Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд незалежнага друку за 27 жніўня.


Незалежная газэта “Курьер из Витебска” ў сьвежым нумары друкуе аналітычны матэрыял, прысьвечаны расейска-грузінскаму канфлікту. Артыкул называецца “Ўтаймаваньне агнём”, паведамляе рэдактар выданьня Ўладзімер Базан:

“Гаворка пра тое, што Расея напала на Грузію і што ўсё ж такі яна вінаватая ў гэтым канфлікце. Аўтар узгадвае Прыднястроўе, прыводзіць іншыя прыклады. Узгадваецца таксама і пра тое, што Вахтанг Кікабідзэ адмовіўся ад расейскага ордэна Дружбы”.

Тэма нумару тыднёвіка “Бобруйский курьер” — перамога весьляроў, братоў Багдановічаў на Алімпіядзе ў Пэкіне. Яны жыхары Бабруйску і выпускнікі гарадзкой школы алімпійскага рэзэрву.

“Ня ўсё тое сьпірт, што ў бутэльцы” — у артыкуле пад такою назваю “Бобруйский курьер” паведамляе падрабязнасьці трагедыі, якая здарылася з людзьмі бяз пэўнага месца жыхарства. Пяць чалавек атруціліся і памерлі пасьля таго, як выпілі паўлітра вадкасьці, знойдзенай на гарадзкім сьметніку.

Яшчэ адзін артыкул “Бобруйского курьера” — журналісцкае дасьледаваньне пра стан гарадзкіх прыбіральняў, паведамляе журналіст Віктар Качан:

“Гарадзкія, так званыя муніцыпальныя прыбіральні знаходзяцца ў самым прыкрым стане. Адна зь іх — на плошчы Перамогі. Ставяць біяпрыбіральні. Але, да прыкладу, каля піцэрыі, дзе стаіць такая прыбіральня, там вісіць замок. У кавярнях ёсьць прыбіральні, і самыя “прасунутыя” бабруйчане бягуць у гэтыя кавярні. Але туды могуць і не пусьціць, калі адміністратар заўважыць”.

Тыднёвік “Наша слова” напярэдадні новага навучальнага году падае падрабязнасьці рэформы школы. У прыватнасьці, паведамляецца, колькі гадзінаў на тыдзень школьнікі будуць вывучаць беларускую, расейскую, ангельскую і іншыя мовы.

“Наша слова” ў сьвежым нумары таксама паведамляе, што ў Пружанах будзе вуліца імя Льва Сапегі і што распачынаецца аднаўленьне палаца Сапегаў у Ружанах. Паведамляе рэдактар незалежнага выданьня Станіслаў Суднік:

“Там яны чакаюць прыезду Пракаповіча. Я думаю, што рашэньні будуць прынятыя правільныя. Паводле ўсёй танальнасьці інфармацыі, якая адтуль паступае, гэты комплекс цалкам будзе адбудаваны”.
XS
SM
MD
LG