Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёў: 10000 подпісаў супраць закрыцьця Дома быту


Дзесяць тысяч подпісаў сабралі прадпрымальнікі супраць закрыцьця магілёўскага цэнтру бытавога абслугоўваньня.

Гарвыканкам 22 ліпеня пастанавіў прадаць з аўкцыёну будынак цэнтру. Чыноўнікі аргумэнтуюць закрыцьцё неабходнасьцю рэканструкцыі будынка. З афіцыйных крыніц вядома, што пасьля рамонту Дом быту стане часткай гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Сабраныя подпісы прадпрымальнікі зьбіраюцца паслаць прэзыдэнту й ва ўрад.

Будынак Дома быту знаходзіцца ў цэнтры Магілёва, акурат насупраць гарвыканкаму. Яго ўзьвялі ў 1973 годзе і дагэтуль ні разу не рамантавалі. Ва ўправе маёмасьці кажуць, што рамантаваць будынак зьбіраюцца два гады. Што ўзамен прапануюць прадпрымальнікам? Гаворыць супрацоўніца ўправы:

“Кожны на гэты час хоча мець памяшканьні ў цэнтры, гэта ж ідэальны варыянт. Мы ўсе віды гэтых паслуг захоўваем і тыя плошчы, якія яны займаюць, яны будуць мець права ўдзельнічаць у рэканструкцыі і атрымаць гэта ва ўласнасьць альбо па сканчэньні рэканструкцыі цягам трох год арэндаваць па дзяржаўных стаўках”.

Прадпрымальнікам гарвыканкам паведаміў, што пастанова пра продаж Дома быту з аўкцыёну дзеля яго рэканструкцыі прынятая сёлета 22 ліпеня. Ці прададзены будынак, на гэты час высьветліць не ўдалося.

З матэрыялаў мясцовай прэсы вядома, аднак, што яшчэ на пачатку гэтага году гаспадаром зямельнай дзялянкі памерам у паўтара гектары, на якой месьціцца Дом быту, стала зарэгістраванае ў Менску замежнае прадпрыемства “Ларсанда”. Яно атрымала права пяцідзесяцігадовай арэнды на гэтую дзялянку.

Запэўніваньням чыноўнікаў прадпрымальнікі ня вераць. За няпоўныя тры месяцы яны сабралі дзесяць тысяч подпісаў сваіх кліентаў супраць закрыцьця Дома быту.

“Куды дзенемся мы на пэрыяд рэканструкцыі? Гэта пытаньне. Застаецца беспрацоўных шмат. Тыя памяшканьні, якія нам прапануюць, відавочна не пасуюць, каб абслугоўваць насельніцтва. Даюць у тых месцах, куды народ ніколі ня пойдзе”, — зазначае ўладальнік абутковай майстэрні.

У Доме быту арандуюць памяшканьні каля сарака прадпрымальнікаў. Некаторыя зь іх кажуць, што агулам яны даюць працу ста васьмідзесяці чалавекам.

Арандатары сумняюцца і ў тым, што пасьля рэканструкцыі Дом быту захавае свой цяперашні статус:

“Гэты будынак зойме зусім іншы бізнэс. Менавіта сэрвіс-цэнтра ўжо ня будзе існаваць”, — лічыць уладальнік мэханічнай майстэрні.

Сытуацыя з Домам быту прадпрымальнікаў не задавальняе. А што лічаць іх кліенты?

Спадар: “Вельмі патрэбны. Я сёньня прыйшоў пастрыгчыся, у ювэлірную майстэрню, у мяне ланцужок парваўся, а калі ня будзе, давядзецца езьдзіць у Менск”.

Спадарыня: “Каля на рэканструкцыю, то можна. Аднак я чула, што яго хочуць выкупіць і зрабіць нейкі гульнёвы цэнтар. Мне гэта не падабаецца. У нас і так гэтых цэнтраў, нібыта мы такія заможныя”.

Спадар: “Канечне, ён патрэбны. Я тут таксама некалі працаваў. Канечне, ён патрэбны ўсяму гораду”.

Былы наёмны работнік майстэрні па рамонце абутку ў Доме быту Валадар Цурпанаў лічыць, што дзесяць тысяч подпісаў ня будуць важкім довадам у абароне правоў прадпрымальнікаў:

“Людзям, якія падпісаліся, трэба сабрацца й засьведчыць цьвёрдасьць сваіх намераў адстаяць сваё права менавіта што да зручнасьці атрыманьня паслугаў. Чалавек некуды прыходзіць і становіцца пад вокны начальства зь сям’ёй, з суседзямі, а гэта ўжо вялікая грамада. Тады трэба даваць адказ па сутнасьці. А паколькі кліенты выступаюць у такой ролі адасобленай, то я ня думаю, што іх можна падахвоціць да такіх дзеяньняў”.

Валадара Цурпанава звольнілі згодна з указам прэзыдэнта, які забараняў прадпрымальнікам выкарыстоўваць наёмных работнікаў. У лютым Цурпанава пакаралі дзесяцьцю суткамі арышту за арганізацыю мітынгу прадпрымальнікаў на плошчы Леніна ў Магілёве.

Прадпрымальнікі Дома быту прызнаюць, што ня здольныя самі арганізавацца і арганізаваць сваіх кліентаў на больш радыкальныя дзеяньні. “Сабраць подпісы — гэта адзінае, на што мы здольныя цяпер. Подпісы мы пашлём прэзыдэнту і ва ўрад”, — зазначаюць яны.

Што да цэнтраў комплексных бытавых паслугаў, то, паводле ўправы гандлю, у Магілёве іх пяць. Чатыры іх зь іх знаходзяцца на гарадзкой пэрыфэрыі.

XS
SM
MD
LG