Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХК нагадвае пра “справу 14-ці”, В.Вячорка — пра А.Кішкурну


“У нашай краіны няма палітвязьняў, але, на жаль, застаюцца палітрэпрэсаваныя”, — зазначаецца ў заяве правааабарончай арганізацыі БХК.


Беларускі Хэльсынскі камітэт нагадвае пра прысуды, вынесеныя па “справе 14-ці”. Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхал Крываў, Міхал Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч, Міхал Субач і Павал Вінаградаў пакараныя двума гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы. Антона Койпіша і Ўладзімера Сяргеева аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (3,5 мільёна рублёў), непаўналетні Максім Дашук пакараны паўтара гадамі пазбаўленьня волі.

“БХК лічыць, што крымінальны (не адміністрацыйны) перасьлед і санкцыі, ужытыя ў дачыненьні да фігурантаў “справы 14”, відавочна не адпавядаюць учынкам, якія яны зьдзейсьнілі, і іхным наступствам”, — гаворыцца ў заяве праваабарончай арганізацыі.

У сваім артыкуле на сайце Партыі БНФ намесьнік старшыні гэтай арганізацыі Вінцук Вячорка нагадвае пра справу сябра партыі Антона Кішкурны.

“Антон Кішкурна быў схоплены ў бацькоўскім доме міліцыяй, якая ўварвалася туды ў адсутнасьць Кішкурнаў-старэйшых бяз ордэру на ператрус, з канкрэтнай мэтай — забраць друкарскую тэхніку… Праз колькі дзён пасьля арышту Антона правялі ператрус у кватэры, якую той здымаў разам зь сяброўкай. Там, паводле пратаколу, была знойдзеная нейкая колькасьць наркатычных рэчываў. Антон Кішкурна быў абвінавачаны й засуджаны паводле арт. 328-2 — незаконнае абарачэньне наркотыкаў. Віны сваёй ён не прызнаў. Асноўным сьведкам на працэсе быў чалавек, неаднаразова суджаны раней за наркотыкі, які сьцьвярджаў, што Антон Кішкурна пастаўляў яму зельле. Дарэчы, незадоўга да працэсу над Кішкурнам ён атрымаў чарговае пакараньне, але ўмоўнае”, — піша спадар Вячорка.

“Я вельмі-вельмі рады, што Аляксандар Казулін, Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч на волі. Але я б не сьпяшаўся гучна абвяшчаць, што ў Беларусі больш няма палітычных вязьняў. Трэба быць дакладнымі й казаць, што вязьні, уключаныя ў міжнародна прызнаны сьпіс, сапраўды вызваленыя (дай Божа, каб незваротна). Але ніхто не забярэ ў нас права патрабаваць свабоды для іншых людзей, засуджаных паводле сумнеўных абвінавачаньняў зь відавочнай палітычнай матывацыяй”, — сканчае свой допіс намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG