Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква паабяцала, што яе баявыя часткі будуць выведзеныя з грузінскай тэрыторыі сёньня да восьмай гадзіны мясцовага часу. Аднак няма яснасьці, куды менавіта расейцы адступяць.

Зразумела, ня йдзецца пра тое, што расейскія войскі выйдуць з тэрыторыі Абхазіі ці Паўднёвай Асэтыі. Гаворка ідзе пра вывад расейскіх жаўнераў з грузінскай тэрыторыі, якая перад выбухам расейска-грузінскага канфлікту 6-7 жніўня была пад кантролем Тбілісі.

Аднак Масква ўпарта гаворыць пра сваю „зону адказнасьці”, якая мае быць абазначаная новазбудаванымі расейскімі вайсковымі пастамі. Раней Масква згадвала пра „буфэрную зону” вакол Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Ніхто дакладна ня ведае, дзе будзе пралягаць гэтая „зона адказнасьці” ці „буфэрная зона”.

Генэрал Анатоліь Нагавіцын, намесьнік начальніка Генэральнага штабу Расеі, ужо некалькі дзён запар паказваў журналістам у Маскве мапы, якія мелі дапамагчы ім у зразуменьні, куды ж менавіта адступяць расейскія войскі. Сёньня Нагавіцын сказаў:

„Адміністрацыйная мяжа Паўдзёвай Асэтыі ня мае прамалінейнага ўчастку. Яна нанесеная тут на мапе. Па ёй ідзе другая лінія пастоў. А на першай мяжы — ломаная лінія міратворчай адказнасьці расейскага міратворчага кантынгенту, якая таксама нанесеная. На ёй — першая лінія нашых пастоў. Восем на першай лініі і дзесяць на другой”.

Пытаньне, аднак, застаецца — ці Масква паказвала гэтыя лініі прэзыдэнту Нікаля Сарказі, калі ён дапамагаў усталёўваць перамір’е? І ці на мапах, якімі карыстаецца Тбілісі, гэтыя лініі абазначаныя так сама?

Тымчасам карэспандэнт Грузінскай службы Радыё Свабода паведаміў, што расейскія войскі сёньня пакінулі горад Горы і пачалі рухацца ў бок Паўднёвай Асэтыі. Надыходзяць таксама паведамленьні, што расейскія войскі пачынаюць пакідаць і тэрыторыю заходняй Грузіі, куды яны ўварваліся з Абхазіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG