Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЖКХ ня бачаць розьніцы паміж беларускай і рускай мовамі


Дэпутат Мастоўскага раённага Савету Зьміцер Кухлей зьвярнуўся ў мясцовае прадпрыемства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі з запытам: чаму новыя шыльдачкі з назвамі вуліц зроблены толькі на расейскай мове?


Адказу ён не атрымаў. Дэпутат, дарэчы, зьбіраецца балятавацца ў Палату прадстаўнікоў як прадстаўнік ад агульнага сьпісу АДС.

Зьміцер Кухлей размаўляе па-беларуску. Ён прачытаў у раённай газэце паведамленьне пра тое, што закуплены новыя вулічныя шыльды.

Кухлей: “Аднак шыльды былі на расейскай мове. Дый у горадзе шыльды ўсе таксама, я прайшоўся, толькі на расейскай мове. Я адразу падрыхтаваў зварот у жыльлёва-камунальную гаспадарку з просьбай патлумачыць сытуацыю, спаслаўся на Закон аб мовах, падкрэсьліў, што мы знаходзімся ў Рэспубліцы Беларусь, дзе нацыянальнай мовай зьяўляецца беларуская, і запатрабаваў, каб выправілі сытуацыю, каб павесілі таксама шыльды на беларускай мове. Але адказу не было, і я даслаў зварот у пракуратуру, каб праверылі жыльлёва-камунальную гаспадарку наконт парушэньня Закону аб статусе дэпутата, таму што мне не адказалі ў патрэбны тэрмін”.

А адказаць павінны былі цягам дзесяці дзён, патлумачыў Зьміцер Кухлей. Я зьвярнуўся ў мастоўскае раённае прадпрыемства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Слухаўку падняў яго дырэктар Сяргей Фралоў і адказаў так:

“А што я магу сказаць? Гэта дзяржаўная мова, якая розьніца — на якой? У чым праблема? Я нейк ня бачу, што адказаць трэба?”

“Вы не адказалі дэпутату райсавету на запыт”, удакладніў я. Спадар Фралоў тады паабяцаў высьветліць, чаму не разабраліся, бо ліст ад Кухлея ён памятае, накіраваў яго сваім супрацоўнікам. Кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі таксама патлумачыў, што новыя вулічныя шыльды закупілі да перапісу насельніцтва, каб павесіць толькі на тых дамах, дзе іх не хапала, каб у будучыні перапісчыкам палегчыць працу. Маўляў, ранейшыя шыльды, якія вісяць даўно, — на расейскай мове, і новыя зрабілі гэткія ж.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG