Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо больш за 16 гадзін у цэнтры гораду лунае бел-чырвон-белы сьцяг. Раней міліцыя і супрацоўнікі МНС здымалі “Міронавы” сьцягі цягам гадзіны пасьля зьяўленьня.

Паводле старэйшага віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайды, бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся на даху дома №31 на рагу вуліц Багдана Хмяльніцкага і Жасткова мінулай ноччу. Праз пэўны час міма пачалі езьдзіць міліцэйскія машыны, і апазыцыянэр быў пэўны, што нацыянальны сымбаль вось-вось будзе скінуты на дол, як было ва ўсе мінулыя разы. Аднак сёньня зранку спадару Хамайду пачалі тэлефанаваць узрушаныя жыхары Віцебску, распавядаючы, што недалёка ад Плошчы Перамогі лунае забаронены сымбаль.

Зусім блізка ад жылой пяціпавярхоўкі са сьцягам на даху месьцяцца абласны суд і абласная пракуратура. Гэтая акалічнасьць навяла спадара Барыса Хамайду на думку пра тое, што міліцыянты, мажліва, атрымалі ўказаньні не чапаць сьцяга. Спраўджваць гэта апазыцыянэр не бярэцца: раптам службоўцы проста не дагледзелі, і сьцяг адразу здымуць.
XS
SM
MD
LG