Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску абмяркоўвалі найноўшы літаратурны працэс


Сёньня ў нямецкім інфармацыйным цэнтры ў Менску працуе літаратурная кавярня.

Што адбываецца ў сучаснай беларускай літаратуры, якія імёны і праекты заслугоўваюць асаблівай увагі, а якія хутчэй нагадваюць “голых каралёў”? Дзее варта чытачу шукаць новыя гарызонты, а аўтару – новыя шляхі? І наагул, ці ня міт сучасная беларуская літаратура?

Сёньня ў нямецкім інфармацыйным цэнтры ў Менску працуе літаратурная кавярня. Сюды прыйшлі аматары літаратуры – запрашалася шмат больш народу, прадстаўнікі абодвух саюзаў пісьменьнікаў – на жаль, ня ўсе прыйшлі, з афіцыйнага саюзу не прыйшоў ніхто.

Пытаюся ў куратаркі праекту Ірыны Герасімовіч – што яны хочуць гэтым праектам засьведчыць?

Герасімовіч: “Праект – гэта пляцоўка для таго, каб прэзэнтаваць беларускамоўную і нямецкамоўную літаратуру ў дзьвюхмоўным фармаце для абодвух бакоў, беларускага і нямецкага. Мы ладзім чытанкі, сэмінары па клясычнай літаратуры, а таксама дыскусіі накшталт той, якая сёньня ў нас тут і адбываецца”.

Зь лекцыяй выступіў Зьміцер Вішнёў. Паводле яго, лекцыя – гэта своеасаблівы макет найноўшага беларускага літаратурнага ляндшафту. Што і каго б вы хацелі пачуць у дыскусіі наконт гэтай лекцыі, Зьміцер?

Вішнёў: “Я сказаў напачатку, што я буду суб’ектыўным, як і кожны крытык, у сваёй ацэнцы таго літаратурнага працэсу, які назіраецца ў Беларусі. Вядома, што кожны крытык у нас адзначае адны імёны і не заўважае іншых. Таму гэта ўсё спрэчна, з аднаго боку...

Чым гэтая лекцыя правакацыйная, дык гэта тым, што я выказваў сваё скептычнае меркаваньне наконт пэрыядычных выданьняў, прычым ня толькі дзяржаўных, але і недзяржаўных, казаў пра іх недахопы і пралікі. Таму мне вельмі цікава, як на гэта адрэагуюць прадстаўнікі іншых выданьняў. Тут ёсьць і Віка Трэнас зь дзяржаўнага часопісу “Маладосьць”, і Анатоль Івашчанка з часопісу “Дзеяслоў”, ёсьць самыя розныя творчыя людзі, і я думаю, што яны мне скажуць нешта добрае...”
XS
SM
MD
LG