Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША чакаюць новых крокаў да паляпшэньня стасункаў


Дэвід Мэркель

Дэвід Мэркель

Пра гэта заявіў у часе свайго візыту ў Менск памочнік намесьніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Дэвід Мэркель.

Пад час візыту Дэвід Мэркель правёў шэраг сустрэчаў: зь міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, намесьніцай кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Пяткевіч, старшынёй Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай, кіраўніком місіі назіральнікаў АБСЭ Гертам Арэнсам і амбасадарамі краінаў Эўразьвязу.

Таксама спадар Мэркель сустрэўся з адзінаццацю прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі. Адзін зь іх, старшыня Народнай грамады Мікола Статкевіч, заявіў:
Улада атрымала выдатны шанс, дзякуючы гэтаму візыту, паменшыць кошт на газ на наступны год. М.Статкевіч


“У Амэрыкі ёсьць спадзяваньні, што ў Беларусі магчымая нейкая дэмакратызацыя, што на нейкія крокі будзе зроблена паляпшэньне клімату на выбарах. Акрамя таго, Амэрыка хацела б, безумоўна, аднавіць дзейнасьць сваёй амбасады. І таму калі ўлада адпусьціла палітвязьняў, адразу скарысталі гэту магчымасьць, каб зьнізіць напружанасьць у адносінах. Але спадзяваньні на тое, што выбары будуць выбарамі хоць у невялікай ступені – абсалютна марныя. Але ў любым выпадку такія кантакты – гэта добра для ўлады. Бо гэта дае магчымасьць прыбраць эканамічныя санкцыі. І самае галоўнае – гэта выдатны козыр на перамовах з Расеяй. Улада атрымала выдатны шанс, дзякуючы гэтаму візыту, паменшыць кошт на газ на наступны год”.

Вынікі сустрэчаў не камэнтуюць ні намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч, ні амбасада ЗША. У міністэрстве замежных справаў заявілі, што бакі абмеркавалі шляхі і крокі да паляпшэньня стасункаў.

Дэвід Мэркель заявіў, што маючыя адбыцца выбары ў Беларусі вельмі важныя. “Калі ўлады створаць спрыяльныя ўмовы: і кандыдаты, і выбарцы змогуць прымаць удзел у выбарах, гэта будзе крокам да паляпшэньня стасункаў”, – заявіў ён у інтэрвію “Комсомольской правде” в Белоруссии”.

Спадар Мэркель адзначыў, што амэрыканскі бок будзе сачыць за ходам выбарчай кампаніі: за рэгістрацыяй кандыдатаў, за ўмовамі іх доступу да выбарцаў, складам выбаркамаў. Таксама амэрыканскі бок клапоціцца станам здароўя зьняволенага ў Беларусі грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра. Ён зацікаўлены у нармальных стасунках афіцыйнага Менску з амбасадай ЗША і аднаўленьні яе ранейшай колькасьці. Спадар Мэркель заявіў, што амэрыканскі бок пасьля вызваленьня палітвязьняў будзе вітаць іншыя крокі афіцыйнага Менску.

Міжнародны каардынатар “Хартыі-97”, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў заявіў, што візыт меў важнае значэньне:

“Прынцыповая і даволі жорсткая пазыцыя ЗША абгрунтаваная маральнымі матывамі дапамагла выратаваць палітвязьняў з-за кратаў. І гэта была рэакцыя таго, што, калі беларускі бок пайшоў насустрач патрабаваньням міжнароднай супольнасьці, то ЗША на самым высокім узроўні гатовы працягваць абмяркоўваць ці магчыма рухацца далей.
Прызнаньне рэжыму ў яго існай форме – гэта будзе проста вялікай памылкай. А.Саньнікаў


Вельмі вялікае жаданьне насамрэч палепшыць стасункі зь Беларусьсю і ўбачыць, што нешта пачало рухацца ў Беларусі. Такое вялікае, што яны нават не заўсёды ўлічваюць нашу рэчаіснасьць. Ёсьць спадзяваньне, што выбары могуць нешта зьмяніць, але ж сытуацыя не спрыяе, каб называць гэтыя выбары нават мінімальна празрыстымі і дэмакратычнымі. А прызнаньне рэжыму ў яго існай форме – гэта будзе проста вялікай памылкай. Тым ня менш, ёсьць спадзяваньне, што нешта будзе мяняцца. І ЗША яшчэ раз нагадалі, што яны гатовы былі б успрымаць станоўчыя крокі беларускіх уладаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG