Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зачэпіць адукацыйная рэформа апальных ліцэістаў?


Кіраўніцтва зачыненага ўладамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа ня мае намеру істотна карэктаваць навучальныя праграмы ў зьвязку з адукацыйнай рэформай.


Днямі ліцэісты вярнуліся пасьля летняй сэсіі ў Польшчы і цяпер да пачатку кастрычніка будуць на вакацыях. Фактычна да заняткаў яны прыступяць, калі іхныя школьныя сябры адвучацца ў новых умовах месяц.

Цяпер галоўнае для ліцэя пытаньне — колькі гадоў будуць навучацца дзеці, якія перайшлі на трэці курс? “Ахвяры” няўдалага дзяржаўнага экспэрымэнту — падлеткі 1991-1992 гадоў нараджэньня — рыхтаваліся пад 12-гадовае навучаньне ў сярэдніх школах, але ў выніку рэформы будуць выпускацца на год раней. У Нацыянальным гуманітарным ліцэі навучаньне вядзецца чатыры гады, але фармальна ў зьвязку з рэформай трэцякурсьнікі таксама мусяць закончыць навучаньне дачасна.

Пытаньне з тэрмінам навучаньня будзе абмяркоўвацца бліжэйшым часам на сходзе з удзелам адміністрацыі ўстановы, вучняў і іх бацькоў. Таму, як сказаў дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас, пэўнасьці ў гэтым пакуль няма. Аднак, на ягоную думку, ня варта прысьпешваць падзеі: трэба даць дзецям магчымасьць прайсьці ліцэйскую праграму цалкам.

Адкрытым застаецца і пытаньне навучальных праграмаў. Перадусім, па якіх дапаможніках будуць навучацца ліцэісты? Наколькі яны будуць прывязаныя да мэтодыкаў, якія яшчэ толькі распрацоўваюцца для сярэдніх школаў? Навучэнка трэцяга курсу Паўліна кажа, што дагэтуль яны займаліся ў асноўным па кнігах, выпушчаных неўзабаве пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці:

“У асноўным кнігі засталіся ад ранейшага часу, сустракаюцца кнігі выпуску яшчэ 1992-1993 гадоў. З аб’ектыўных прычынаў няма магчымасьці займацца па новых падручніках. Але ў мінулым годзе нам ліцэй набыў новыя кнігі па трох дысцыплінах. Па гэтых прадметах ужо абсалютна новая праграма, не такая, як у старых. Таму давялося купляць новыя”.

Карэспандэнт: “А вось цяпер, калі мяркуюцца зьмены ў новых праграмах, будуць вам даваць новыя падручнікі ці ўсё ж навучаньне працягнецца па старых дапаможніках?”

“Пакуль нават невядома, якія кнігі будуць у школе, таму спачатку трэба дачакацца тых кнігаў, па якіх будуць вучыцца ў сярэдніх школах. А ўжо потым ліцэй будзе вырашаць: колькі мы будзем вучыцца — адзін ці два гады (бо ў нас пакуль ёсьць варыянты) і па якіх падручніках займацца. Бо ня выключана, што давядзецца праходзіць проста два камплекты падручнікаў за адзін год”.

Нагадаю, што ўжо пяць гадоў Нацыянальны гуманітарны ліцэй вядзе фактычна напаўпадпольнае існаваньне. У 2003 годзе Міністэрства адукацыі з палітычных прычынаў зьліквідавала дзяржаўную навучальную ўстанову пасьля таго, як не ўдалася спроба прызначыць у ліцэй кіраўніка, падкантрольнага дзяржаўнаму ведамству. Калектыў адмовіўся прыняць прызначаную міністэрствам новую дырэктарку, пасьля чаго лёс ліцэю быў прадвызначаны.

Але нават у экстрэмальных умовах адміністрацыя навучальнай установы вырашыла захаваць калектыў. Пасьля першых гадоў няпэўнасьці “партызанская школа” зноў вярнула сабе былую папулярнасьць, і цяпер каля сямі дзясяткаў дзяцей маюць магчымасьць навучацца на роднай мове і безь дзяржаўнай заідэалягізаванасьці.

Некалькі разоў на год кіраўніцтва ліцэю арганізуе выязныя сэсіі, карыстаючыся падтрымкай найперш аналягічных адукацыйных установаў Польшчы і Літвы. Днямі ліцэісты вярнуліся з Польшчы — цягам паўтара месяца яны займаліся ў Варшаве, Шклярскай Парэмбе і Гданьску.

Адсутнасьць спрыяльных умоваў на радзіме не перашкаджае ліцэістам атрымліваць добрую адукацыю. Выпускнікі ліцэю паступаюць у найлепшыя вышэйшыя навучальныя ўстановы па ўсёй Эўропе, шмат хто працягвае навучаньне ў беларускіх ВНУ.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG