Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна гаварыць пра пачатак новай халоднай вайны паміж Масквой і Захадам пасьля апошніх рэзкіх заяваў і крокаў расейскага кіраўніцтва? Ці вымушаная будзе Беларусь усьлед за Расеяй прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію? Ці мае шанцы афіцыйны Менск на пэўныя дывідэнды на фоне канфлікту Захаду і Расеі? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” абмяркоўваюць: з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш, і зь Менску — старшыня Шуманаўскага таварыства палітоляг Ігар Лялькоў.

Цыганкоў: “Сёньня прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісаў указы аб прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Зроблена гэта, нягледзячы на перасьцярогі супраць такога кроку з боку ЗША і Эўразьвязу. Днём раней Мядзьведзеў заявіў, гаворачы пра адносіны Расеі і НАТО: “Мы гатовыя прыняць любое рашэньне, нават да спыненьня адносінаў у цэлым”. Ці ня кажа гэта пра пачатак новай халоднай вайны, новай жалезнай заслоны?”

“Гэта рашэньне яшчэ адгукнецца Расеі”

Коктыш: “Не, я б так не сказаў, бо да новай халоднай вайны Захад гатовы яшчэ менш, чым Расея. Па-першае, ніякай “вайны” ня будзе, бо існуе ўзаемная газавая залежнасьць. Расея залежыць ад Эўропы як ад пакупніка сваіх нафтагазавых рэсурсаў, а Эўропа на 26—28 працэнтаў спажывае расейскія энэргарэсурсы. Таму будзе канфрантацыя на словах, але эканоміка, як заўжды, пераможа.

Па-другое, калі ўжо казаць, то Эўропа (ЗША будуць займаць тут асобную пазыцыю) рана ці позна зразумее, што Расея была прыпёртая да сьценкі і была вымушаная нешта рабіць. Бо з Каўказам існуе даволі жорсткае правіла — альбо Расея кантралюе Каўказ, альбо Каўказ кантралюе Расею. Проста трэцяга выйсьця не было, Расея адказала даволі жорстка, але любы іншы адказ прывёў бы да распаду самой Расеі.

Паставіўшы сёньня кропку, Мядзьведзеў зрабіў уклад у тое, каб градус канфрантацыі зьніжаўся. Бо пакуль становішча не закончанае, не завершанае, узьнікае магчымасьць розных гульняў, і гэты градус будзе падвышацца. Цяпер праз тыдзень-другі градус канфрантацыі па грузінскай праблеме пойдзе ўніз”.

Цыганкоў: “Спадар Коктыш, як мне падалося, даволі красамоўна прадставіў матывы паводзінаў Расеі. Спадар Лялькоў, як вы бачыце гэтую сытуацыю, наколькі сур’ёзным можа быць падзел паміж Расеяй і Захадам?”


Я пагаджуся са спадаром Коктышам, што Эўропа да адкрытай канфрантацыі не гатовая, бо ёсьць чыньнік нафтагазавай залежнасьці з абодвух бакоў. Дадамо яшчэ той факт, што ўся гэтая сытуацыя драматычна паўплывала на стан расейскай эканомікі. Фондавы рынак Расеі працягвае рэзка падаць, і сёньняшняе рашэньне Мядзьведзева гэтаму яшчэ больш спрыяе. Пачаўся актыўны працэс адтоку капіталаў з Расеі. Таму, як мне здаецца, гэтае рашэньне яшчэ адгукнецца Расеі. Увогуле цяжка пакуль сказаць, па чыім сцэнары разьвіваецца сытуацыя — але, як мне здаецца, гэты сцэнар неспрыяльны для Расеі”.

