Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто мае права на інтэрнат?


Менш чым праз тыдзень пачынаецца новы навучальны год. Сёлета толькі 70% іншагародніх студэнтаў будзе забясьпечана месцамі ў інтэрнатах. Хто атрымае іх у першую чаргу, наколькі складана і колькі каштуе зьняць кватэру ў сталіцы, высьвятляла нашая карэспандэнтка.


Сёлета і студэнты-платнікі могуць прэтэндаваць на месцы ў інтэрнатах, як і бюджэтнікі, калі яны маюць ільготы -- сіроты, чарнобыльцы, у бацькоў цяжкае матэрыяльнае становішча. Начальнік упраўленьня разьвіцьця матэрыяльна-тэхнічнай базы Міністэрства адукацыі Лідзія Зайцава кажа:

“У нас наагул забясьпечанасьць інтэрнатамі ў горадзе Менску – 57%. 4 інтэрнаты на рэканструкцыю паставілі – таму што яны ў поўным завале. 1400 месцаў толькі ў БДУ, у БНТУ два інтэрнаты на 400 і 600 месцаў, эканамічны ўнівэрсытэт – 600 месцаў на рамонце. Гэта ж сур'ёзна".

Звычайна права на першачарговае засяленьне ў інтэрнаты маюць ільготнікі, студэнты старэйшых курсаў, якія пасьпяхова вучацца. Але сёлета сытуацыя зьменіцца, сьцьвярджае Лідзія Зайцава

“Прыярытэт у Менску будзе першым курсам. Зараз чамусьці вельмі шмат студэнтаў набралі зь вёсак, з сельскай мясцовасьці. Ім цяжка арыентавацца ў вялікім горадзе, таму прынята рашэньне ў першую чаргу ў інтэрнаты засяляць першы курс. БДУ ідзе па такім прынцыпе. Будзе горш для пяцікурснікаў. Усіх студэнтаў апошніх курсаў ня зможам мы забясьпечыць”.

Але ня ўсім іншагароднім першакурснікам Белдзяржунівэрсытэту пашанцуе. Ян Таўпыга зь Віцебску ўжо ня рады, што сын паступіў на бюджэтнае аддзяленьне біялягічнага факультэту Белдзярунівэрсытэту – столькі праблем узьнікла:

“Ужо быў сход першакурснікаў, сказалі, што ў інтэрнатах даюць толькі 50 месцаў, астатнія павінны шукаць жытло самі. Больш за тое, раней у БДУ была база дадзеных кватэр, якія здаюцца, Сёлета БДУ гэтыя праблемы перакінуў на саміх студэнтаў і адпаведна іх бацькоў. 29 жніўня ўжо пачынаецца вучоба, на сёньняшні дзень у нас жытла няма. Па ўсіх агенцтвах, канторах тэлефануем – таксама цяжкасьці, складанасьці. Больш таго – фантастычныя кошты на жытло!”

Пра кошты на арэнду жытла ў Менску распавядае супрацоўніца рыэлтарскай агенцыі спадарыня Тацяна:

"Наагул, сярэдні кошт адпапакаёўкі ў мікрараёне – 250 даляраў плюс аплата камунальных паслугаў. Калі ў цэнтры горада – 400 і вышэй, у залежнасьці ад начынкі кватэры: бытавой тэхнікі, мэблі адпаведнай. А прапановаў ня вельмі шмат, амаль няма кватэр для здачы ў арэнду. Пра пакоі таксама вельмі рэдка трапляе інфармацыя".

Да таго ж, ня вельмі ахвотна бяруць студэнтаў на кватэру. Гаспадары аддаюць перавагу больш салідным кватарантам. Калі ж здаюць пакой, ставяць вельмі шмат умоваў – што нельга рабіць. Рыэлтар спадарыня Тацяна кажа, што праблем шмат:

"Гэта вельмі складана. Я думаю, прычына ў тым, што звычайна моладзь шумная, любіць кампаніі. І калі засяляюцца студэнты, у гаспадароў кватэры потым шмат прэтэнзій: то шкло разьбітае, нешта паламана, суседзі скардзяцца. Да таго ж, часьцяком гаспадары сумняваюцца ў плацяжаздольнасьці".

Вядома ж, чыноўнікі Міністэрства адукацыі шукаюць варыянты: засяляюць студэнтаў ў інтэрнаты ПТВ, тэхнікумаў. Так, 80 студэнтаў Экалягічнага ўнівэрсытэта імя Сахарава, які наагул ня мае свайго інтэрнату, засялілі ў інтэрнат інстытуту удасканаленьня. Нядаўна прынята рашэньне аб будаўніцтве вялікай студэнцкай вёскі – цэлага комплексу. Ці вырашыць яна праблему з жытлом студэнтаў?

Начальнік упраўленьня разьвіцьця матэрыяльна-тэхнічнай базы Міністэрства адукацыі Лідзія Зайцава выказала такое меркаваньне:

"Пачалі будаваць студэнцкую вёску на 10 тысяч месцаў. За тры гады пабудаваць прэзыдэнт паставіў задачу – 8-9 інтэрнатаў. Ужо будуецца першы інтэрнат на 1030 месцаў. Але нават калі мы ўсю студэнцкую вёску здадзім, мы выходзім на 80-85%. У нас жа была 85% забясьпечанасьць. Але ў сувязі з платным навучаньнем мы набралі яшчэ 100%. Вось і выйшлі на такія праблемы. А што рабіць? Усе хочуць жыць і працаваць у Менску".

У рэгіёнах сытуацыя значна лепшая: студэнты Віцебскага, Полацкага, Баранавіцкага, Магілёўскага ўнівэрсытэтаў забясьпечаныя інтэрнатамі на ўсе 100%.
XS
SM
MD
LG