Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цяпер Расея павінна прызнаць Чачню, хантаў, мансі, татараў...”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 26 жніўня, аўторак.

Дзярждума Расеі прыняла рашэньне прызнаць незалежнымі ад Грузіі Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Камэнтары слухачоў:
Спадар Віктар: “Вельмі задаволены самавызначэньнем Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Гэта гістарычны момант у незалежнасьці эўрапейскіх краін. Кожная нацыя, кожнае племя мае права на сваю дзяржаву, незалежнасьць. Расея прызнала. Вітаю, малайцы. Але патрэбна цяпер Расеі прызнаць аб’яднаньне Паўднёвай і Паўночнай Асэтыі і выхад Паўночнай Асэтыі з Расеі. Затым Расея павінна прызнаць Чачню, хантаў, мансі, татараў, мардву, карэлаў, якутаў і гэтак далей”.
Спадар Волюсь, Гомель: “У сувязі з намерам Лукашэнкі падпісаць з Расеяй пагадненьне аб агульнай супрацьпаветранай абароне хачу зьвярнуцца да яго — не рабіць гэтага. Расея накідае ярмо і робіць нас закладнікамі сваёй ваяўнічай палітыкі. Можа, і незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі прызнаць?”
Спадар: “Расея прызнала незалежнасьць Абхазіі і Асэтыі, палічыўшы іх насельніцтва самастойнымі народамі. А ці не зьяўляюцца выказваньні некаторых палітыкаў наконт таго, што беларусы і расейцы — адзіны народ, пагрозай незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі?”
На пытаньне адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў: “Безумоўна, гэтая пагроза застаецца. На жаль, у расейскай палітычнай эліце мала хто разглядае Беларусь ці Ўкраіну як асобныя нацыі і незалежныя краіны. І таму вось гэтыя падзеі, якія адбыліся на Каўказе, сьведчаць пра небясьпеку, якая нам пагражае, калі мы ня будзем праводзіць сваю самастойную палітыку”. Улады Беларусі спрабуюць вярнуць на радзіму 16-гадовую школьніцу з Барысава Тацяну Казыру, якая пасьля адпачынку застаецца ў ЗША. Выказваньні на гэтую тэму:
Спадарыня: “Я пра тую дзяўчынку, што засталася ў Амэрыцы. Слушна зрабіла. Чаго ёй ехаць у гэтую галечу ды бязладзьдзе? Чаго яны прычапіліся да гэтага дзіцяці? Ёй самой вырашаць. Яна ўжо дарослая”.
Спадарыня: “Цалкам падтрымліваю нежаданьне Тані Казыры вяртацца на радзіму. Кожны чалавек мае права шукаць лепшай долі. Таня ўжо не дзіця, а дачка тых, хто пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Што можа прапанаваць дзяўчынцы наша квітнеючая краіна? Сёньня — пляшку гарэлкі ці піва, заўтра — працу за кавалак хлеба і мужа-алкаша. Зноў гора і сьлёзы. Трымайся, дзяўчынка!”
Слухачы таксама працягваюць выказвацца на тэму вызваленьня палітвязьняў:
Спадарыня Марыя Іванаўна, в. Квасоўка: “Паважаны Аляксандар Уладзіслававіч Казулін! Віншую вас са свабодай! Здароўя я вам жадаю і доўгіх-доўгіх гадоў жыцьця. Посьпехаў вам на вашым шляху”.
Спадар: “Чаму Лукашэнка выпусьціў Казуліна? А ўсё вельмі проста. Прыйшоў час, калі ён адчуў, што трон пад ім трывалы, баяцца няма чаго, трымацца ні за што ня трэба. Наш добры, сьціплы, паслухмяны народ зразумеў, што ён добры чалавек, што ўраджаі ў нас добрыя. Паўсюль умацаваў свае пазыцыі. Кадры свае паўсюль пад сябе падладзіў. Таму ўжо і да выбараў дэмакратычных заклікае, яму цяпер гэтыя ўсе “варушэньні” да лямпачкі”.
Віктар Буто, Менск: “Вельмі добра, што выпусьцілі на волю Казуліна і іншых палітычных вязьняў. Але мяне цікавіць, калі зоймуцца іншымі, якія пацярпелі ад вэртыкальшчыкаў за тое, што яны адносяцца да апазыцыі, прымаюцца за апазыцыянэраў? Якіх незаконна асудзілі, незаконна звольнілі ці падобнае. Пра гэта чамусьці наагул ніхто ня кажа. Нават сярод лідэраў апазыцыі”.
Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка: “Я абсалютна згодны са слухачом “Свабоды”. Я згадваю лёс Антона Кішкурны, які адназначна быў асуджаны з палітычных матываў. Ёсьць шмат выпадкаў, калі былі засуджаныя мясцовыя безабаронныя праўдашукальнікі. Бізнэсоўцы, якія не хацелі гуляць паводле правілаў улады. Таму я думаю, што няправільна з боку нашых палітыкаў і праваабаронцаў заяўляць, што ў Беларусі больш няма палітычных вязьняў”.
Працягваем праграму СМС-паведамленьнем: “У Гомелi, на перакрыжаваньнi вулiцы Перамогі і Ленiна, на даху будынка хтосьцi ўладкаваў бел-чырвона-белы сьцяг, а над iм — вясёлка!”
Далей тэлефанаваньні на розныя тэмы:
Аляксандар Яцкевіч. Віцебск: “Пачуў пра школьную рэформу. Разрагатаўся! Якую рэформу могуць зрабіць учорашнія двоечнікі? Няма словаў”.
Уладзімер Дарагуш, Чэрвень: “Шаноўнае спадарства, 24 жніўня ўкраінскі народ урачыста адзначыў 17-ю гадавіну незалежнасьці сваёй краіны. Скажыце, калі ласка, а якія па ліку ўгодкі незалежнасьці Беларусі сьвяткаваліся 3 ліпеня гэтага году? І незалежнасьці ад каго? На гэтыя пытаньні не змаглі, на жаль, адказаць ні выкладчыкі гісторыі, ні чыноўнікі выканкаму”.
Ільля Копыл, Менск: “Добры дзень, “Свабода”! Віншую шаноўнага Ўладзімера Арлова з днём народзінаў. Зычу яму і яго блізкім здароўя, шчасьця, дабрабыту. Зычу яму плённай працы над новымі творамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG