Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці навучацца ў Беларусі рабіць сацыяльную рэкляму?


У Менску праходзіць міжнародны фэстываль сацыяльнай рэклямы “Грамадзянін”.

Заля кінатэатру была запоўненая цалкам. Уваход быў бясплатным, дзякуючы, у тым ліку, генэральнаму спонсару фэста – прадпрыемству "Лента". Яно, да слова, летась прадала каля 2 мільёнаў флікераў. Відавочна, такія высокія продажы забясьпечыла і рэкляма – прычым не камэрцыйная, а сацыяльная. Тая, што ў шэрагу мерапрыемстваў кампаніі Міністэрства ўнутраных спраў “Мінус сто”.

У фэстывалі бярэ ўдзел 51 сацыяльны ролік. 12 зь іх – беларускія. Пераможцу вызначаць гледачы кінатэатру цягам месяца. Ролікі выбарачна будуць дэманстраваць перад кінасэансамі, а потым зьбіраць меркаваньні з дапамогай анкет.

Наўрад ці сярод пераможцаў будуць ролікі беларускай вытворчасьці. Прынамсі, ад наведнікаў слоў захапленьня ў бок айчыннага крэатыву я не дачакалася:

Хлопец: “Паставілі ролікі нашы ролікі ДАІ ўперамешку з адпаведнымі эўрапейскімі і стала відавочна: можна рабіць у шмат разоў лепшае. Але гэта таксама вынік: стала зразумелым, КУДЫ рухацца”.

Дзяўчына: “Было шмат сапраўды якасных, добрых ролікаў. Па якасьці беларускія прайгравалі моцна. Мне асабіста вельмі спадабаўся слоган англійскай кампаніі барацьбы зь перавышэньнем хуткасьці на дарогах: “To every K over kills”. То бок, кожны “К” перавышэньня, – маецца наўвазе К як кілямэтар – забівае”.

Генэральны прадусар фэстывалю Аляксандар Нікалайчук пагадзіўся з тым, што беларуская сацыяльная рэкляма “кульгае”. Прычыны ён бачыць у кадравым голадзе:

“Ну, у нас увесь бізнэс кульгае айчынны, таму і сацыяльная рэкляма, як дадатак да камэрцыйнай рэклямы, таксама кульгае. На мой погляд, асноўная прычыны – адток крэатыўных людзей з рэклямнага рынку. Таленавітыя крэатыўныя людзі зьяжджаюць працаваць у Кіеў, Маскву, Санкт-Пецярбург. Яны там разьвіваюцца, атрымліваюць ўзнагароды на конкурсах, зарабляюць добрыя грошы. Там значна большыя бюджэты рэклямныя. А вялікія бюджэты дазваляюць запрасіць на працу добрых адмыслоўцаў, якія эфэктыўна працуюць..."

Пакуль арганізатары фэстывалю “Грамадзянін” мяркуюць ладзіць яго штогод. І спадзяюцца, што прыклад сацыяльнай рэклямы замежнікаў пойдзе на карысьць айчыннай.
XS
SM
MD
LG