў розных кабінэтах. Я не кажу, што помнік Гедыміну, ён ідэальны ў прапорцыях, але тут ёсьць правільная пастаноўка ідэі. І хай гэты аўтар прыедзе і паглядзяць раніцай, якія сёньня ў Лідзе дворнікі, іх трэба адпраўляць на конкурс прыгажосьці, а не ставіць на іх карыкатуру. Работы няма і дзяўчаты прыгожыя з вышэйшай адукацыяй у дворнікі ідуць. Я паглядзеў на гэтага дворніка, там сядзіць нейкая алькагалічка-баба тоўстая і бомж-бамжом на лавачцы. Нашто туфту піхаць сюды, калі ў рэальнасьці гэтага нават даўным-даўно няма? Прычым тут Ліда?”

Я зьвярнуўся да вядучага скульптара Гарадзенскай вобласьці Уладзіміра Панцялеева, ён пагадзіўся, што важней для Ліды паставіць нарэшце конную статую заснавальніка гораду Гедыміна, гэта першачарговая работа, лічыць ён.

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч з Горадні таксама мае свой пункт гледжаньня наконт чарговых лідзкіх помнікаў:

“Калі гаварыць пра Ліду, каб разьмясьціць каля гасьцініцы скульптуру савецкага камандзіровачнага, гэта знак таго, што сёньняшнія ўлады працягваюць палітыку ўлады савецкай. У якім сэнсе? Вось гэтая гасьцініца насупраць замка, вялікі “інтэрнат”, які дамінуе над замкам, гэта проста непавага да гістарычнай спадчыны, архітэктуры. І яшчэ помнік такі ставячы, гэта значыць працягваць гэтую лінію. У мяне спадзяваньні на лідзкія ўлады, што яны на гэтую авантуру ня пойдуць”.

“Лідская газета”, аднак, паведамляе, што “праз тыдзень-другі “Камандзіровачны” (напісана менавіта так, зь вялікай літары) адправіцца ў ліцейны цэх”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG