Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісаў указы аб прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

Адзін зь лідэраў Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч лічыць, што ў гэтым прызнаньні ёсьць вельмі істотная пагроза для Беларусі:

“Прымусяць Аляксандра Лукашэнку таксама зрабіць гэты крок. Навошта гэта Расеі? Яна ўмацоўвае свой уплыў, сваю круцізну паказвае свайму грамадзтву.Таксама Расея хоча быць манапалістам у пастаўцы энэрганосьбітаў для Эўропы, хоча, па сутнасьці, энэргетычна ўзяць Эўропу за горла.

А Беларусь проста прымусяць, улічваючы тое, што наша эканоміка проста дадатак да расейскай, наша эканоміка несамадастатковая. І баюся, што потым высьветліцца, што ў саюзнай дзяржаве, у якую ўваходзяць чатыры суб’екты, бальшыня суб’ектаў вырашыла аб’ядноўвацца ў адзін суб’ект. І што тады рабіць Беларусі?

Такія прызнаньні пакажуць усяму сьвету, што дзяржава наша ў нейкай ступені марыянэткавая, васальная, і гэта паўплывае на стаўленьне да Беларусі.

Я ня ведаю, як цяпер спадар Лукашэнка будзе выблытвацца з гэтага? Лепш ужо па 300 даляраў за газ плаціць.

Усе такія крокі прывядуць да абвастрэньня канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам. І прыняўшы такое рашэньне, Беларусь губляе манэўр. Яна ўжо адназначна будзе прывязана да Расеі ў гэтай канфрантацыі. І ў працэсе гэтай канфрантацыі можа паціху страціць сваю незалежнасьць”.
XS
SM
MD
LG