Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Экстрым – наша свабода”


Два дні чыгуначны мост праз раку Сож блізу вёскі Клёнкі Гомельскага раёну стаў месцам Першага неафіцыйнага міжнароднага фэсту па роўп-джампінгу – скачках з вышыні з дапамогай альпінісцкага рыштунку.

Маладая дзяўчына, апаясаная адмысловай амуніцыяй, з дапамогай сяброў падымаецца на мэталічную канструкцыю моста – і пачынаецца зваротны адлік: тры, два, адзін – пайшла!

Узмах рукамі, як крыламі, і за сьпіной дзяўчыны са сьвістам рвецца паветра. Яна імкліва ляціць насустрач цёмнай плыні ракі.

За колькі мэтраў да вады страховачныя вяроўкі, якія кантралююць зь берагу дасьведчаныя экстрэмалы, выводзяць дзяўчыну з вэртыкальнага палёту на траекторыю звычайных арэляў.


“Касманаўтку” завуць Валянцінай (на здымку), яна – зь Менску, прафэсыйны эканаміст. Такім экстрэмальным спортам займаецца ўжо не адзін год:

“Мне вельмі спадабалася: адрэналін! Шмат вострых адчуваньняў. Людзі, зь якімі я люблю гаварыць”.

Асьпірантку Сьвятлану экстрым прыцягвае магчымасьцю самааналізу, пераадоленьня страху:

“Заўсёды страшна, і трэба сябе перамагчы, даць сабе ўнутраны імпульс, каб зрабіць крок. Гэта праца над сабой, над сваімі страхамі. Зьяўляецца ўпэўненасьць”.


Фэстываль арганізавала менская каманда экстрыму P.R.A.D. (на здымку). У ліку яе актыўных чальцоў і мянчук спадар Зьміцер:

“Фэстываль атрымаўся сапраўды міжнародны – прыехалі каманды з Расеі, Украіны, Польшчы. Усе былі на гэтым мосьце. Гэта ўсё людзі, якія ня любяць спакойна ляжаць на пляжы, а любяць атрымліваць порцыю адрэналіну ў сваю кроў Людзі становяцца іншымі. Гэта неафіцыйны від спорту, але гэта ўсё такі спорт. Тут патрэбны добрая фізычная й псыхалягічная падрыхтоўка. Нашы дзеяньні ні пад які артыкул не падпадаюць. Аднак у прахожых гэты выклікае часам шаленства, калі яны бачаць, як людзі скачуць з моста”.

Праўда, не ва ўсіх. У шэрагах джампэраў аказаўся малады гамяльчук Зьміцер. За два выходныя дні скокнуў з моста пяць разоў. Зарабіў ладнага сіняка на назе, але й настрою прыбавілася:

“Эмоцый было шмат. Скакаў “тралейбусам” і ад эмоцый вельмі моцна крычаў. За гэта далі прыз і грамату як найлепшаму гарлапану. Застаўся сіняк, але я сам вінаваты, бо кепска зацягнуў рамяні-праціходы на нагах”.

Беларускае міністэрства спорту й турызму ня прызнае роўп-джампінг спортам і ніякім чынам не падтрымлівае яго.


Галоўны арганізатар фестывалю спадар Даніла, па прозьвішчу Зьмей (на здымку), кажа на гэта:

“На гэтым нельга зарабіць грошы. Гэта – наша свабода, гэта – спорт для людзей, якія любяць экстрым. Гэта нельга аднесьці ні да альпінізму, ні да чаго-небудзь падобнага. Гэта такі асобны рух. У Амэрыцы ён разьвіты, ва Ўкраіне таксама афіцыйна падтрымліваецца. Ёсьць афіцыйныя каманды ў Расеі. У нас гэта неафіцыйна, мы ўсё робім на свой страх і рызыку”.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG