Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 25 жніўня, панядзелак.


Памочнік намесьніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Дэвід Мэркель падчас свайго візыту ў Беларусь заявіў, што Злучаныя Штаты Амэрыкі чакаюць ад афіцыйнага Менску новых крокаў дзеля паляпшэньня стасункаў. Нагадаю, што гэты візыт адбыўся пасьля вызваленьня з турмаў палітычных зьняволеных. Камэнтары слухачоў:

Спадар: “Наступным крокам у справе прыцягненьня заморскіх інвэстыцый Лукашэнка павінен адкласьці выбары, зьмяніўшы выбарчы закон і ЦВК. А каб Сурыкаў шмат не размаўляў, трэба і ў яго зьняць адбіткі пальцаў”.

Спадарыня Галіна, Магілёў: “Пры вялікім жаданьні Захаду, Эўразьвязу і ЗША, якім бы дужым ні аказаўся Лукашэнка, раструшчылі б. Усё залежыць, як у кузьні ў каваля, ад тэмпэратуры і ўдару”.

Зборная Беларусі на Алімпіядзе ў Пэкіне здабыла 19 узнагародаў, у тым ліку чатыры залатыя мэдалі. Адмыслоўцы называюць гэта найлепшым вынікам за час выступленьня беларусаў самастойнай камандай. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Спадар Валер, Барысаў: “Барысаўчанін Андрэй Раманаў, як той асілак-каваль, першым здабыў залаты мэдаль. А на ім выбітыя лепшыя чалавечыя рысы. Адзін мэдаль з гонарам едзе ў спартыўны Барысаў”.

Спадар: “Я наконт алімпійскай эйфарыі і посьпехаў нашай беларускай каманды. Так адбылося не таму, што яны былі мацнейшымі, а таму што слабейшымі былі супернікі. Вазьміце нашу Несьцярэнку. Вось яна адзін раз узяла залаты мэдаль, і ўсё. А цяпер апошнія месцы бярэ, і больш ніколі ня возьме. Такі лёс гэтых спартоўцаў”.

Спадар: “А гэтыя мэдалі — ня больш чым цацкі. Што за гэтымі мэдалямі стаіць? Хто зь іх, акрамя Парфяновіча, цікавіцца палітыкай? Чхалі яны на гэтую палітыку. Зарабляюць там сабе… І ня столькі зарабляюць, колькі абдзіраюць просты народ сваімі непамернымі ганарарамі!”

Два тыдні застаюцца пад арыштам дырэктар і супрацоўніца прадпрыемства па продажы сокаў “Садочак”. Пакунак з-пад гэтага соку фігуруе ў справе выбуху ў Менску 4 ліпеня. Тэлефанаваньне слухачкі:

Спадарыня: “Патлумачце, калі ласка, якія абвінавачваньні былі прад’яўленыя кіраўнікам фірмы “Садочак”. Калі іх датычнасьць да выбухаў у тым, што яны гэты пачак соку паставілі, то ў такім выпадку трэба арыштаваць кіраўнікоў лёгкай прамысловасьці, харчовай, бо напэўна ж тэрарыст прыйшоў ня голы і не галодны на гэтае сьвята. Сьпіс арыштаваных можа быць бясконцым”.

Выказваньне камэнтуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

“Сьледчыя могуць падазраваць каго заўгодна, праводзіць нейкія сьледчыя мерапрыемствы. Галоўнае, каб яны гэтае сьледзтва сапраўды праводзілі, а не фантазіравалі і не навешвалі гэтыя выбухі на нейкіх зручных для іх людзей. А такія выпадкі здараюцца”.

“Расея са сваёй iмпэрскай акупацыяй супраць Грузii ўяўляе страшную пагрозу для Эўропы. Узгадайце Эстонiю, Украiну!” — піша ў СМС-лісьце наш слухач Андрусь. Міжнародная палітыка — тэма наступных тэлефанаваньняў.

Спадар: “Усіх украінцаў — з Днём незалежнасьці”.

Спадар Уладзімер, Мозыр: “Вы ўспомнілі падзеі ў Чэхаславакіі ў 1968 годзе. Чамусьці вы ня ўспомнілі падзеі 12 траўня 1945 году, калі ўсе цалаваліся А ў 1968 годзе пакаленьне, якое вырасла на амэрыканскіх жуйках, ужо пачало крычаць: “Іван, ідзі дахаты!” Хутка перабудаваліся славяне”.

Выказваньне камэнтуе палітоляг Аляксандр Класкоўскі:

“Па-першае, перамога над фашызмам ня можа быць індульгенцыяй. Па-другое, нікога нельга ашчасьлівіць гвалтам. Тады, у 1968 годзе, чэхі хацелі ісьці сваім шляхам. І, дарэчы, сёньня для Беларусі таксама стаіць пытаньне выбару свайго шляху. І сёньня імпэрскія замашкі Масквы нікуды не падзеліся. Гэтаксама як чэскаму шляху перашкаджала камуністычная імпэрыя сорак гадоў таму”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG