Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя правілы беларускай мовы — палавіністыя


Што думаюць на Гарадзеншчыне пра новую рэдакцыю правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі?

На гарадзенскіх вуліцах я пацікавіўся, ці ведаюць мінакі пра новыя правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі? У адказ толькі адна дзяўчына ўспомніла, што ім пра гэта калісьці гаварыў на лекцыі выкладчык. Тады я быў вымушаны зьвярнуцца да тых, хто карыстаецца мовай штодня. Станіслаў Суднік зь Ліды выдае газэту “Наша Слова”, узначальвае гарадзкую арганізацыю ТБМ, ён таксама сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў:

Станіслаў Суднік
“Я, безумоўна, сам выступаў супраць таго, каб прымаць папраўкі да правілаў, але не таму, што яны дрэнныя. Многія папраўкі станоўчыя, яны пашыраюць пранцып аканьня, многія словы пішуццца так, як мы й пісалі ў незалежнай прэсе — “выканкам” і так далей. Карацей, многія зьмены абсалютна прагрэсыўныя. Чаму мы выступалі супраць? Таму што гэтыя зьмены, яны пакідаюць многа нявырашаных праблемаў. А калі зараз яны адбудуцца, то да новых прыдзецца зноў чакаць гадоў трыццаць. Таму мы гаварылі, што калі зараз ня здольны ўсе праблемы разьвязаць, то лепш пачакаць. Але тое, што адбылося, тое адбылося і так агулам гэтыя зьмены ганіць не выпадае. Вельмі многа карыснага ўведзена з таго, што прапаноўвалі незалежныя газэты і колішняя “Пагоня” пісала сваім правапісам, так як “Наша Слова” піша і так далей”.

Станіслаў Суднік зазначае: у новых правілах “ёсьць такія пасажы, што адпраўляюць проста ў слоўнік, невядома ў які, хто яго будзе складаць?” Засталіся таксама многія праблемы выключэньняў з правілаў, кажа ён і падсумоўвае:

“У сучасных умовах распрацоўнікі, Інстытут мовазнаўства, яны не маглі падыйсьці да гэтага пытаньня больш радыкальна. Таму што мяккі знак трэба ўводзіць для зьмякчэньня, яканьне на прыназоўнікі трэба распаўсюджваць. Каб гэтыя дзьве пазыцыі былі вырашаны, ужо было б значна прасьцей”.

Паэт і журналіст Юры Гумянюк жыве ў Горадні, ён мяркуе наступнае:

Юры Гумянюк
“Рана ці позна трэба было мяняць правапіс. Я не магу ацаніць, наколькі гэтыя зьмены на сто адсоткаў спраўдзяцца ў будучыні, але тое, што заўважана тэндэнцыя адыходу ад той старой савецкай граматыкі, гэта трэба вітаць. Асабліва мне спадабалася, што ўжо трэба будзе пісаць “Нью-Ёрк” замест “Нью-Йорк,” гэты момант. І прынцып аканьня, ён спраўджваецца. Канечне, можа нехта чакаў іншых зьменаў, але, наколькі мы ведаем, чыноўнікі нашы не карыстаюцца беларускай мовай. Канечне, каб гэтыя зьмены нейкім чынам паспрыялі папулярызацыі беларускай мовы, асабліва ў асяродзьдзі ўлады, то можа быць у будучыні гэта й адыграла б сваю станоўчую ролю”.



XS
SM
MD
LG