Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: Лукашэнка можа прызначыць цану прызнаньня


Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісаў указы аб прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.


Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што адмоўна ставіцца да параду сувэрэнітэтаў на Каўказе і наагул на эўрапейскім кантынэнце, бо гэта — новыя пагрозы і выклікі. Спадар Лябедзька адзначыў, што такое ж стаўленьне ў яго было і да сытуацыі вакол Косава.

Адносна таго, якую пазыцыю можа заняць афіцыйны Менск у прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, Анатоль Лябедзька заявіў:

“Калі зыходзіць зь сёньняшняй каньюнктуры, Лукашэнка можа прызначыць нейкую цану прызнаньня. Так проста Лукашэнка не прызнае. А вось калі да гэтага рашэньня будзе далучана труба з танным газам, то гэта мажліва.

Я думаю, усё ж створаны дрэнны прэцэдэнт на постсавецкай прасторы. Можна згадаць, што адзін з раёнаў Смаленшчыны ці то Браншчыны вельмі прасіўся далучыцца да Беларусі. Калі сыходзіць з гэтага прэцэдэнту, які створаны, трэба даць людзям магчымасьць прагаласаваць і далучыцца да Беларусі. І так можа быць бясконца.

Калі казаць пра нейкую доўгатэрміновую пэрспэктыву, для Беларусі гэта ня лепшая сытуацыя. Бо на тэрыторыі Беларусі жывуць нацыянальныя мяншыні, і ці ня ўзьнікне спакуса празь некаторы час некаторым зь іх абвясьціць таксама пра жаданьне далучыцца да іншай краіны? Таму трэба думаць ня толькі пра сёньняшнюю каньюнктуру, эканамічную ці газавую, але і пра доўгатэрміновую пэрспэктыву для Беларусі”.


XS
SM
MD
LG