Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніца начальніка ўпраўленьня сярэдняй адукацыі міністэрства адукацыі Беларусі Валянціна Маеўская цьвердзіць, што школа мае ўсе падручнікі.


“Усе неабходныя для выкарыстаньня падручнікі вызначаныя ў пераліку, даведзены да кожнай агульнаадукацыйнай установы. Агульнаадукацыйныя ўстановы гатовыя да пачатку навучальнага году, у тым ліку і па падручніках.

Імгненнага перавыданьня падручнікаў ня будзе, але мы прапануем пералік тых падручнікаў, якія можна выкарыстоўваць. Адукацыйны працэс будзе арганізаваны ў поўным аб'ёме і ўсімі падручнікамі, якія ёсьць”.

Паводле спадарыні Маеўскай, сёлета будуць два адрозьненьні ў адзінаццатых клясах. “11-ыя штрых” - гэта клясы, якія ў мінулым годзе атрымалі базавую адукацыю і сёлета будуць праходзіць праграму двух гадоў навучаньня. І адзінаццатыя клясы - “былыя адзінаццацігодкі”.

Спадарыня Маеўская патлумачыла, што факультатывы ня будуць абавязковымі для школьнікаў.

“У нас пяцідзённы навучальны тыдзень, ня больш за 5-6 урокаў, і ўрокі будуць заканчвацца каля гадзіны дня. Потым 30 хвілінаў будзе перапынак, і на гадзіну - на факультатыўныя заняткі. Таму я думаю, што а другой ці а палове на трэцюю - гэта будзе самы позьні выхад са школы. Наадварот, у вучняў будзе больш вольнага часу для шпацыраў на паветры, для задавальненьня сваіх нейкіх інтарэсаў”, - сказала спадарыня Маеўская.

XS
SM
MD
LG