Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора ў Пэкіне завяршыліся ХХІХ Алімпійскія гульні. У іх узялі ўдзел спартоўцы з 205 краінаў, прадстаўнікі 87 краінаў сталі прызёрамі.

Пасьпяховымі гульні ў Кітаі былі і для беларусаў: нацыянальная зборная пабіла адразу два ранейшыя рэкорды – па узнагародах найвышэйшай вартасьці і агульнай колькасьці мэдалёў.

Выключэньнем хіба тыя спартоўцы, на якіх ускладаліся канкрэтныя мэдалёвыя спадзяваньні, рэалізаваць якія не ўдалося. У прыватнасьці, наўрад ці могуць занесьці ў актыў бронзавыя ўзнагароды шматразовыя чэмпіёны сьвету Кацярына Карстэн ці Іван Ціхан. Зусім без мэдалёў засталіся алімпійскія чэмпіёнкі мінулых гадоў Юлія Несьцярэнка, Яніна Карольчык і Эліна Зьверава, а таксама прызэры мінулай Алімпіяды велясыпэдыстка Натальля Цылінская, баксёр Віктар Зуеў ды іншыя. У кожнага сваё тлумачэньне адносна няспраўджаных вынікаў.

Для гарадзенскага стралка Канстанціна Лукашыка гэтая Алімпіяда стала ўжо пятай у спартовай кар’еры. Чэмпіёнам Алімпійскіх гульняў ён стаў у далёкім ужо 1992 годзе ў Барсэлёне, калі ў 16-гадовым узросьце нечакана для ўсіх заваяваў залаты мэдаль. У Пэкіне Канстанціну адзначыцца не ўдалося. Ці паспрабуе паўтарыць свой посьпех праз чатыры гады ў Лёндане?

“Убачу Лёндан ці не – гэта яшчэ як на лёсе напісана. Але я мяркую, што зрабіць Гульні так, як зрабілі ў Кітаі, ніхто лепш ня здолее. Што тычыцца выступу, то проста не пасьпеў падрыхтавацца. Але, безумоўна, удзел у Алімпійскіх гульнях -- гэта перш за ўсё досьвед”, – кажа Канстанцін Лукашык.

За гэтыя два тыдні давялося пагаварыць шмат зь якімі ўдзельнікамі Алімпійскіх гульняў. Абсалютная бальшыня суразмоўцаў насамрэч адзначаюць калясальную працу, зробленую гаспадарамі Гульняў. Ужо згаданы алімпійскі чэмпіён Канстанцін Лукашык агучвае, бадай, самае распаўсюджанае сярод спартоўцаў і экспэртаў меркаваньне: пераўзыйсьці кітайцаў у арганізатарскіх здольнасьцях нарад ці каму ўдасца:

“Калі браць чыста спартовы падыход, то ў прынцыпе зь іншымі аналягічнымі спаборніцтвамі розьніцы няшмат. А калі глядзець з боку арганізацыйнай падрыхтоўкі, то практычна ўсё бездакорна. І я лічу, што лепшай Алімпіяды наўрад ці хто зробіць. Была добрая Алімпіяда ў Гішпаніі ў 1992 годзе, але прайшло ўжо шмат гадоў. А на цяперашнім узроўні, думаю, ніхто кітайцаў не пераплюне – ні адказнасьцю, ні арганізацыяй. Цяжка нават уявіць, што можна зрабіць лепш, бо арганізацыя, яшчэ раз паўтару, увогуле бездакорная. Стаўленьне да спартоўцах вельмі добрае. Вельмі многія нюансы ўлічылі арганізатары, якія на першы погляд нават не заўважаеш. І толькі ўжо калі жывеш у Алімпійскай вёсцы, бачыш стаўленьне да цябе, разумееш: яны прадумалі амаль што ўсё. Малайцы”.

Калі падсумаваць выступ беларускіх спартоўцаў у Пэкіне, дык апошні тыдзень алімпіяды быў досыць нечаканы. Толькі вялікі аптыміст мог прадбачыць, што Беларусь здолее кардынальна выправіць сваю мэдалёвую статыстыку – як у сэнсе залатых мэдалёў, так і датычна агульнай колькасьці атрыманых узнагародаў.

Алімпіяду задоўга да яе пачатку называлі адной з самых спэцыфічных, даючы зразумець, што ў пагоні за ўзнагародамі кітайцы не пакінуць ніякіх шанцаў супернікам. Узровень падрыхтоўкі гаспадароў спаборніцтваў сапраўды на галаву пераўзыйшоў іншых – больш за паўсотні залатых мэдалёў на тле 36 у бліжэйшых канкурэнтаў, амэрыканцаў.

Аднак у такой сытуацыі некаторыя каманды прадэманстравалі выбітныя вынікі. Бадай, самай вялікай нечаканасьцю адзначылася пэкінская Алімпіяда для гаспадыні наступных Алімпійскіх гульняў, Вялікай Брытаніі, якая здабыла ўзнагародаў больш, чым за часы выступаў на Алімпійскіх гульнях за апошнія сто гадоў.

Нечым падобным можа пахваліцца і Беларусь – яшчэ ніколі ў актыве нацыянальнай каманды не было такой колькасьці узнагародаў. Прычым з агульных 19 мэдалёў чатыры – алімпійскія золаты. Героямі гульняў сталі штангіст Андрэй Арамнаў, кідальніца молату Аксана Мянькова, весьляры Аляксандар і Андрэй Багдановічы, а таксама экіпаж беларускай байдаркі-чацьвёркі. Пяць разоў беларусы ўздымаліся на другую прыступку п’едэсталу, 10 разоў – на трэцюю.

Заўтра апошнія беларускія ўдзельнікі Алімпіяды ў Пэкіне вернуцца ў Беларусь. Усім алімпійскім прызёрам дзяржава паабяцала прэміяльныя – 100 тысяч даляраў за першае месца, 50 тысяч за другое і 30 тысяч – за трэцяе. Апроч таго, яны атрымаюць кватэры ў дамах палепшанай пляніроўкі.

XS
SM
MD
LG