Лялькоў: “Мяркую, што сёньняшнім рашэньнем Мядзьведзева падкрэсьліваецца тое, што Расея на канфрантацыю гатовая, прынамсі, на вэрбальным узроўні. Ці пяройдзе гэта ў нейкую вастрэйшую стадыю, пакажа тое, які адказ Захад дасьць на гэта. Бо гэтае рашэньне Крамля прынятае насуперак усім папярэджаньням ЗША і Эўразьвязу, яно ёсьць відавочным парушэньнем дамоўленасьцяў, дасягнутых падчас місіі прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі. Дамоўленасьці прадугледжвалі адназначнае міжнароднае абмеркаваньне праблемы статусу Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

Коктыш: “Я толькі заўважу, што Расея не парушыла пагадненьня. Бо пункт аб міжнародным абмеркаваньні статусу Абхазіі і Асэтыі быў выкрасьлены прэзыдэнтам Грузіі Саакашвілі. Так што Мядзьведзеў тут ніякіх пагадненьняў не парушаў. І ў той фармулёўцы, у якой пагадненьне засталося, — ніякіх парушэньняў гэтага пагадненьня няма”.

Цыганкоў: “Ці вымушаная будзе Беларусь усьлед за Расеяй прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію? Здаецца, перад Лукашэнкам стаіць даволі далікатнае пытаньне ў гэтым сэнсе, асабліва на фоне апошніх крокаў Менску, якія вядуць да паляпшэньня адносінаў з Захадам”.

“Лукашэнка сапраўды прыціснуты Масквой да сьценкі...”

Коктыш: “Мне здаецца, дамоўленасьць пра тое, што Беларусь павінна будзе прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, была дасягнутая падчас візыту Лукашэнкі ў Сочы. На фоне тых паведамленьняў, што беларуская эканоміка ўвойдзе ў вельмі дрэнны стан, калі ня будзе перагледжаны прынцып фармаваньня цаны на газ — гэты выбар даволі прадказальны. Бо адмоўнае гандлёвае сальда на канец году можа скласьці каля 2 мільярдаў даляраў. Гэта той кошт, які Беларусь не гатовая плаціць.

Таму мне здаецца, што гэтыя пытаньні ўжо былі вырашаныя, і Беларусь будзе паводзіць сябе як самы блізкі хаўрусьнік Расеі. Бо крокі насустрач Захаду сапраўды былі зробленыя, але наўрад ці Захад будзе на гэтым этапе гатовы нешта Беларусі плаціць. Таму, як мне здаецца, выбар Лукашэнкі будзе прадказальным і прагматычным”.

Цыганкоў: “Няўжо ў беларускага лідэра няма ніякіх варыянтаў? Раней, у 90-я гады, у Лукашэнкі была магчымасьць выйграваць ад пагаршэньня адносінаў Масквы з Захадам... Або цяпер ужо няма шанцаў гуляць на гэтым полі?”

Лялькоў: “Рэжым сапраўды апынуўся ў той сытуацыі, калі даводзіцца плаціць за сваю шматгадовую палітыку. Лукашэнка сапраўды пэўным чынам прыціснуты да сьценкі, прытым якраз у той сытуацыі, калі яму як ніколі патрэбныя максымальна добрыя стасункі з Захадам і Ўсходам. Лукашэнку патрэбны заходнія інвэстыцыі і разам з тым крытычна неабходны перагляд схемы фармаваньня цаны на расейскі газ. Ён будзе імкнуцца лявіраваць, не раздражняючы ніводнага боку. Тое, што адбылося вызваленьне палітвязьняў, — гэта не павінна раздражняць Расею, але будзе ўспрымацца Захадам як пазытыўны крок.

Іронія гісторыі можа выглядаць у тым, што недарэмна актывізацыя стасункаў з Захадам адбываецца на фоне відавочнага пагаршэньня адносінаў Расеі з Захадам. Не выключаю такой сытуацыі, калі Беларусь (у выпадку павелічэньня канфрантацыі Масквы і Захаду) празь некаторы час будзе патрэбная Расеі ў якасьці пэўнага пасярэдніка паміж ёй і Захадам. Пакуль гэта выглядае фантастычна, але да гэтага можа дайсьці”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG