Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнай навіной выбарчай кампаніі на гэтым тыдні стала значнае зьніжэньне цікавасьці да яе з боку патэнцыйных кандыдатаў у дэпутатаў.

Паводле Цэнтарвыбаркаму, дакумэнты на рэгістрацыю ва ўсіх 110 акругах здалі толькі 365 чалавек. На папярэдніх парлямэнцкіх выбарах ахвотных стаць дэпутатамі на той час было амаль удвая больш – 692. Калі ж і апазыцыйныя палітыкі вырашаць зьняцца з выбараў, дык сярэдні конкурс на адно дэпутацкае месца ледзьве перавысіць двух прэтэндэнтаў.

Усе мае суразмоўцы пагаджаюцца – выбары ў Палату прадстаўнікоў рэзка страчваюць для іх цікавасьць. Але розныя людзі даюць і рознае тлумачэньне, чаму так адбываецца.

Прыкладам, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік лічыць, што найперш гэта віна палітычных партыяў. Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка гаворыць, што партыя магла б вылучыць значна больш прэтэндэнтаў, але яна, як і іншыя, абмежаваная адзіным сьпісам вылучэнцаў ад Аб’яднаных дэмсілаў. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына мяркуе, што сытуацыя, якая склалася, ёсьць адлюстраваньне цяперашняга палітычнага стану грамадзтва...

Палітоляг Юрась Чавусаў адзначае: згаданыя меркаваньні ў той ці іншай ступені адпавядаюць рэчаіснасьці:

“Адрозна ад стратэгіі 2004 году апазыцыйныя палітычныя партыі дамагліся таго, што апазыцыйны сьпіс складаецца па прынцыпе – адзін кандыдат на адну акругу. На папярэдніх парлямэнцкіх выбарах была кампанія 110+110, то бок два кандыдаты на адной акрузе.

Нашмат зьменшылася колькасьць вылучэнцаў ад лібэральна-дэмакратычнай партыі. Гэта азначае, што марыянэткавая апазыцыя больш беларускаму рэжыму не патрэбна. Бо ёсьць сэнтэнцыя да ўключэньня ў парлямэнт прадстаўнікоў сапраўдных апазыцыйных партыяў. Гайдукевічу далі гэта зразумець. І таму замест звыклай сотні кандыдатаў ЛДП вылучае толькі 7”.

Спадар Чавусаў цьвердзіць, што ёсьць і больш грунтоўная прычына страты папулярнасьці выбараў, нават з боку ўладных структураў:

“Прыклад з ЛДП гэта паказьнік таго, наколькі страчаная вера ў тое, што выбары цягнуць за сабою нейкі шанец патрапіць у структуру ўлады. Для ўсіх відавочна, што выбары ператварыліся ў звычайную адміністратыўную працэдуру. І тое, хто атрымае дэпутацкі мандат, вызначаецца зусім не на выбарчых участках, а вызначаецца адміністратыўным шляхам.

І відавочна сёлета скарацілася колькасьць, назавем іх так, дзікіх палітыкаў. Гэта тыя, хто на хвалі ўласнай папулярнасьці ўнутры раёна, выбарчай акругі праз пэўныя грамадзкія дзеяньні альбо бізнэс-уплыў, спрабаваў патрапіць у Палату прадстаўнікоў”.

Разважаньні палітоляга падмацоўваюцца і статыстычнымі дадзенымі. Сама меней у шасьці акругах выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў пройдуць без альтэрнатывы. Тут на рэгістрацыю ў якасьці кандыдата ў дэпутаты здалі дакумэнты толькі па адным чалавеку. Калі ж акруговыя камісіі будуць рэгістраваць прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты гэтак сама як і на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах, то такіх акругаў значна паболее. А гэта яшчэ больш зьнізіць цікавасьць да выбараў.

Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка кажа: прэтэндэнты ад аб’яднаных дэмсілаў не байкатавалі гэты этап выбарчай кампаніі. Толькі некалькі чалавек не падавалі дакумэнты на сваю рэгістрацыю. Ім альбо перашкаджалі, альбо яны не змаглі сабраць неабходную тысячу подпісаў у сваю падтрымку:

“Дзе падкопы ўлады, а дзесьці выявіліся і праблемы з кандыдатамі. Я наагул лічу, што гэта памылка (і зараз яна відавочная), што вылучалі кандыдатаў ва ўсе акругі. Каб правесьці кампанію, трэба мець каманду чалавек 100 ці хаця б 80. А што могуць зрабіць 10 чалавек?

Таму, можа, гэта і была памылка вылучаць ва ўсе акругі. Трэба было выбраць ударныя, і там правесьці добрыя выбарчыя кампаніі”.

На наступным тыдні акруговыя камісіі зацьвердзяць кандыдатаў у дэпутаты. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік распавядае:

“Рэальная рэгістрацыя пачнецца дзесьці 26-27-га жніўня. У нас агульная такая ўстаноўка – каб ніхто не крыўдзіўся, і ўсе маглі пачаць агітацыю ў акрузе ў адзін дзень, акруговая камісія правярае ўсіх прэтэндэнтаў. І ў адзін дзень праводзіць рэгістрацыю ў акрузе”.

Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька пацьвярджае, што рашэньне аб далейшым удзелу альбо ня ўдзелу ў выбарчай кампаніі будзе прынятае, як і плянавалася, 31-га жніўня:

“Відавочна, што простага рэцэпту паводзінаў не існуе. Ёсьць плюсы і мінусы. І трэба ўсё ўзважваць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG